Як вынікае з матэрыялаў «чырвонай тэчкі» Рота, беларускі прэзыдэнт, які на той час быў афіцыйна аб’яўлены Брусэлем пэрсонай нон-грата, быў запрошаны ў альпійскую рэспубліку як старшыня Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі. Запрашаў яго тагачасны кіраўнік НАК Аўстрыі і адначасна ўладальнік сеткі аўстрыйскіх казыно Леа Вальнэр. Аўстрыйскі бок аплаціў гэты візыт Лукашэнкі і яго сьвіты з сакрэтнага рахунку НАК, у абыход законаў Аўстрыйскай рэспублікі. Цяпер матэрыяламі васьмігадовай даўніны займаецца мясцовая пракуратура.

Леа Вальнэр
Аднак, падае АРА, кампанія Casinos Austria ўхіляецца ад таго, каб выказаць сваю пазыцыю на гэты конт. Паводле дадзеных Міжнароднага алімпійскага камітэту, ягонай камісіі па этыцы, НАК Аўстрыі, пакуль так і ня выступіў з афіцыйнай справаздачай у гэтай сувязі. Што да цяперашняга кіраўніка Аўстрыйскага алімпійскага камітэту, то ён абараняе свайго мэнтара Леа Вальнэра.

Тым часам журналісцкае расьсьледаваньне Эрвіна Рота выклікала вялікі рэзананс у прэсе. Як перадае АРА, цяперашнія тэмы журналісцкага расьсьледаваньня Рота, наступныя:

Адкуль былі ўзятыя сродкі, якія пайшлі на аплату адпачынку беларускай дэлегацыі? Як сьцьвярджалі пазьней прадстаўнікі
Casinos Austria, якія аплачвалі ўсе рахункі, гэта не былі грошы кампаніі.
Хто тыя «зацікаўленыя бізнэсоўцы», якія аплачвалі гэты рахунак?
З кім канкрэтна сустракаўся Лукашэнка ў часе ягонай патаемнай паездкі ў Аўстрыю?
Хто быў запрошаны на розныя прыёмы, перамовы, вячэры?

Усе гэтыя ды іншыя пытаньні Эрвін Рот накіраваў сёньня непасрэдна Леа Вальнэру і іншым прадстаўнікам Casinos Austria, чые подпісы значацца ў фінансавых матэрыялах. Аўстрыйскі журналіст дужа просіць адказаць яму на гэтыя пытаньні не пазьней за 10 траўня.

Поделиться: