Пра гэта ў гутарцы з карэспандэнтам TUT.BY распавёў сябар Камiсiі па найменаваннi i перайменаваннi вуліц пры Мiнгарвыканкаме, выкладчык гiсторыi БДЭУ Iван Сацукевіч.

Нагадаем, 15 сакавіка адмысловая камiсiя пры Мiнгарвыканкаме (у яе склад уваходзяць гарадскія чыноўнікі, дэпутаты Мінгарсавету дэпутатаў, галоўны мастак і прадстаўнікі грамадскасці, прыняла рашэнне аб перайменаванні шэрагу сталічных артэрый. Гэтак, вуліца Герцэна павінна была стаць Бернардынскай, Дзімітрава — Пятніцкай, Рэвалюцыйная — Койданаўскай, Вызвалення — Уваскрасенскай, Камунальная ўзбярэжная — Траецкай узбярэжнай. Апроч таго, станцыя метро “Плошча Леніна” мусіла атрымаць назву “Плошча Незалежнасці”, якую ўжо насіла з 1992 па 2003 год.

Паводле закону, рашэнне Камісіі па перайменаванні было надрукавана ў прэсе, пасля чаго цягам двух тыдняў кожны ахвочы мог дасылаць свае заўвагі і прапановы. З улікам грамадскай думкі дэпутаты Мінгарсавета 25-га склікання мелі прыняць канчатковае рашэнне яшчэ напрыканцы сакавіка — пачатку красавіка. Аднак не паспелі зрабіць гэтага да сканчэння чатырохгадовага тэрміну іх паўнамоцтваў.

“Такім чынам, пакуль рашэнне нашай Камісіі не зацверджана, — распавёў TUT.BY Іван Сацукевіч. — У падтрымку нашых рашэнняў па вяртанні гістарычных назваў прыйшло шмат лістоў ад мінчукоў. Праўда, ёсць нямала і крытычных водгукаў ад ветэранскіх арганізацый, пенсіянераў і інш. У асноўным яны тычацца перайменавання “Плошчы Леніна”. Зараз ва Ўпраўленні культуры Мінгарвыканкаму будуць аналізаваць гэтыя водгукі ды рыхтаваць матэрыялы на разгляд новай сесіі Мінгарсавета 26-га склікання”

Нагадаем таксама, што днямі была распаўсюджана інфармацыя аб перайменаванні вуліцы Гандлёвай у гістарычным цэнтры Мінску ў Зыбіцкую, а таксама аб наданні двум праектуемым вуліцам імёнаў Еўфрасінні Полацкай і Валянціны Грызадубавай.

“Гэта яшчэ леташняе рашэнне нашай Камісіі, зацверджанае Саветам дэпутатаў 25-га склікання, і якое толькі цяпер прайшло ўсе юрыдычныя працэдуры”, — тлумачыць Іван Сацукевіч.

Адзначым, нягледзячы на тое, што тапаніміка Мінска з большага застаецца савецкай, у апошнія гады цэлы шэраг сталічных вуліц былі названыя ў гонар выбітных дзеячаў айчыннай несавецкай гісторыі ці паводле геаграфічных назваў прылеглых вёсак і мясцінаў. Аднак Зыбіцкая стала першай за 17 год мінскай вуліцай, якой вярнулі гістарычную назву.