Адам Міхнік сустрэўся ў Варшаве з журналістам сайта charter97.org Наталляй Радзінай і адказаў на пытанні нашага сайта.

Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ўзмацніліся рэпрэсіі супраць дэмакратычнай апазіцыі, журналістаў, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці. Супраць сайта charter97.org узбуджаныя дзве крымінальныя справы. У той жа час рэакцыя Еўропы, у тым ліку Польшчы, на тое, што адбываецца, часта спазняецца ці яе няма наогул. Як вы, самы вядомы польскі журналіст, ацэньваеце падзеі ў суседняй Беларусі?

— Відавочна, што Лукашэнка паводзіць сябе як сапраўдны апошні дыктатар Еўропы. Калісьці казалі, што Беларусь – гэта «Вандэя перабудовы», падаецца, Алесь Адамовіч першым ужыў гэты выраз. Ну, а сёння гэта, без сумнення, маятнік дэмакратыі. У сённяшніх умовах Лукашэнка з’яўляецца тым, кім з’яўляюцца ў азіяцкіх умовах дыктатары Паўночнай Карэі ці Туркменістана. Гэта непакоіць. Мая сімпатыя, вядома, знаходзіцца па баку вас, журналістаў, якіх пераследуюць і, думаю, што калі сайт charter97.org будзе блакавацца ў Беларусі ці ўвесь час цярпець рэпрэсіі з боку міліцыі Лукашэнкі, у Польшчы знойдуцца людзі, якія дадуць свой партал для нашых беларускіх сяброў.

Лукашэнка, як і ўсе дыктатары, верыць у дзве рэчы: што ён будзе кіраваць вечна, і што ён будзе жыць вечна. І гэта дзве яго памылкі. Нават Сталін не быў бессмяротным. Тое, што Лукашэнка робіць — гэта знішчэнне беларускай свабоды і культуры. І ў абавязкі суседзяў (і маёй краіны таксама) уваходзіць падтрымка беларускіх дэмакратаў і незалежнай беларускай культуры ў той меры, наколькі гэта магчыма.

Тады як вы ацэньваеце цяперашнюю палітыку Польшчы ў дачыненні да Беларусі? Кіраўнікі Польшчы – у мінулым практычна ўсе лідэры «Салідарнасці», былі верныя прынцыпам свабоды і дэмакратыі. А зараз атрымліваецца, што яны заплюшчваюць вочы на тое, што адбываецца ў Беларусі, гатовыя гандляваць з дыктатарам, не звяртаючы ўвагі на парушэнні правоў чалавека.

— Не, гэта не так. Яны не заплюшчваюць вочы. Праблема ў тым, што ёсць як быццам дзве стратэгіі: альбо поўны байкот Лукашэнкі (а мы спрабавалі гэтую палітыку, але яна не прынесла выніку), альбо спроба ўцягнуць Лукашэнку ў які-небудзь дыялог. Незразумела, ці будзе гэта паспяхова, але за гэтым стаіць і іншае разуменне. Маўляў, калі ў Лукашэнкі не будзе ніякай свабоды манеўру, дык ён на 100% пойдзе ў бок Масквы. Вельмі цяжка ацаніць, хто тут мае рацыю. Заўсёды сярод дэмакратычнай апазіцыі існавалі гэтыя дзве стратэгіі. Адна — гэта заклік да замежжа да поўнага байкоту, а іншая: размаўляйце, але не забывайце, што Лукашэнка, Ярузэльскі ці Брэжнеў – гэта не ўвесь беларускі, польскі ці расейскі народ. І вы павінны мець сваю стратэгію не толькі ў дачыненні да ўладаў, дзяржавы, але і да грамадства.

Сапраўды, сёння палякі кажуць: «Мы спрабуем перацягнуць Лукашэнку ад Расеі». А што рабіць беларускаму народу? Гэта што выбар: дыктатура Лукашэнкі ці Беларусь у складзе Расеі? Падобна на прапанову павесіцца ці ўтапіцца…

— Я вас разумею, бо сам быў у такой жа сітуацыі. Але ўвогуле ніхто не здабудзе свабоды для Беларусі замест беларусаў. Мы можам гэтаму спрыяць, можам падтрымліваць, але мы не зробім гэтага за беларусаў, таксама як і не зробім гэта за расейцаў ці за кагосьці яшчэ. Зараз я быў ва Украіне, і ўсе ў мяне пыталіся, чаму змянілася пазіцыя Польшчы ў дачыненні да Украіны. Яна не змянілася, гэта Украіна змянілася, гэта Украіна выбрала Януковіча, не палякі, не польскія ўлады. Польскі ўрад павінен рэагаваць рацыянальна на тое, што адбываецца ў іншых краінах, краінах-суседзях.

Бясспрэчна, Вы маеце рацыю, але, калі з’яўляешся міністрам ці прэм’ерам, дык разважаеш ужо інакш, чым калі з’яўляешся дзеячам падпольнай «Салідарнасці». Але гэта непазбежна. Калі вы заўтра выбераце прэзідэнтам дэмакратычнага лідэра, дык ён таксама інакш будзе рабіць, інакш будзе думаць, чым думае і робіць сёння. Гэта непазбежна.

Сёння ў Беларусі з-за ўціску свабоды слова вельмі цяжка заставацца незалежным журналістам. Што вам давала сілаў вось у такой сітуацыі? Вы ж прайшлі і праз турму.

— Сілу давала ўпэўненасць, што праўда на нашым баку. У нас не было вялікіх надзеяў, што мы дажывем да канца камунізму, канца СССР і гэтак далей. Але мы верылі, што сітуацыя зменіцца. І яна змяняецца. Паглядзіце на рэвалюцыі ў Грузіі, Украіне, Кыргызтане, Югаславіі. Усё змяняецца. Лукашэнка не вечны. І сёння ўжо трэба думаць пра тое, што будзе пасля Лукашэнкі.

Скажыце, наколькі важная ва ўмовах, у якіх працавалі вы, у якіх працуем мы, міжнародная салідарнасць?

— Яна важная, хаця б таму, што Лукашэнка з ёй абавязаны лічыцца, ён павінен ведаць: тое, што ён робіць, будзе выклікаць рэакцыю ў іншых краінах. Вядома, напрыклад, Галандыя, якая знаходзіцца значна далей ад Беларусі, можа так імгненна не рэагаваць. Але мы, у Польшчы, абавязаныя цікавіцца сітуацыяй у Беларусі і рэагаваць на тое, што адбываецца. Наш абавязак, як дэмакратаў, паўставаць на абарону дэмакратыі ў Беларусі.

Гэта значыць у выпадку працягу рэпрэсіяў сайт charter97.org можа разлічваць на салідарнасць «Gazety Wyborczej»?

— Абсалютна! Слова гонару!

Поделиться: