Ліст прэзідэнту размешчаны на спецыяльна створаным сайце http://ukaz60.net/. Падкрэсліваецца, што дадзены інтэрнет-рэсурс створаны «для прыцягнення ўвагі грамадскасці да праблем і перспектыў развіцця нацыянальнага сегмента сеткі інтэрнет. Сайт ні ў якім выпадку не нясе ў сабе якой-небудзь палітычнай падаплёкі».
Ініцыятары звароту нагадваюць, што ў красавіку Саўмін прыняў шэраг пастаноў, закліканых растлумачыць указ № 60, у прыватнасці пастанову № 644 ад 29 красавіка «Аб некаторых пытаннях удасканалення выкарыстання нацыянальнага сегмента глабальнай кампьютэрнай сеткі інтэрнет», пастанову № 646 ад 29 красавіка «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Правілы аказання паслуг электрасувязі» і іншыя.

Аднак, як падкрэсліваюць аўтары звароту, на бягучы момант указ мае шэраг відавочных для актыўных інтэрнет-карыстальнікаў слабых месцаў. Асноўная сутнасць праблемы — розныя прачытанні, і нават прадстаўнікі адказных структур не гатовы даць адказы на шэраг пытанняў.

У лісце адзначаецца, што разам з развіццём тэлекамунікацый у Беларусі ўказ выкліча адток капіталу, бо міжнародныя кампаніі, а таксама бізнес, які не мае дакладнай геаграфічнай прывязкі, будуць імкнуцца перанесці актывы за мяжу, каб не пацярпець з-за розных прачытанняў.

Акрамя гэтага, адзначаецца, што рэгістрацыя дробных аб’ектаў (e-mail, паддамены) запатрабуе «каласальных праца- і часазатрат, несувымерных з эфектам, які дасягаецца».
«Бясплатныя прафесійныя і аматарскія хостынгі ў Беларусі знішчаюцца ўказам (прыклад page.by). А за імі стаяць працоўныя месцы і людзі. Бясплатныя хостынгі заўсёды былі адным з рухавікоў інтэрнетызацыі мас у Беларусі, у Расіі і свеце (narod.ru, ucoz.ru, blogspot.com і г.д.)», — канстатуюць аўтары калектыўнага звароту.
«З першага ліпеня беспарольныя Wi-Fi пункты пастаўлены па-за законам, бо немагчыма праверыць пашпартныя дадзеныя тых, каго не бачыш. Для працягу прадастаўлення паслуг патрабуецца ліцэнзія. З першага ліпеня даванне доступу ў дамашнюю Wi-Fi сетку ўласным сябрам і гасцям робіцца незаконным», — падкрэсліваецца ў лісце.
Акрамя гэтага, паводле меркавання актывістаў, інтэрнет пазбаўляецца галоўнай перавагі — мабільнасці, даступнасці, хуткасці, бо нават для рэгістрацыі адрасу электроннай пошты спатрэбіцца працяглы тэрмін замест звычайных дзвюх хвілін.

На дадзены момант пад зваротам да кіраўніка дзяржавы падпісалася ўжо больш за 1.200 чалавек.