Удзел у прэс-канферэнцыі ўзялі эксперты кампаніі Аляксандр Фядута, Аляксандр Уліцёнак, каардынатар кампаніі Таццяна Процька, актывіст Мікалай Пахабаў, старшыня партыі “Справядлівы свет” Сяргей Калякін, намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Леў Марголін.

Напачатку эксперты выступілі з ацэнкай учарашніх падзей. Вось пра што яны гаварылі:

Аляксандр ФЯДУТА: “Нават следчыя, якія прыязджалі ў кватэры нашых актывістаў, не разумелі, што шукаць апроч носьбітаў інфармацыі…” 

— Учора адбылася паказальная аперацыя, якую можна назваць пагромам грамадзянскіх актывістаў. Што насамрэч адбылося? У адзін і той жа час улада прадпрыняла рэпрэсіўныя меры ў адносінах да актывістаў грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду!”. Гэта была спланаваная акцыя. Таму што з інтэрвалам ад паўгадзіны да гадзіны ў экспертаў кампаніі, лідэраў кампаніі, у тых, хто быў шараговым актывістамі кампаніі, пачаліся вобыскі на кватэрах. Адначасова прадстаўнікі сілавых структур увайшлі ў цэнтральны офіс, дзе знаходзіліся кіраўнікі кампаніі “Гавары праўду!”. Гэта афіцыйна зарэгістраваны офіс. Ён зарэгістраваны гісторыка-даследчай арганізацыяй “Рух наперад”. Адначасова з усіх рэгіёнаў Беларусі стала паступаць інфармацыя, што вобыскі праходзяць і там. Тое, якія сілы былі мабілізаваны, сведчыць пра тое, якое значэнне ўлада надавала гэтай акцыі. Чаму было зроблена менавіта так? Паказальна, адначасова… Нават следчыя, якія прыязджалі ў кватэры нашых актывістаў, не разумелі што шукаць апроч носьбітаў інфармацыі, не маглі адказаць ні на якія пытанні. Актывісты грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду!” не займаліся палітыкай. Яны займаліся выказваннем сваёй грамадзянскай пазіцыі наконт тых пытанняў, па якіх кожны грамадзянін Беларусі мае законнае права выказацца. Па-першае, гэта якасць працы беларускай улады. У адзін дзень жыхары Беларусі атрымалі паштоўкі з прапановай паставіць адзнаку гэтай уладзе. Па-другое, актывісты грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду!” пачалі выпраўляць тую несправядлівасць, якую ўлада дапусціла да аднаго з найвялікшых сыноў Беларусі – Васіля Уладзіміравіча Быкава. Пасля таго як было абвешчана, што пачынаецца збор подпісаў у падтрымку таго, каб адна з вуліц Мінска насіла яго імя, за дзевяць дзён толькі ў Мінску было сабрана больш за 10 тысяч подпісаў. У Гродне – 900 подпісаў. Стала зразумела, што такімі тэмпамі тыя лічбы, якія абяцаў агучыць лідэр кампаніі Уладзімір Някляеў (а гэта 50 тысяч у Мінску і 5 тысяч – у Гродне), будуць дасягнуты. Тэмпы, якія былі набраны, – самыя вялікія з усіх, якія ў нейкай акцыі мела грамадзянская супольнасць і апазіцыйныя партыі пасля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі. Гэта звязана з тым, што людзей аб’ядноўвала агульная ідэя. Мы ўбачылі, што ёсць нешта, з чым можна ісці да людзей. Людзі не баяліся ставіць свае подпісы і пакінуць свае хатнія адрасы, ведаючы, як улада ставіцца да памяці Васіля Быкава.

Што далей? Па-першае, збор подпісаў працягнецца. Па-другое, мы зробім усё магчымае, каб нашы калегі, а на сённяшні дзень гэта тры чалавекі – лідэр кампаніі лаўрэат дзяржаўнай прэміі Беларусі Уладзімір Някляеў, журналіст, сябра партыі “Справядлівы свет” Сяргей Вазняк, міжнародны каардынатар АГП Андрэй Дзмітрыеў, якія зараз у СІЗА, – хутчэй выйшлі на свабоду.

Аляксандр Уліцёнак:

— Скажу, што, працуючы як журналіст у дэмакратычным руху Беларусі, я ўпершыню стаў сведкам такой маштабнай, аднамомантавай і ўражваючай акцыі па  скасаванні працы арганізацыі, якая паўнавартасна працуе па сутнасці толькі адзін квартал.

Эксперт кампаніі “Гавары праўду!” палітолаг Святлана НАВУМАВА:Улада павяла сябе не як улада суверэннай дзяржавы, а як базарная баба, якая наслухалася плётак”

– Сілай абставінаў я апынулася ў эпіцэнтры ўчарашніх падзей – у мяне дома быў ператрус. Мяне дапытвалі ў Ленінскім РУУС, як і іншых маіх калег. Скажу, што гэта палітычны пагром. І гэты палітычны пагром ёсць не што іншае, як ацэнка ўладамі дзейнасці кампаніі “Гавары праўду!”. І гэта, як ні дзіўна, вельмі высокая ацэнка. Такой спланаванай акцыі застрашэння, акцыі гвалту даўно не было. Гэты прыклад яскрава паказвае, што калі мы не аб’яднаемся, то па адным нас проста разаб’юць. Гэты палітычны пагром – красамоўны адказ на пытанне, ці можа рэжым Лукашэнкі дэмакратызавацца, ці сапраўды адбываецца лібералізацыя. На мой погляд, адказ адназначны.

Гэтая рэакцыя спецслужб, рэакцыя дзяржавы – мякка кажучы, несалідная. Зусім нядаўна Аляксандр Лукашэнка заявіў аб тым, што ён дакажа ў першую чаргу расійскай уладзе, што ёсць сувязь паміж беларускімі ўладамі і Крамлём. Вось наслухаўшыся тых плётак, якія хадзілі вакол кампаніі “Гавары праўду!”, сёння ўлада выцягнула “козыр”, паказаўшы яго грамадству. Прытым што кампанія “Гавары праўду!” не мае ніякага дачынення да Крамля. Такім чынам, улада павяла сябе не як улада суверэннай дзяржавы, а як базарная баба, якая наслухалася плётак.

Сяргей КАЛЯКІН: “Гэта звычайны фашызм”

— Па-першае, я хачу павіншаваць арганізатараў кампаніі “Гавары праўду!” з поспехам. Тое, што зрабіла ўлада за апошнія суткі, вы б рабілі яшчэ не адзін месяц. Сёння кампанія і сапраўды пераўтварылася ў агульнанацыянальную, паколькі пра яе загаварылі людзі, якія з розных крыніц даведаліся пра тое, што адбылося з актывістамі і лідэрам кампаніі. Я заўжды кажу, што калі апазіцыя нешта недаробіць ці праваліць, то ўлада гэтага не дазволіць ёй зрабіць.

Улада не разумее, што робіць. Ну, разумных там ужо разагналі, таму ўлада не ведае, што творыць…

Справа гэтая палітычная. Сябру ЦК партыі “Сравядлівы свет”, галоўнаму рэдактару газеты “Товарищ” Сяргею Вазняку спрабуюць прывязяць 250-ы артыкул Крымінальнага кодэкса: “Распаўсюджванне лжывай інфармацыі пра тавары і паслугі”. Атрымліваецца, што праўда стала таварам. Па гэтым артыкуле, калі яго прымяніць палітычна, трэба пасадзіць у турму ўсіх ідэолагаў цяперашняга рэжыму, усе дзяржаўныя СМІ, якія вяшчаюць, таму што калі разгледжваць інфармацыю як тавар, то яны даюць ілжывую інфармацыю ў палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай галінах жыцця.Улада ніколі не прызнае, што пераследуе людзей палітычна, таму прыдумваюцца крымінальныя залачынствы. Яскравы прыклад – справа Аўтуховіча. Але я ўпэўнены, што ўсе абвінавачанні рассыпяцца, бо гэта абсурд. Узнікае іншае пытанне: што ж гэта такое адбываецца? Адказ вельмі просты. Гэта звычайны фашызм. Фашызм, пра які гаварыў яго заснавальнік Беніта Мусаліні. Ён гаварыў так: усё ў дзяржаве, усё пад кантролем дзяржавы, нічога па-за дзяржавай, нічога па-за кантролем дзяржавы. І не важна, што гэта кампанія “Гавары праўду!” – гэта незалежныя журналісты, палітычны партыі… Усё гэта, згодна з дактрынай фашызму і з палітычнай дактрынай нашай улады, падлягае знішчэнню. Таму будзьце пільнымі і будзьце салідарнымі. Сёння прыйшлі за Вазняком, заўтра прыйдуць за вамі. Таму, пакуль нас шмат, мы зможам абараніць і абараніцца.

Актывіст кампаніі “Гавары праўду!” Мікалай ПАХАБАЎ:

“Супрацоўнікі спецслужб раіліся з панятым, як праводзіць ператрус”

–Учора, калі мяне дапытвалі ў міліцыі, было зададзена пытанне: “Што гэта за кампанія?” Я адказаў: “Хлопцы, вы б хоць прачыталі пра яе, раз па ўсёй краіне арыштоўваеце людзей”.

Гэта кампанія, якая дапамагае людзям і ўладзе зрабіць тое, што цягам 15 гадоў не робіць Лукашэнка. А менавіта, кампанія скіравана на пабудову сапраўднай грамадзянскай супольнасці.

Я згодны з ацэнкай Сяргея Калякіна ў тым, што тое, што ўчора адбылося, – гэта сапраўдны фашызм. Для прыкладу, я раскажу вам, як адбываліся ўчора ператрусы.

У Бабруйску ператрус рабілі на хаце актывісткі кампаніі Алены Мядзведзевай. Дома яе не было, дзверы адчыніла ўнучка. Тут жа ў хату ўварваліся супрацоўнікі спецслужбаў і прама на вачах у непаўнагадовага дзіцяці сталі ламаць шафы… Выклікалі ўрача-псіхолага, каб яна прысутнічала пры ператрусе. Забіралі літаральна ўсё, нават пярсцёнкі залатыя хацелі забраць…

У Смалявічах ператрус адбыўся ў Яўгена Пугача. Яго дома не было. Супрацоўнікі спецслужбаў выклікалі прадстаўнікоў нейкай пазаведамаснай аховы і прымусілі, каб тыя адчынілі ім дзверы ў хату Пугача. Забралі ўсю аргтэхніку, зачынілі за сабой дзверы і з’ехалі… Гэта дзікунства!

Што тычыцца мяне, то ператрус у мяне дома праводзілі цягам шасці гадзін, у прысутнасці дзіцяці, якому няма трох гадоў… Не далі выклікаць адваката. З пяцярых чалавек, якія рабілі ператрус, адзін быў быццам бы паняты. Але астатнія ўвесь час раіліся з ім, як праводзіць ператрус…

Але, нягледзячы на ўсё гэта, кампанія “Гавары праўду!” будзе працягнута, чаго б нам гэта ні каштавала.

 “Штурма СІЗА не будзе”

Пасля завяршэння выступаў актывістаў кампаніі “Гавары праўду!” “Народная Воля” задала ім свае пытанні

— Шаноўныя актывісты кампаніі, а ці звярнуліся вы ўжо зараз па дапамогу – з просьбай аб абароне і падтрымцы – да калектываў вядучых прадпрыемстваў: трактарнага завода, аўтазавода, шахцёраў, будаўнікоў?

Таццяна Процька:

— Шаноўны спадар Сярэдзіч, ваша пытанне цікавае і слушнае. Але звярнуцца да іх – гэта акцыя. Мы думаем над гэтым. Адзінае, што я хачу зараз, дык гэта звярнуцца да прадстаўнікоў праваабарончых арганізацый, каб яны дапамаглі нам скласці іскі ў пракуратуру аб парушэннях, якія мелі месца пры затрыманнях нашых актывістаў.

— Пытанне да Аляксандра Фядуты: вы сказалі, што актывісты кампаніі зробяць усё магчымае для таго, каб затрыманыя Някляеў, Вазняк і Дзмітрыеў хутчэй апынуліся на волі. Не маглі б вы падрабязней распавесці, што за крокі гэта будуць?

— Перш за ўсё, гэта юрыдычная дапамога. Тыя, хто зараз знаходзіцца ў СІЗА, забяспечаны дапамогай адвакатаў. Будзе максімальная мабілізацыя і грамадзянскай супольнасці, і міжнароднай супольнасці, дзеля таго каб аказаць ціск на беларускую ўладу з нагоды яе неправамерных, з нашага пункту гледжання, дзеянняў. Штурму СІЗА не будзе.

Сяргей Калякін:

— Пытанне вельмі важнае. І я хачу сказаць, што сённяшняя прэс-канферэнцыя – гэта таксама акцыя падтрымкі затрыманых. Таму што сітуацыя, у якой яны былі затрыманы, спрыяе міжнароднаму ціску і правядзенню акцый пратэсту ўнутры краіны. Сёння выклікае апасенне тое, у якіх умовах утрымліваюць затрыманых актывістаў. Сёння раніцай родныя Сяргея Вазняка разам з актывістамі нашай партыі прыйшлі да СІЗА, каб перадаць яму цёплыя рэчы, яшчэ нешта, на што мае права зняволены. Выйшаў супрацоўнік гэтай установы. Ён не назваў сябе, а толькі сказаў: “Вазняк – злачынца, ён сядзіць у камеры ў кайданках, яму нічога не дазволена…” Яны ўжо без суда і следства ўсё вызначылі. Праўда, потым усе рэчы прынялі. Але не свавольства, якое чыніцца вакол гэтых людзей, павінна стаць прадметам усеагульнага клопату.




 

Поделиться: