«Друкарня Міхайлава» — гэта група кампаній у Смаленску, якія, сярод іншага, займаюцца выдавецкім бізнэсам. Дадзеныя адной з кампаніяў, якія належаць да гэтай групы — «Друкарня Міхайлава_С» — значацца на бірузовай паштоўцы са словамі «Кажы праўду», якую шмат хто трымаў у руках у Беларусі. Між тым у кампаніі «Гавары праўду» кажуць, што з заказам на паштоўкі да смаленскіх друкароў не зьвярталіся. Ці гэта праўда? Тэлефаную ў кампанію «Друкарня Міхайлава_С», каб спраўдзіць гэтыя заявы. Мяне злучылі зь юрыстам кампаніі Аляксеем Навуменкавым:

«Вы ведаеце, да нас зьвярталіся прадстаўнікі праваахоўных органаў Беларусі з пытаньнем, ці мы друкавалі дадзены від паліграфічнай прадукцыі. Мы адназначна адказалі, у пісьмовым выглядзе, што мы гэтага не друкавалі. У нас сапраўды не было ніякіх заказаў, і мы бачылі той узор, які нам паказалі, упершыню. Таму нашыя дадзеныя там пазначаныя недакладна, бо мы не друкавалі гэтую прадукцыю».

Хто друкаваў паштоўкі «Гавары праўду» з дадзенымі «Друкарні Міхайлава_С», калі не яны самі? Актывіст кампаніі «Гавары праўду», рэдактар газэты «Товарищ» Сяргей Вазьняк раней ня выключыў, што зьяўленьне такіх паштовак — правакацыя. Знайсьці журналіста сёньня для камэнтару не ўдалося — Вазьняк зьехаў зь Беларусі ў адпачынак. Нагадаю, што казаў Сяргей Вазьняк «Свабодзе» два дні таму адносна нібыта датычнасьці да паштовак з дадзенымі смаленскай друкарні:

«Мы ў смаленскай друкарні прадукцыю кампаніі «Гавары праўду» не замаўлялі».

Карэспандэнт: «А адкуль зьявіліся на паштоўках дадзеныя «Друкарні Міхайлава_С», як вы думаеце?»

Вазьняк: «Ня ведаю. Магчыма, гэта нейкая трэцяя сіла, ня ведаю. Можа, нехта нас хоча «падставіць».

Два дні таму ў інтэрнэце зьявілася інфармацыя, згодна зь якой беларускі КДБ праз расейскі ФСБ нібыта дамогся, каб смаленскія друкары зьвярнуліся ў праваахоўныя органы з заявай аб незаконным выкарыстаньні іх дадзеных на друкаванай прадукцыі «Гавары праўду». У размове зь юрыстам кампаніі «Друкарня Міхайлава_С» Аляксеем Навуменкавым я адмыслова запытаў, ці падавала фірма падобную заяву ў міліцыю. Вось што адказаў Аляксей Навуменкаў.

Юрыст Навуменкаў: «Наколькі мне вядома, мы з такой заявай не зьвярталіся. Са мной такі дакумэнт, ва ўсякім разе, не ўзгаднялі».

У КДБ Беларусі не камэнтуюць зьвесткі пра супрацоўніцтва КДБ з ФСБ у справе кампаніі «Гавары праўду». У міліцыі Ленінскага раёну Менску, дзе вядзецца справа, таксама адмаўляюцца нешта камэнтаваць, «пакуль ідзе сьледзтва».

Нагадаем: згодна з прэс-рэлізам МУС, адносна кіраўнікоў кампаніі «Гавары праўду» заведзеная справа паводле першай часткі 250-га артыкула Крымінальнага кодэксу — «распаўсюджваньне ілжывай інфармацыі пра тавары і паслугі». «Падставай для крымінальнай справы сталі вынікі праверкі заявы, якая паступіла 29.04.2010 у органы ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, ад уладальнікаў таварыства з абмежаванай адказнасьцю аб незаконным выкарыстаньні гандлёвай назвы, юрыдычнага адрасу і іншых зьвестак іх фірмы на друкаванай прадукцыі ТАА «Дзіксэнд», — паведамляла МУС 21 траўня.

У той жа дзень зь менскай друкарскай фірмы «Дзіксэнд» «Свабодзе» паведамілі, што нічога ня ведаюць пра крымінальную справу, у якой нібыта фігуруе фірма «Дзіксэнд».

Ператрусы ў офісе «Гавары праўду» і кватэрах актывістаў кампаніі ў Менску і рэгіёнах краіны адбываліся 18—19 траўня. Тры дні, з 18 па 21 траўня, актывісты кампаніі — паэт Уладзімер Някляеў, журналісты Сяргей Вазьняк і Андрэй Дзьмітрыеў — праседзелі ў менскім ізалятары на Акрэсьціна. У справе яны былі названыя падазронымі, абвінавачаньня дагэтуль нікому ня выставілі.