Зараз выстава скончыла сваю работу ў Гомелі і з 29 красавіка будзе прадстаўлена ў Мінску.

 Колькі вынаходнікаў вы можаце назваць пайменна? Хутчэй за ўсё, не шмат. А колькі сярод іх жанчын? Не так і проста ўзгадаць… Жанчыны заўсёды былі вынаходлівымі, але іх вынаходніцтвы ўсур’ёз не ўспрымаліся, у першую чаргу таму, што яны мелі бытавы характар. Для таго, каб жанчыны і дзяўчаты занялі сваё належнае месца сярод вынаходнiкаў, ім неабходна падтрымка. Мы ўпэўнены, што кожны чалавек надзелены фантазіяй і здольнасцю ствараць штосьці новае – і гэта павінна стаць прадметам абмеркавання.

 Арганізатарамі выставы выступілі: Шведскі інстытут, Тэхнічны музей у Стакгольме, Пасольства Швецыі ў Рэспубліцы Беларусь, Мінскі дзяржаўны палац дзяцей і моладзі. Выстава арганізавана пры падтрымцы ГА “Беларускі саюз жанчын”, УА “Беларускі дзяржаўны універсітэт”, УА “Жаночы інстытут ЭНВІЛА”, ГУ “Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр гігіены”.

 Мэта выставы – не толькі паведаць пра актыўны ўдзел жанчын у развіцці тэхнічнага прагрэсу і творчай думкі, але і дапамагчы беларускiм жанчынам і дзяўчатам рабіць больш смелыя крокі ў развіцці свайго творчага патэнцыялу, адкрыцці сваёй уласнай справы і ператварэння свайго хобі ў любімую справу.

 Прыклад шведскіх жанчын-вынаходніц паказвае, што зрабіць карысныя вынаходніцтвы можна не толькі маючы вышэйшую тэхнічную адукацыю, але і проста маючы жаданне палепшыць што-небудзь у штодзённым жыцці і дапамагчы іншым людзям.

 Частка выставы будзе прысвечана дасягненням беларускіх творчых жанчын, якія займаюцца вынаходніцтвам усё сваё жыццё і маюць вялікія дасягненні ў навуцы.

 Падчас выставы можна будзе даведацца пра гісторыю найбольш цікавых жаночых вынаходніцтваў, убачыць каля 50-ці разнастайных вынаходніцтваў і рацыяналізацый, паспрабаваць самім зрабіць уласныя маленькія вынаходніцтвы пры дапамозе інтэрактыўных гульняў, пазнаёміцца з дасягненнямі паспяховых жанчын Мінска, паўдзельнічаць у віктарыне “Швецыя далёкая і блізкая” i атрымаць прызы.

 У перыяд правядзення выставы плануюцца сустрэчы з жанчынамі-вынаходніцамі са Швецыі, з паспяховымі жанчынамі Мінска, а таксама круглыя сталы, семінары, дыскусіі, трэнінгі.

 Выстава будзе працаваць з 29 красавіка па 4 ліпеня 2010 года ў Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі (Старавіленскі тракт, 41).

Час працы выставы – з 10-00 да 13-00; 14.00 да 19.00,

субота, нядзеля – з 11.00 да 13.00; 14.00 да 18.00 з адным выхадным – панядзелкам.

Уваход на выставу вольны.

 Арганізатары выставы спадзяюцца, што яе правядзенне дасць штуршок для таго, каб жанчыны і дзяўчаты смела ішлі ў навуку, бізнес, займалі вядучыя пасады на вытворчасці. Каб спалучэнне “жанчына і тэхніка”, “жанчына і інавацыя” выклікалі павагу не толькі ў жанчын, але і ў мужчын.

Запрашаем усіх жадаючых наведаць выставу!

 Пасля Беларусі экспазіцыю прыме Украіна, а ў наступным годзе – балканскія краіны.

Поделиться ссылкой: