Пры ўважлівым разглядзе робіцца зразумела: адпачынак Аляксандра Лукашэнкі быў далёка не такім шыкоўным, як гэта падаецца на першы погляд. У пэўным сэнсе яго нават можна назваць досыць сціплым.

Паводле рахунка з гатэля Kosterbräu, у ім пасялілася 17 чалавек беларускай дэлегацыі. Люкс, у якім жыў беларускі прэзідэнт, каштаваў крыху больш за 700 еўра ў суткі.

Зрэшты, гэта цалкам адпавядае статусу госця. А вось астатнія ўдзельнікі дэлегацыі засяліліся ў цалкам звычайныя нумары, самы дарагі з якіх каштаваў каля 170 еўра за суткі. Пры гэтым палова людзей засялілася не ў люксы, а ў двухмясцовыя нумары. Сыны Аляксандра Лукашэнкі таксама спыніліся разам у двухмясцовым нумары, прычым не ў самым дарагім — ён каштаваў каля 116 еўра, то бок, каля 60 еўра на чалавека. Гэта ўжо цалкам параўнальна з цэнамі на адпачынак у беларускіх санаторыях. Гатэльныя паслугі (бадай, сюды ўключана і харчаванне) склалі прыкладна 50 еўра ў дзень на чалавека — звычайны кошт вячэры ў добрай рэстарацыі.

Скандальны адпачынак Лукашэнкі

Рахунак гатэля Klosterbräu за пражыванне беларускай дэлегацыі і прадстаўнікоў аўстрыйскага боку.

Скандальны адпачынак Лукашэнкі

 Квітанцыя за арэнду лыжнага і хакейнага рыштунку.

Варта адзначыць, што рахунак выпісана да аплаты на імя НАК Аўстрыі. Гатэль Klosterbräu. Увогуле, гатэль Klosterbräu — хоць і даволі дарагі, пяцізоркавы, але далёка не элітарны. Хутчэй, ён арыентуецца на сямейны адпачынак.

З водгукаў наведнікаў на сайце гатэля можна зрабіць выснову, што туды прыязджаюць, у асноўным, сямейныя пары, якія належаць да стабільнага аўстрыйскага сярэдняга класа. Вось толькі сярэдняга беларускага заробку на адпачынак усё-такі не хопіць. Цэны на пакоі ў гатэлі Klosterbräu можна пабачыць тут.

Скандальны адпачынак Лукашэнкі

Фрагмент квітанцыі на пракат лыжнага рыштунку.Імя кліента — Аляксандр.

З квітанцыяў вынікае, што Аляксандр Лукашэнка атрымаў невялікую траўму сцягна пры коўзанні на лыжах. Верталёт хуткай дапамогі перавёз прэзідэнта ў мясцовую клініку. Такса за хвіліну палёту: 66 еўра, агулам машына налятала на 7260 еўра.

100 еўра каштаваў агляд доктара, 200 еўра — лічбавы рэнтген, 5 еўра плёнка для рэнтгена, магнітна-рэзанансны здымак сцягна – 585 еўра. Наўрад ці беларускаму прэзідэнту выставілі адмыслова завышаны рахунак, хутчэй за ўсё гэта – стандартныя цэны на медыцынскія паслугі такога кшталту. Таму, калі раптам паедзеце на аўстрыйскі гарналыжны курорт, не забудзьцеся пра страхоўку – інакш дапамога доктара ўляціць вам у капеечку. Зрэшты, у гэтым выпадку такой праблемы не ўзнікла: медыцынскія выдаткі аплаціў аўстрыйскі бок.

Рахунак за тэрміновае медыцынскае абслугоўванне Аляксандра Лукашэнкі ў сувязі з атрыманай траўмай на лыжнай трасе ў Аўстрыі. Уключна з эвакуацыяй на верталёце.

Скандальны адпачынак Лукашэнкі

Цалкам паездка прэзідэнцкай дэлегацыі на адпачынак у Аўстрыю каштавала каля 200 000 еўра. Вялікая агульная сума часткова вынікае са звычкі Аляксандра Лукашэнкі адпачываць вялікай кампаніяй, са сваякамі і прыбліжанымі.

Аднак асноўны кошт склалі, паводле звестак Эрвіна Рота, арэнда самалётаў для авіяпералётаў і арганізацыя дабрачыннага хакейнага турніра для дапамогі ахвярам Чарнобыля (усе выдаткі таксама аплаціў аўстрыйскі бок).

Абалонка таямнічасці вакол жыцця беларускага прэзідэнта стварае прыдатную атмасферу для разнастайных плётак. Аднак яго побыт у гэтым канкрэтным выпадку выглядае нашмат больш празаічным, чым гэта часам малюе масавая фантазія.

Эскапады расійскіх алігархаў у якім-небудзь Куршэвэлі выглядаюць непараўнана больш раскошнымі, чым прэзідэнцкі адпачынак 2002 г. у Альпах.

З юрыдычнага пункту гледжання Аляксандра Лукашэнку папракнуць няма ў чым. Прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэту Аўстрыі запрасіў яго з сям’ёй на адпачынак – чаму б не з’ездзіць?

У беларускіх падаткаплатнікаў у гэтым выпадку таксама не павінна быць прэтэнзіяў — яны на канікулы прэзідэнта не патрацілі ні рубля (што цалкам пацвярджаюць квітанцыі). Улічваючы тое, што прэзідэнту, як ні круці, адпачываць трэба — выйшла нават значная эканомія.

Аднак з палітычнага пункту гледжання прэзідэнту прымаць падарунак у выглядзе аплачанага адпачынка коштам 200 000 еўра — неэтычна і заганна.

Паўстаюць пытанні наконт таго, якія матывы меў аўстрыйскі бок, калі вырашыў зрабіць такі больш чым шчодры падарунак.

Няма чаго дзівіцца, што аўстрыйскія арганізатары, а калі казаць больш дакладна — кампанія Casinos Austria, выявіліся не дужа сумленнымі гаспадарамі. Афіцыйнае запрашэнне Аляксандру Лукашэнку было даслана ад імя тагачаснага прэзідэнта НАК Аўстрыі Леа Вальнэра, які адначасова з’яўляецца суўладальнікам буйной сеткі казіно Casinos Austria.

Несумненна, беларускі бок здагадваўся пра тое, што спадар Вальнэр зацікаўлены не толькі ў спартовым супрацоўніцтве, але і ў тым, каб пашырыць свой бізнэс на Беларусь. Тым больш, што Casinos Austria — гэта магутная кампанія, найбуйнейшы плацельшчык падаткаў у аўстрыйскую казну. Аднак, як выявіла журналісцкае расследванне Эрвіна Рота, Леа Вальнэр вырашыў аплаціць адпачынак свайго госця праз сакрэтны рахунак, у абыход аўстрыйскіх законаў. Дарадцам беларускага прэзідэнта наўрад ці гэта было вядома, бо афіцыйна ўсе рахункі на аплату падарожжа выпісваліся на імя НАК Аўстрыі (каб пераканацца ў гэтым, дастаткова зірнуць на чэкі). І толькі Леа Вальнэр ведаў, што рахунак гэты — патаемны, і грошы на яго пераводзяцца з Casinos Austria…

Праўда ўсплыла, у Аўстрыі пачаліся рэвізіі, разбіральніцтвы. Ці не гэты несур’ёзны падыход Леа Вальнэра зрабіўся прычынай таго, што Casinos Austria дагэтуль не здолелі прабіцца на беларускі рынак?

Увогуле, нічога кардынальна новага пра Аляксандра Лукашэнку гэтая гісторыя з адпачынкам у Альпах не адкрыла. А вось сама Аўстрыя, гэты шпіёнскі рай Еўропы, паўстае ў нечаканым святле.

Усю гэтую гісторыю раскрыў спартовы эксперт і журналіст Эрвін Рот. Ён правёў уласнае расследаванне па слядах рэвізіі, якая адбылася ў Нацыянальным алімпійскім камітэце Аўстрыі. Вынік яго агаломшыў: мяркуючы па ўсім, тагачасны кіраўнік аўстрыйскага НАК лабіраваў інтарэсы падкантрольнага яму гульнёвага бізнэсу, спадзеючыся пашырыць яго на Беларусь. Гутарку з Эрвінам Ротам чытайце тутака. «Гэта быў шчодры прыём», кажа журналіст.

Піша ўплывовая аўстрыйская газета «Die Presse»: «Спадар Рот адчыняе сваю чырвоную тэчку. У ёй — чэкі і квітанцыі, якія распавядаюць гісторыю шыкоўнага падарожжа Лукашэнкі і сакрэтнага рахунка НАК Аўстрыі, які быў адчынены ў 2001 г. у банку Raiffeisen Bank па ініцыятыве Леа Вальнэра. 3 сакавіка 2002 г. прэзідэнт разам з жонкай, сынамі і світай паляцеў на 14 дзён у Тыроль. Кошт падарожжа — каля 200 000 еўра. Кампанія пасялілася ў двух файных гатэлях паблізу казіно. У дабрачынным хакейным турніры для ахвяраў Чарнобыля Лукашэнка забіў тры галы. Да імпрэзы далучыўся знакаміты DJ Otzi. Каштавала гэта 47 000 еўра. У тэчцы Рота падшытыя чэкі на аплату гатэльных нумароў, пракат горных лыжаў, арэнду горных бунгала. Напрыклад, бунгала Rosskopfhutte: 16 сакавіка 2002 г., кошт арэнды 1006,40 еўра, замоўлена 70 бутэлек спіртовых напояў. На чэках — нанесеная рукой чалавека пазнака: «Casino Austria, НАК Аўстрыі».

