Пра пазыцыю паштароў паведаміў актывіст стваранай партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” з Кіраўскага раёну Вячаслаў Шэлег. Паводле яго, у трох паштароў скончыўся тэрмін працоўнага кантракту, і яны заявілі начальству пра сваё звальненьне. Кіраўніцтва супраць спыненьня зь імі працоўных адносінаў:

“Учора парвала іх заявы начальніца. Сказала: “Не выдумляйце, ідзіце працуйце. Ведаць нічога не хачу. Я іх ня бачыла”. Працаваць жа няма каму. Хто будзе працаваць на вёсцы? Там ужо няма нікога. А вазіць работнікаў з Кіраўску за пятнаццаць кілямэтраў — хто будзе езьдзіць? Людзі разумеюць, што гэта будзе кабала поўная. Будуць указаныя цэны, сумы, і яны стануць нявольнікамі”, — тлумачыць сытуацыю Вячаслаў Шэлег.

Як кажа актывіст, паштары незадаволеныя ўмовамі працы й патрабаваньнем начальства падпісваць людзей на дзяржаўныя газэты. Гэта пацьвердзіў у тэлефоннай гутарцы і адзін зь незадаволеных супрацоўнікаў вясковай пошты:

“Мы ж разумеем, што заработную плату нам не павысяць, а падпіску ня зьнізяць. Нават калі два-тры чалавекі адмовяцца выходзіць, што нам сабе трэба іх выпісваць. У нас на аддзяленьне каля сарака экзэмпляраў “Советской Беларуссии”, “Белорусских нив” — восем. 36 тысячаў “Советская Белоруссия” каштуе. Сямідзесяцігадовай бабе — навошта яна ёй? Раней неяк угаворвалі, а цяпер…”

У Кіраўскай раённай управе паштовай сувязі адмаўляюць факт групавога звальненьня падрэчанскіх паштароў. Начальнік управы Марыя Падаляк цьвердзіць, што звольніўся толькі адзін супрацоўнік пошты — па стане здароўя. Спадарыня Падаляк прызнае цяжкасьці з падпіскай на дзяржаўныя газэты:

“Заняпалі населеныя пункты па ўсіх пазыцыях. Людзі ня сталі жыць лепей. Хто пазьяжджаў, хто пачаў шукаць іншыя варыянты зарабіць грошай, каб сям’ю пракарміць. Мы сапраўды плянуем падпіску. Зразумела, плянуем і даходнасьць паводле гэтага артыкула, а яна прывязаная да колькасьці экзэмпляраў. Выданьні ж дзяржаўныя, і дзяржава хоча, каб як мага болей інфармацыі даходзіла да людзей”.

Як удалося высьветліць, падрэчанцы паводле дзяржаўнага пляну мусяць выпісаць, акрамя сарака экзэмпляраў “Советской Белоруссии” і васьмі — “Белорусской нивы”, яшчэ 60 экзэмпляраў мясцовай раёнкі “Кіравец”.

Поделиться ссылкой: