Тры юнацкія смерці ў канцы красавіка—пачатку мая — страшныя лічбы для маленькай Беларусі. «Звязда» правяла сваё журналісцкае расследаванне і даведалася пра абставіны гібелі хлопцаў, якія не паведамляліся афіцыйна.

Ці магчыма было пазбегнуць трагедый? Cпецыяльны карэспандэнт высвятляў гэта пытанне.

Пра смерці на ўроках фізкультуры «Звязда» пісала яшчэ сёлета ў лютым. Тады мы расказалі гісторыю трэцякурсніка Мінскага інстытута кіравання Мішы Зырко, які ў пачатку навучальнага года загінуў падчас звычайнай прабежкі. Паваліўся на баскетбольнай пляцоўцы, «хуткая», па словах відавочцаў, прыехала праз 15 хвілін, дэфібрылятара ў ёй не аказалася, Мішу не выратавалі.

Пракуратура высветліла, што ў хлопца былі шматлікія парокі, але ў медыцынскіх дакументах гэтага не пазначылі. За смерць Мішы ніхто не адказваў.

Тады мы папярэджвалі бацькоў, дактароў і настаўнікаў пра выключную важнасць медаглядаў, пра тое, якім павінен быць правільны падыход да выкладання фізкультуры.

Ад моманту публікацыі не прайшло і трох месяцаў. І як толькі пачаліся цёплыя дзянькі — у краіне здарылася чарговая хваля недарэчных смерцяў. Дзеці пачалі здаваць нарматывы і займацца бегам на доўгія дыстанцыі.

У «хуткай дапамозе» не аказалася дэфібрылятара

Раніцай 3 мая ў мінскім Парку Горкага рабілі прабежку студэнты лінгвістычнага ўніверсітэта. 18‑гадовы першакурснік Глеб Пашкевіч нечакана паваліўся, пасінеў. «Хуткая» прыехала своечасова, але медыкі не змаглі ўратаваць хлопца. Прычына смерці — раптоўнае спыненне сэрца. Так гучыць афіцыйная версія смерці Глеба. Яе агучылі інфармацыйныя агенцтвы.

Дакладную карціну той трагічнай раніцы склаў Юрый Уладзіміравіч, дзядзька Глеба Пашкевіча. На пахаванні пляменніка ён меў размову з непасрэдным відавочцам трагедыі — выкладчыкам фізкультуры.

— Прыкладна ў 9.45 група прыйшла займацца ў Парк Горкага. Нарматываў не здавалі, працавалі ў так званым вольным рэжыме. Глеб пабег уздоўж Свіслачы разам з аднагрупніцай Юляй, так прабеглі адзін круг. Аднагрупніца спынілася, перайшла на крок, а пляменнік пабег далей. І праз 50—70 метраў паваліўся. Пачалі крычаць: «Хлопцу кепска!» Глеб ляжаў на жываце, як бы абапёршыся на руку, ссінеў. Пачалі аказваць першую дапамогу. «Хуткая», па словах выкладчыка фізкультуры, прыехала праз 5‑7 хвілін.
У машыне «хуткай» не аказалася дэфібрылятара, а гэта, верагодна, магло выратаваць пляменніку жыццё. Так званы рэанімабіль прыбыў яшчэ праз дзесяць хвілін, але было позна.

Праз нейкі час мы даведаліся, што ў падобных выпадках усё вырашаюць першыя хвіліны. Магчыма, Глеба ўдалося б уратаваць, калі б медыкі першай «хуткай» мелі дэфібрылятар. Гэта абурае! Мы ж не Афрыка, а краіна ў цэнтры Еўропы.
На дварэ ХХІ стагоддзе, а медыкі не маюць такога важнага рэанімацыйнага абсталявання!..

— Чаму Глеб займаўся фізкультурай разам з іншымі дзецьмі? Няўжо пра хворае сэрца ніхто не ведаў?

— У старэйшых класах школы пляменнік займаўся фізкультурай абмежавана, у яго скакаў ціск. Калі ж прыйшоў час паступаць ва ўніверсітэт, то Глеба перавялі ў асноўную групу. Ціск скакаць перастаў, сказалі, што гэта было ўзроставае.
І ўявіце, на першым курсе лінгвістычнага ўніверсітэта студэнты не праходзілі медагляду,у іх проста спыталіся: «Ці ёсць у вас праблемы са здароўем?» Гэта натуральна, што пляменнік мог пасаромецца сказаць перад дзяўчатамі пра нейкія праблемы. Медагляд павінен быў праводзіцца на другім курсе, выявіць праблемы Глеба з сэрцам не было магчымасці. Медыкі нам патлумачылі, што худыя і высокія хлопцы ва ўзросце 16—18 гадоў (такім быў Глеб) знаходзяцца ў зоне рызыкі. Некаторыя органы, у тым ліку і сэрца, не паспяваюць расці за целам. Але бацькоў пра гэта ніхто не папярэдзіў. 
Бацькі нават не падазравалі, што існуе небяспека…

Карэспандэнт «Звязды» паспрабаваў датэлефанавацца да кіраўніцтва Мінскага лінгвістычнага ўніверсітэта — чаму медагляды праводзяцца толькі з другога курса? Ці зробіць кіраўніцтва ВНУ нейкія высновы пасля гібелі свайго студэнта?

Ці знойдуць вінаватых у смерці Глеба Пашкевіча? Пытанняў узнікае нямала. Праверка па факце гібелі студэнта працягнутая да 4 чэрвеня.

За пяць дзён да смерці Глеба Пашкевіча на Случчыне падчас здачы нарматываў па бегу памёр 20‑гадовы салдат тэрміновай службы Вадзім Непачаловіч. Гісторыя развівалася па падобным сцэнары. Паралелі напрошваюцца самі
сабой.

— Яму павінен быў споўніцца 21 год, маці паехала ў вайсковую часць, віншаваць, — распавядае Паша Радзіч, блізкі сябар загінулага салдата Вадзіма Непачаловіча. —
Пабачыцца не змаглі: мама спазнілася на 10 хвілін, і Вадзім ёй пазваніў: «Не паспееш, у нас спаборніцтвы, трэба бегчы…»

Вадзім бег 100‑метроўку. Упаў, падняўся і зноўку ўпаў. Маці ад КПП бачыла, як яго спрабавалі ўратаваць, але не выратавалі…

Прычына смерці Вадзіма Непачаловіча такая ж, як і ў Глеба Пашкевіча, — раптоўнае спыненне сэрца. Пытаемся у Пашы Радзіча, ці былі ў сябра праблемы са здароўем?

— Не, ён на сэрца ніколі не жаліўся. І ў войску нармальна сябе адчуваў, ніхто яго там не біў. Казаў, што грошы бралі за тое, каб званіць дамоў, і ўсё, нармальна служыў. Яму, калі прызывалі ў армію, тры разы давалі адтэрміноўку. Але не з‑за сэрца. Памятаю, як Вадзім сказаў: «Калі ў гэты раз адтэрміноўку не дадуць, пайду служыць». І пайшоў, пасля Новага года. За тыдзень да смерці прыязджаў, быў такі бадзёры, казаў: «Мяне яшчэ на два дні ў Старыя Дарогі адпусцяць, памагчы па хатняй гаспадарцы, прыеду, і пагуляем…» Але не вярнуўся. У яго была дзяўчына, вяселле планавалі рабіць.
Харошы быў хлопец, меў шмат сяброў, толькі сарамлівы дужа.

Якім чынам чалавек з праблемамі сэрца апынуўся ў войску? Няўжо медыцынскі агляд не паказаў цяжкае захворванне? І ці не з‑за праблем з сэрцам Вадзіму Непачаловічу давалі адтэрміноўку раней?

— Адтэрміноўка давалася па пытаннях эмацыйна‑валявой устойлівасці. А што датычыцца фізічных паказчыкаў, сэрца і іншых органаў, праблем не было, — паведамляе слуцкі міжгарнізонны вайсковы пракурор Сяргей Патапаў. — Я кіруюся звесткамі карты прызыўніка. Вельмі шмат размоў ходзіць, чутак, пытанне сур’ёзнае, будзем з усімі гэтымі абставінамі разбірацца. У гэтым выпадку заведзена крымінальная справа па факце смерці, правяраюцца ўсе магчымыя версіі. Трэба правесці шэраг экспертыз.

У старадарожскай школе, якую скончыў Вадзім Непачаловіч, пра сардэчнае захворванне былога вучня нават не падазравалі. Нармальны здаровы хлопец.

— Вадзім скончыў у нас 9 класаў і сышоў. Па фізічным стане заўваг ніколі не было, — узгадвае былога вучня Валерый Сакаў, дырэктар старадарожскай школы №1. — Прыязджалі з ваеннай пракуратуры, глядзелі дакументы, размаўлялі з фельчарам.

У Старых Дарогах дагэтуль абмяркоўваюць гібель Вадзіма Непачаловіча. Нехта наракае на цяжкія армейскія нагрузкі, нехта выказвае версію, што Вадзім не хацеў звяртацца да медыкаў, а тыя ў сваю чаргу фармальна правялі медагляд. Нехта проста кажа, што такі Божы лёс, і смерць Вадзіма Непачаловіча — выпадак, якіх адзін на мільёны.
І калі б не шэраг падобных смерцяў, якія нядаўна здарыліся ў краіне, можна было б з такой думкай пагадзіцца…

«Медагляд можа не выявіць фактары, што прывядуць да смерці»

У Міністэрстве аховы здароўя папярэджваюць, што застрахавацца ад раптоўнай каранарнай смерці (раптоўнага спынення сэрца) на 100 % немагчыма. Здараецца, нават скрупулёзныя медагляды не выяўляюць сардэчна‑сасудзістых захворванняў, якія ў выніку прыводзяць да гібелі.

— Часам нават анатаміраванне не паказвае праблемы, толькі даследаванне на клетачным узроўні можа выявіць паталогію і рызыку раптоўнай каранарнай смерці, — працягвае Людміла Жылевіч. — У чалавека могуць быць нармальная кардыяграма, нармальныя паказчыкі ўльтрагукавога даследавання — на першы погляд, здаровы чалавек. І толькі падчас звышмоцных нагрузак адбываецца збой. Раптоўную смерць можа выклікаць нават высокі псіхаэмацыйны стрэс. А таксама іншыя фактары рызыкі — алкагольная інтаксікацыя, атручэнне і іншае.

Погляд збоку

Зразумела, што раптоўнае спыненне сэрца ў маладых людзей медыкі маглі і не папярэдзіць. Генетычныя схільнасці, трагічныя супадзенні і гэтак далей…

Аднак ці не занадта шмат выпадкаў здараецца ў маленькай Беларусі? Чатыры смерці за навучальны год. Вось лічба, пра якую даведаліся журналісты.

Для параўнання,
у суседняй Украіне прэса, якая працуе там вельмі някепска, даведалася толькі пра адну гібель на ўроку фізкультуры ў гэтым навучальным годзе.

15‑гадовы хлопец з Адэскай вобласці раптоўна памёр, гуляючы ў футбол на школьным стадыёне. Кровазліццё ў ствол галаўнога мозга.

Якім чынам у 46‑мільённай Украіне ўдалося звесці выпадкі смерцяў да мінімуму?

Усё проста. У 2008 годзе ў краіне здарылася сем трагедый на ўроках фізкультур
ы.
Пасля гэтага тагачасны прэм’ер‑міністр Юлія Цімашэнка ўвяла мараторый на здачу стаметровак і іншых бегавых нарматываў. Цяпер вучню дазвалялі бегаць на час толькі пасля скрупулёзнага медыцынскага абследавання.

І гэта дало плён.

У Беларусі ж, дзе насельніцтва ў пяць разоў меншае, паказчыкі смяротнасці песімістычныя. Прыйшоў час публічна абмяркоўваць праблему.

Працяг у наступным нумары Звязды.

Поделиться ссылкой: