17:20

Зараз перад ганкам суда людзі ўскладаюць кветкі і спяваюць песні.

16:55

Абвінавачанне ў падрыхтоўцы тэракта супраць Уладзіміра Саўчанкі таксама знятыя, супраць Аўтуховіча засталося толькі незаконнае захоўванне дома пяці патронаў.

16:38

Замах на Камянко таксама зняты.

Даказанае толькі сачэнне з мэтай збору кампрамату.

16:29

Тэракт у дачыненні намесніка міністра па падатках і зборах Васіля Камянко. Суд прызнаў, што з боку Аўтуховіча адсутнічаюць грамадска-небяспечныя дзеянні.

15:30

Суд лічыць, што няма доказаў стварэння Аўтуховічам злачыннай групы і кіравання ёю. Няма таксама доказаў па Асіпенку.

Знялі абвінавачванні Аўтуховічу наконт падпалаў дома экс-начальніка Ваўкавыскага РАУС Сяргея Кацубы ў 2004 годзе.

* * *

Намеснік старшыні «Маладога фронту» Мікола Дземідзенка заклікае прыходзіць да Вярхоўнага суда з кветкамі. «Мы занадта песімістычна настроены. Лічым, што ўсё ўжо вырашана, але давайце прыйдзем не на прысуд, а сустракаць Аўтуховіча. Трэба браць з сабой кветкі, каб годна іх сустрэць».

16 красавіка пракурор Эльдар Сафараў запатрабаваў прыгаварыць Аўтуховіча да 20 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці, Асіпенку і Ларына — да 11 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Для Міхаіла Казлова ён запрасіў тры гады калоніі агульнага рэжыму без права займаць кіруючыя пасады.

Праваабаронца Алег Воўчак практычна кожны дзень прысутнічаў на судовым працэсе.

«І ў Беларусі, і за мяжой мяне часта пытаюцца: чаму асоба Мікалая Аўтуховіча прыцягнула такую ўвагу беларускіх уладаў? Гэта не быў партызанскі атрад, як хочуць паказаць на судзе, а група аднадумцаў, што расследавалі карупцыю ў сваім рэгіёне. Яны знайшлі карупцыю ў тым органе, дзе яе не можа быць, у аддзяленні Міністэрства па падатках і зборах. Яны даведаліся, як сістэма зарабляе грошы. Частка грошай даставалася мясцовым чыноўнікам, а астатнія ішлі далей», — кажа А.Воўчак.

Праваабаронца расказвае, што яшчэ ў 2003 годзе адна з інспектарак адкрыта сказала Аўтуховічу: калі ён хоча весці бізнес, то павінен плаціць грошы.
Аўтуховіч адмовіўся. Пасля чаго і пачаліся ў яго праблемы.

Юрыст Алеся Мураўёва звяртае ўвагу на шэраг недакладнасцяў і незразумелых рэчаў падчас разбіральніцтваў. Напрыклад, як Ларын са свайго месца на тэрыторыі школы‑ліцэя хацеў трапіць у старшыню Гродзенскага аблвыканкама Саўчанку, калі з яго нічога не было бачна. І відэа гэта даказала.

Следчыя не звярнулі ўвагу на словы Аляксандра Ларына, што свайго саўдзельніка па падрыхтоўцы тэракта «ён забіў і закапаў». Нібыта і не гаварыў ён нічога такога.

Для Мураўёвай крыху камічным выглядае эпізод з цацачным караблікам, які Аўтуховіч купіў у Маскве для дзіцячага конкурсу, а на судзе з яго спрабавалі зрабіць самаробнае выбуховае прыстасаванне. З гэтым караблікам Аўтуховіч, па словах Ларына, хацеў зрабіць замах на намесніка міністра па падатках і зборах Васіля Камянко.

Прадпрымальнік з Оршы Пузікаў на судзе адкрыта прызнаўся, што пасля дачы паказанняў следчы Клачко прэзентаваў яму бутэльку гарэлкі і квіток да Оршы.
«Падчас справы мы назіралі вар’яцкі ціск на сведак», — кажа А.Мураўёва.

Людміла Гразнова з «Праваабарончага альянсу» кажа, што Аўтуховіч, Асіпенка і Казлоў — гэта «героі сённяшняга часу». «На судзе яны выступалі годна, чэсна, лагічна. Яны не выглядаюць падаўленымі і няшчаснымі. Нават пасля патрабаванняў пракурора яны поглядамі падбадзёрвалі прысутных у зале. На жаль, не ўсе яны такія. Ларын — гэта аб’ект для псіхааналітыкаў», — кажа Л.Гразнова.

Алеся Мураўёва не такая катэгарычная ў дачыненні да Ларына. Яна кажа, што гэты чалавек такая ж ахвяра сістэмы, як і іншыя падсудныя. І яшчэ невядома, які ціск давялося вытрымаць яму.

«Аўтуховіча па падпалах апрацоўвалі яшчэ ў 2005 годзе, але ніякіх доказаў віны не было. Ён выйшаў з турмы, але не супакоіўся. Цяпер яго вырашылі дабіць», — кажа Эніра Браніцкая з праваабарончага цэнтра «Салідарнасць».

«У Аўтуховіча былі моцныя апошнія словы. Ён гаварыў не пра сябе, а пра інтарэсы беларускага народа. Гэта дзяржаўны чалавек. Увесь працэс можна ахарактарызаваць словамі Юрыя Лявонава, які паўтараў увесь час: «Трызненне». Жывымі іх з турмы не выпусцяць, калі запрашваюць такія тэрміны», — працягвае Вячаслаў Сіўчык з руху «Разам».

«Відавочна, што справа палітычная. Няма сумневаў, што яны вязні сумлення. Буду рабіць усё, што ад мяне залежыць, каб гэтыя людзі апынуліся на свабодзе. Без салідарнасці перамагае зло», — зазначыў Аляксандр Мілінкевіч.

Толькі перад самым прысудам ўсё незалежнае грамадства прызнала, што справа Аўтуховіча палітычная.

Поделиться ссылкой: