Лідэр WZ-Orkiestra таксама атрымаў прапанову ўзяць удзел у новай пастаноўцы рок-опэры Ігара Лучанка «Гусляр».

Зміцер Вайцюшкевіч ужо выходзіў на сцэну філярмоніі. Упершыню гэта здарылася летась, калі ён выканаў песню «Як я ехаў да яе» на вечары памяці Ўладзіміра Мулявіна. 15 траўня выканаўца браў удзел у вечары памяці Ігара Паліводы, а 23 траўня выканае некалькі твораў разам з аркестрам на канцэрце з нагоды 106-годдзя Адама Русака. У гэтым вечары таксама возьмуць удзел такія артысты, як Якаў Навуменка, Надзея Мікуліч, групы «Славяне» і «Беларусы».

«Як гэта ні дзіўна можа падацца для прадстаўнікоў беларускага андэграўнду, філарманічная сцэна прывабная і адказная. І я па шчырасці яе баюся. Вельмі прыемна, што гледачы, якія ходзяць на такія канцэрты, таксама мяне ведаюць», — адзначыў артыст.

У яго планах запісаць з аркестрам цэлую праграму для паказу ў камэрнай абстаноўцы. Акрамя таго, выканаўца сыграе адну з галоўных роляў у пастаноўцы рок-опэры Ігара Лучанка «Гусляр», вядомую з кружэлкі «Песняроў». Плануецца, што Вайцюшкевіч сыграе ролю галоўнага адмоўнага пэрсанажу — князя. Гусляром будзе Пётр Елфімаў.

У бліжэйшы чацвер, 20 траўня, Вайцюшкевіч прадставіць у Мінску сольную праграму на вершы Ўладзіміра Караткевіча.