Для аператыўнага вырашэння пытанняў, якія ўзнікаюць у насельніцтва па цэнах на лекавыя прэпараты, Міністэрства аховы здароўя даручыла ўсім суб’ектам гаспадарання, якія займаюцца рознічнай рэалізацыяй лекавых сродкаў, размясціць у гандлёвых залах аптэк у рубрыках «Інфармацыя для насельніцтва» нумары тэлефонаў, па якіх наведвальнікі аптэк могуць «паскардзіцца» на высокія цэны на лекі: у Міністэрстве аховы здароўя Рэспублікі Беларусь з такімі пытаннямі можна звяртацца на тэлефон гарачай лініі 017 2227080, а ў Міністэрстве эканомікі Рэспублікі Беларусь па нумары 017 2005895.

Як вядома, у маі ў Мінздароўя быў падпісаны мемарандум па стрымліванні росту цэнаў на медпрэпараты, да якога на той момант далучыліся 58 прадстаўнікоў замежных кампаній і іх афіцыйных дыстрыб’ютараў і 15 айчынных вытворцаў. Згодна з гэтым дакументам, кампаніі-вытворцы бяруць на сябе абавязацельства забяспечыць да канца 2011 года мараторый цэнаў на лекавыя сродкі, што пастаўляюцца ў Беларусь, а ў выпадку павышэння заяўленай цаны загадзя інфармаваць пра гэта Міністэрства аховы здароўя і даваць абгрунтаванне новай цаны. Акрамя таго, вытворцы бяруць на сябе абавязацельства прытрымлівацца фіксаваных цэнаў пры пастаўках лекавых сродкаў згодна з умовамі тэндару і ажыццяўляць маніторынг на прадмет выяўлення фальсіфікаваных лекаў і завышэння цэнаў на сваю прадукцыю. Афіцыйныя дыстрыб’ютары, у сваю чаргу, павінны забяспечваць стрымліванне росту цэнаў шляхам прымянення аптымальных аптовых нацэнак.

Мемарандум застаецца адкрыты да падпісання і да яго можна далучыцца ў любы момант. Упершыню неабходнасць падпісання такога дакумента ўзнікла ў 2009 годзе, калі дэвальвацыя нацыянальнай валюты пацягнула за сабой рэзкі рост цэнаў на лекавыя сродкі і частковы дэфіцыт у аптэках імпартных лекавых прэпаратаў. На некаторыя лекавыя сродкі цэны выраслі ў 2-3 разы. Летась мемарандум падпісалі каля 60 замежных вытворцаў і іх афіцыйных дыстрыб’ютараў і 5 беларускіх прадпрыемстваў. У Мінздароўя ўпэўненыя, што падпісанне мемарандуму дазволіла стрымаць бескантрольны рост цэнаў на лекавым рынку.

А нядаўна міністр Васіль Жарко агучыў намер падпісаць аналагічны мемарандум па цэнах на лекі і з уладальнікамі аптэк, як дзяржаўнай, так і недзяржаўнай формы ўласнасці. Не сакрэт, што адзін і той жа прэпарат можа ў розных аптэках прадавацца па рознай цане. Гэта тлумачыцца прымяненнем розных гандлёвых нацэнак. Цяпер вызначэнне аптовых і гандлёвых надбавак рэгулюецца Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 366, і вызначаная шкала стымулюе, у першую чаргу, рэалізацыю больш танных лекаў. Напрыклад, калі адпускная цана на лякарства складае да 5 долараў за ўпакоўку, то дапускаецца аптовая надбаўка да адпускной цаны да 11%, а гандлёвая — да 30%. Калі кошт лекавага сродку складае ад 5 да 10 долараў ЗША, памер аптовай надбаўкі не можа перавышаць 10%, а гандлёвай — 25%. Чым даражэйшае лякарства, тым ніжэйшыя надбаўкі. Напрыклад, калі лякарства каштуе ад 50 да 100 долараў, то аптовая надбаўка абмежаваная 4%і, а гандлёвая — 6%.

Разам з тым, адна аптэка можа вызначыць дваццаціпрацэнтную гандлёвую надбаўку на прэпарат, а іншая — пяціпрацэнтную. У Мінздароўя спадзяюцца дамовіцца з уладальнікамі ліцэнзій на фармацэўтычную дзейнасць пра нейкую ўсярэдненую гандлёвую надбаўку для ўсіх, якая б дазволіла аптэкам працаваць бясстратна…