Аўстрыйская газета «Kurier» піша: «Паводле нашых звестак, былы кіраўнік НАК Аўстрыі і шэф Casinos Austria Леа Вальнэр можа быць уцягнуты ў скандал глыбей, чым гэта ўяўлялася раней. Напрыканцы 2001 г. Вальнэр адчыніў патаемны рахунак ад імя НАК Аўстрыі, праз які цягам некалькіх год былі перапампаваныя мільёны еўра. Больш за тое: на пачатку 2002 г. праз гэты рахунак праводзіліся грошы для таго, каб лабіраваць інтарэсы карпарацыі Casinos Austria. Канкрэтна гутарка ідзе пра запрашэнне беларускага кіраўніка ў сакавіку 2002 г. Гэта была шыкоўная паездка для палітыка, якім, праз кепскую сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, міжнародная супольнасць пагарджала як «апошнім дыктатарам Еўропы».

«Die Presse» задаецца пытаннем: «Які быў інтарэс НАК Аўстрыі запрашаць Лукашэнку ў Аўстрыю?» «Аніякага», — лічыць Рот. Сакрэтны рахунак быў створаны з адзінай мэтай: вырашыць дылему, якая паўстала перад Casinos Austria. У Еўрасаюзе чыноўнікам забароненыя афіцыйныя кантакты з дыктатарам Лукашэнкам. Але ж Вальнэр запрасіў усяго толькі прэзідэнта НАК Беларусі. То бок Лукашэнку. Экспансія на ўсход мусіла працягвацца. Вось як пракаментаваў Вальнэр гэта выданню «Presse am Sonntag»: «Мы дзейнічалі ў эканамічных інтарэсах Аўстрыі». Сапраўды, многія аўстрыйскія фірмы зацікаўленыя ў працы на 10‑мільённым беларускім рынку.

Цікава, што пытаннем пра тое, чаму Лукашэнка са світай адпачывае ў дэмакратычнай Аўстрыі, задаваўся яшчэ пад час ягонага візіту аўстрыйскі часопіс «Profil». І прыйшоў да высновы: Casinos Austria спадзяваліся займець перавагі на беларускім рынку. Правая рука Леа Вальнэра, дырэктар кампаніі Casinos Austria Герхард Шкоф зрабіў пад час спрэчнага візіта Лукашэнкі наступную заяву: «Калі Беларусь пажадае займець казіно, у нас будуць у руках найлепшыя карты». Аднак, мяркуючы па ўсім, «карта не пайшла». Кампанія Casinos Austria так і не здолела прабіцца на беларускі рынак. Сакрэтным рахункам НАК Аўстрыі шчыльна занялася пракуратура краіны.

Скандальны адпачынак Лукашэнкі

* * * Даведка. Аўстрыйскі капітал у Беларусі «Velcom». Акцыі мабільнага аператара трапілі ў рукі аўстрыйцаў праз Кіпр. Спачатку ў жніўні 2007 года Беларусь прадала дзяржаўныя 51% акцый прадпрыемства «Мабільная лічбавая сувязь» кіпрскай «SB Telecom» за $300‑500 мільёнаў. Але ўжо праз некалькі месяцаў Telecom Austria Group перакупіла 70% акцый Velcom, заплаціўшы нашмат даражэй — мільярд даляраў. Цяпер гаворка ідзе і пра астатнюю частку акцый. Яны могуць быць выкуплены аўстрыйцамі да канца года за 320 мільёнаў еўра.

«Прыёрбанк». У пачатку 2003 года аўстрыйскі холдынг Rаiffеisеn Intеrnаtiоnаl Веtеiligungs АG выкупіў 50% акцый банка. Кошт кантракта — 30,6 мільёна еўра. У далейшым доля аўстрыйцаў была даведзена да 87,74%.

«Мотавела». Інвестыцыйнае фіяска. Аўстрыйская кампанія ATEC выкупіла завод у 2007 годзе менш чым за $10 мільёнаў. Апошнім часам інвестар сутыкнуўся з фінансавымі цяжкасцямі. Месяц таму першы віцэ‑прэм’ер Уладзімір Сямашка з сумам канстатаваў, што «Матавела» спынілася.

Шклазавод «Ялізава». Завод на Магілёўшчыне дастаўся аўстрыйскай той самай ATEC ад канадцаў у 2001. Пільную ўвагу кіраўніцтва Беларусі менавіта да гэтай адносна невядомай аўстрыйскай кампаніі тлумачылі расійскімі каранямі бізнэсу.

Дрэваапрацоўчы завод. Аўстрыйская кампанія Kronospan Holding Limited хоча ўкласці 150 мільёнаў еўра ў стварэнне вытворчасці ў Беларусі. Прапанова месячнай даўніны атрымала ўхваленне ўладаў. Усяго ж у 2009 годзе ў Беларусі было зарэгістравана 18 прадстаўніцтваў аўстрыйскіх кампаніяў і 69 прадпрыемстваў з удзелам аўстрыйскага капіталу.

* * * Даведка. Замежны гандаль Беларусі і Аўстрыі 2007. $205 мільёнаў 2008. $254 мільёнаў 2009. $170 мільёнаў

Краіны‑лідэркі па інвестыцыях у Беларусь па выніках 2009 Расія 65% Аўстрыя 10% (каля $1 мільярда) Кіпр 6% Крыніца: Белстат

Поделиться: