Да абрання Гумінскі ўзначальваў камісію па нацыянальнай бяспецы ніжняй палаты.

Выступаючы перад дэпутатамі, Гумінскі заявіў, што ён “апраўдае гонар і давер парламента”. “Я разумею, што пасада намесніка старшыні Палаты прадстаўнікоў — гэта не прывілеі, а дадатковыя абавязацельствы”, — падкрэсліў ён.

“Вам вядомыя мае падыходы да працы Палаты прадстаўнікоў. Сёння парламент — з’яднаная каманда аднадумцаў. У Беларусі створаны эфектыўны механізм арганізацыі нашай дзейнасці на ўсіх кірунках”, — сказаў Гумінскі.

Асноўную задачу Палаты прадстаўнікоў Гумінскі бачыць у тым, каб “на падставе дасягнутага мабілізаваць дэпутацкі корпус на павышэнне якасці працы”. У прыватнасці, паводле яго слоў, неабходна паслядоўна ўмацоўваць супрацоўніцтва з усімі ўдзельнікамі заканадаўчага працэсу.

Гаворачы пра міжнародную дзейнасць парламента, Гумінскі паведаміў, што неабходна працягнуць працу па наладжванні супрацоўніцтва з АБСЕ і ПАСЕ. У прыватнасці працаваць над аднаўленнем статусу спецыяльнага запрошанага ў парламенцкай структуры Савета Еўропы.

Гумінскі таксама адзначыў, што ўдзел Нацыянальнага сходу ў парламенцкай структуры Усходняга партнёрства — Еўранесце, павінен засноўвацца на прынцыпах раўнапраўя і ўзаемапавагі. “Нацыянальны сход — адзіны законны ўдзельнік у Еўранесце”, — сказаў ён.

Віктар Гумінскі нарадзіўся 3 жніўня 1955 года ў вёсцы Свадбічы (Брэсцкая вобласць), беларус. У 1972 годзе скончыў Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча, у 1976 годзе — ваенна-палітычнае вучылішча на выдатна, у 1986 годзе — ваенна-палітычную акадэмію з залатым медалём. У 2000 годзе на выдатна скончыў Акадэмію кіравання пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, атрымаў кваліфікацыю “менеджэр-эканаміст”. Служыў па ўсім Савецкім Саюзе і Цэнтральнай групе войск на пасадах ад намесніка камандзіра дэсантна-штурмавой роты да намесніка камандзіра танкавай дывізіі па выхаваўчай працы. Дэпутатам стаў у 2001 годзе, пасля чаго перавыбіраўся ў 2004 і 2008 гадах. Член дэпутацкіх груп “Адзінства”, “Сябры Балгарыі”.

Поделиться: