Пра гэта на прэс-канферэнцыі ў Мінску 8 чэрвеня паведаміў заснавальнік праекта народны артыст Расіі Андрыс Ліепа.

Паводле яго слоў, сёння дабрачынны фонд імя яго бацькі Марыса Ліепы заключыў пратакол аб намерах з Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатрам оперы і балета.

Ідэя аднаўлення праекта «Рускія сезоны», заснаванага славутым тэатральным дзеячам Сяргеем Дзягілевым у пачатку XX стагоддзя, узнікла ў 1992 годзе, нагадаў Ліепа. Балетныя пастаноўкі аднаўляліся танцоўшчыкамі, якія перадавалі вопыт з пакалення ў пакаленне, паводле эскізаў спектакляў і ўспамінаў гледачоў. Усе пастаноўкі — арыгінальныя, яны не страцілі сваю актуальнасць і праз стагоддзе, адзначыў аўтар праекта.

Спектаклям «Шахеразада» і «Жар-птушка» ў 2010 годзе спаўняецца 100 гадоў. Гэтыя балеты ўжо ўбачылі ў Парыжы. У Мінску паказ плануецца на 22 кастрычніка. Працяг праекта ў Беларусі залежыць ад цікавасці гледачоў, дадаў Ліепа.

Ён паведаміў, што ў межах праекта «Рускія сезоны XXI стагоддзя» было пастаўлена мноства спектакляў у Рымскай оперы, Фларэнцыі (Італія), Марселі (Францыя), Дрэздэне (Германія), Літве. На сцэне Крамлёўскага тэатра адноўлена 10 спектакляў. «Магчыма, у наступным годзе мы прывязем новы рэпертуар і паставім яго сумесна з трупай мінскага тэатра», — сказаў Ліепа.

«На балеце немагчыма зарабіць», — адзначыў Ліепа. Для гастроляў неабходна перавезці 85 акцёраў і два трэйлеры з дэкарацыямі, а на аднаўленне аднаго касцюма для акцёраў патрабуецца ад 2 тыс. еўра, паведаміў ён. «Наша задача — працаваць у сферы рэстаўрацыі, — падкрэсліў ён. — На жаль, многія спектаклі былі страчаны».

Арганізатары пакуль не вызначыліся з коштам білетаў, якія павінны з’явіцца ў продажы пасля заключэння дагавора — праз месяц-паўтара.