Пра гэта паведаміў 28 красавіка ў Мінску на кангрэсе “Вада-2010” выканаўца абавязкаў дырэктара РУП “Цэнтральны навукова-даследчы інстытут комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў” Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Станкевіч.

Паводле яго слоў, падобны дакумент будзе распрацоўвацца ў Беларусі ўпершыню. Нягледзячы на тое, што ў краіне дастаткова паспяхова рэалізуецца вялікая колькасць дзяржпраграм, якія ў той ці іншай ступені тычацца водных рэсурсаў, адзіныя падыходы да пытанняў рацыянальнага выкарыстання гэтых рэсурсаў і іх аховы адсутнічаюць, адзначыў Станкевіч.

У большасці краін ужо распрацаваны, прыняты і дзейнічаюць стратэгіі аховы і выкарыстання водных рэсурсаў, сказаў Станкевіч. Напрыклад, у ЕС дзейнічае Водная рамачная дырэктыва і шэраг іншых, якія тычацца аховы і выкарыстання вод; Расія прыняла Водную стратэгію ў 2009 годзе.

“І ў Беларусі наспела неабходнасць распрацоўкі і прыняцця такога стратэгічнага дакумента. Гэта дазволіць павысіць аддачу для эканомікі краіны выкарыстання водных рэсурсаў”, — сказаў Станкевіч. У дакуменце павінны быць вызначаны асноўныя праблемы, якія звязаны з воднымі рэсурсамі ў Беларусі, і шляхі іх вырашэння.

Як паведаміў спецыяліст, інфармацыйнай падставай для падрыхтоўкі Воднай стратэгіі будуць служыць у першую чаргу звесткі Дзяржаўнага воднага кадастру, вынікі назіранняў сістэмы маніторынгу навакольнага асяроддзя, дзейныя праекты праграмы “Чыстая вада”, Нацыянальнай стратэгіі развіцця Беларусі да 2020 года, а таксама шэрагу іншых праграм і іх праектаў, якія яшчэ распрацоўваюцца.

Паводле слоў Станкевіча, Саўмін даручыў Мінпрыроды падаць праект Воднай стратэгіі 1 кастрычніка. Распрацоўкай дакумента зоймецца НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў. У пачатку лета першую рэдакцыю праекта Воднай стратэгіі плануецца падаць на абмеркаванне ўсіх зацікаўленых міністэрстваў і ведамстваў, а таксама грамадскасці.

Поделиться ссылкой: