Аб гэтым расказаў сёння на прэс-канферэнцыі начальнік упраўлення мастацтваў Міністэрства культуры Беларусі Міхаіл Казловіч.

“Было выказана шмат меркаванняў наконт таго, якім павінен быць сёлетні фестываль. Паступілі прапановы аб яго радыкальным змяненні і аб захаванні класічнай структуры. У выніку арганізатары спыніліся на традыцыйнай структуры фестывалю: сем дзён працягласці, канцэрт-адкрыццё і канцэрт-закрыццё, выступленні майстроў мастацтваў Беларусі, Расіі і Украіны, дарослы і дзіцячы песенныя конкурсы, а таксама прывычныя тэатральная і кінапраграма”, – сказаў Міхаіл Казловіч.

Паводле яго слоў, гледачоў чакае яркае адкрыццё фестывалю, на якім з сольнымі канцэртамі выступяць Юрый Антонаў і Алена Ваенга. Плануецца таксама выступленне экс-саліста групы Modern Talking Томаса Андэрса. Не абыдзецца і без сюрпрызаў: новымі праектамі фестывалю будуць канцэрт Нацыянальнага канцэртнага аркестра пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга з удзелам Райманда Паўлса і ноч выканаўцаў італьяскай эстрады.

Што датычыцца тэатральнай праграмы, то яна будзе ўключаць выступленні калектываў з Масквы і Санкт-Пецярбурга, а на адкрытым паветры, паводле задумы арганізатараў, Рэспубліканскім тэатрам беларускай драматургіі будзе паказаны спектакль Антона Чэхава “Чайка”.

Акрамя таго, у гэтым годзе запланавана ўручэнне спецыяльнай узнагароды беларускаму дзяржаўнаму ансамблю “Песняры”. Менавіта таму тэма беларускага канцэрта ў рамках фестывалю будзе пераклікацца з музычнымі традыцыямі, закладзенымі Уладзімірам Мулявіным. На беларускім канцэрце ў тым ліку прагучаць кампазіцыі “Песняроў” у сучасных аранжыроўках маладзёжных груп, выступяць на ім і такія вядомыя калектывы, як “Харошкі”, хор Цітовіча.

Міхаіл Казловіч нагадаў, што ўжо вызначаны ўдзельнікі дарослага і дзіцячага песенных конкурсаў. Саліст Гомельскай абласной філармоніі Дзяніс Вяршэнка прадставіць Беларусь на IX Міжнародным конкурсе выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск-2010”. На VIII Міжнародным дзіцячым музычным конкурсе “Віцебск-2010” пальму пяршынства будуць аспрэчваць дзве юныя спявачкі: салістка Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва імя У.Мулявіна Злата Ларчанка (11 гадоў) і 9-гадовая вучаніца мінскай сярэдняй школы нумар 201 Аня Зайцава.

Закрыццё фестывалю па традыцыі будзе ўключаць прадстаўленне пераможцаў дзіцячага і дарослага музычных конкурсаў, выступленні вядомых зорак расійскай і зарубежнай эстрады.

Поделиться: