«Першае знаёмства з тэкстам пакідае адчуваньне, што гэты дакумэнт быў прыняты імпульсіўна, пад уплывам выпадковых фактараў ці ваганьняў палітычнай каньюнктуры. ПАРЭ кажа пра сваю прыхільнасьць да дыялёгу зь Беларусьсю і тут жа прымае рашэньне прыпыніць усе кантакты. У гэтай сытуацыі пазыцыя беларускага боку выглядае больш пасьлядоўнай. Мы разглядаем дыялёг як сродак вырашэньня ўсіх наяўных пытаньняў і дасягненьня ўзаемаразуменьня, і разьлічваем, што нашы партнэры таксама прыйдуць да такой высновы».

Нагадаем, ПАРЭ прыняла рашэньне прыпыніць кантакты на высокім узроўні з парлямэнтам і структурамі ўраду Беларусі, канстатаваўшы «адсутнасьць прагрэсу» на шляху да стандартаў Рады Эўропы і «адсутнасьць палітычнай волі» з боку ўладаў адносна прыняцьця каштоўнасьцяў арганізацыі.

Асамблея нагадала, што яна, як і раней, гатовая ўступіць у паступальны дыялёг зь беларускімі ўладамі «ў адказ на пазытыўныя зрухі», але яшчэ раз падкрэсьліла, што «дыялёг можа падтрымлівацца толькі на шляху няспыннага руху Беларусі да стандартаў Рады Эўропы».

У рэзалюцыі, якая прынятая на падставе дакладу Сінікі Хурскайнэн (Фінляндыя), парлямэнтары нагадалі аб прапанове, зробленай ПАРЭ ў мінулым годзе, пра аднаўленьне статусу спэцыяльна запрошанага для парлямэнту Беларусі пры ўмове, што будзе ўведзены мараторый на сьмяротнае пакараньне.