ЗША адмовіліся ад змены рэжыму ў Беларусі

3

Крокі Вашынгтона выразна паказ‑ваюць на змену курсу ў дачыненні да Беларусі. Была падтрымка праз МВФ — 3,5 мільярда. Змянілася стаўленне да беларускай палітычнай апазіцыі. Ад пэўнае пары яе, хутчэй, ігнаруюць.

З чым звязаная перамена? Няма двух варыянтаў адказу: з курсам Мінска на незалежнасць ад Масквы.

Лукашэнку не ўдалося скалупнуць, значыць, варта з ім лічыцца. Не рэвалюцыя, а набліжэнне. Мінск не будзе праціўнікам, пакуль не будзе ўлазіць у антыамерыканскія авантуры. Такой выглядае палітыка Абамы да Беларусі. Абамы, першыя крокі якога Лукашэнка вітаў.

Ах так, ёсць прыватнае пытанне пасольства, з якога беларускія ўлады выгналі дыпламатаў. Гонар не дазволіць ЗША заплюшчваць на гэта вочы. Аднак у выпадку вырашэння пытання з пасольствам нармалізацыя адносінаў з ЗША падаецца рэальнай.

Стаўленне ЗША да пытанняў дэмакратыі ў Беларусі тады можа «азербайджанізавацца». Гэта значыць, прынцыповая падтрымка правоў чалавека, але без настойвання на палітычных пераменах. І гатоўнасць да развіцця эканамічных кантактаў.

Апазіцыі прыйдзецца прыстасавацца да новай дадзенасці, якая можа зацягнуцца аж да змены курсу ў Вашынгтоне ці ў Мінску. На першае апазіцыя ўплываць не можа — хоць і цешыць сябе такой ілюзіяй, а вось другое цалкам у беларускіх руках.

У кожным разе, нармалізацыя адносінаў з ЗША дасць Беларусі дадатковыя аргументы ў няпростым дыялогу з Масквой. Незалежнасць ад таго ўмацуецца, дэмакратыя адкладаецца на пасля.


Няма запісаў для адлюстравання