10.35 БНБ без дэпутатаў

Лідэры беларускага незалежніцкага блёку падвялі папярэднія вынікі мінулай выбарчай кампаніі

Ніхто ад Беларускага народнага фронту, “Маладой Беларусі” і руху “За свабоду” не здолеў атрымаць дэпутацкі мандат.

Старшыня БНФ Аляксей Янукевіч заявіў, што гэтую кампанію ўвогуле нельга назваць выбарамі: “Гэта былі несапраўдныя выбары ў несапраўдныя саветы”. Паводле Янукевіча, зьмены ў Выбарчы кодэкс ніякім чынам не паўплывалі на дэмакратычнасьць выбараў. Узровень маніпуляцый і парушэньняў нават узрос у параўнаньні з папярэднімі кампаніямі. Найбольш істотным ён назваў масавае, арганізаванае ўладамі дарэміновае галасаванне.

Лідэр руху “За свабоду” Аляксандар Мілінкевіч тым не меней заявіў, што мэты, якія ставіліся ў гэтай кампаніі, у цэлым дасягнутыя. Яны былі ў тым, каб змагацца за насельніцтва, падтрымліваць у гармадстве пратэстны настрой і выкрываць механізмы фальсыфікацыяў.

Паводле Мілінкевіча, які праехаў за гэтай кампаніяй ўсе вобласці Беларусі, беларускае грамадства стала больш сьпелым, меней агрэсыўным да людзей з альтэрнатыўнымі поглядамі.

10.45 Рух “За Свабоду” застаўся без дэпутатаў

Ніводзін з кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў Беларусі ад руху “За свабоду”, паводле папярэдніх дадзеных, ня здолеў стаць дэпутатам. Пра гэта “Свабодзе” паведаміў намесьнікі старшыні руху Віктар Карняенка.

10.30 Два дэпутаты ад “Справядлівага сьвету”

Двух дэпутатаў мясцовых саветаў у Берасьцейскай вобласьці, паводле папярэдніх дадзеных, правяла партыя “Справядлівы сьвет”. Пра гэта “Свабодзе” паведаміў сакратар ЦК партыі Валеры Ўхналёў:

“Аляксандар Галькевіч – урач “Хуткай дапамогі” стаў дэпутатам Баранавіцкага гарадзкога савета. Ён ва ўпартай барацьбе з адрывам амаль у 300 галясоў перамог стаўленіка “вэртыкалі” – рэдактара афіцыйнай мясцовай газэты “Наш край” Міхаіла Шубіча. А Ўладзімэр Дарафей стаў дэпутатам Берасьцейскага раённага савета ў безальтэрнатыўнай акрузе”.

9.45 Прэсавыя канферэнцыі па выніках выбараў

10.00, вул. Машэрава, 8, офіс Партыі БНФ
Прэсавая канфэрэнцыя аб выніках мясцовых выбараў з удзелам лідэраў “Беларускага незалежніцкага блока” (БНБ) Аляксандра Мілінкевіча і Аляксея Янукевіча, а таксама кандыдатаў у дэпутаты ад БНБ.

11.00, вул. Машэрава, 8, офіс Партыі БНФ
Прэсавая кіраўніцтва Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі.

12.00, Нацыянальны прэсавы цэнтар
Прэсавая канферэнцыя старшыні Цэнтрвыбаркаму Лідзіі Ярмошынай.

14.00, офіс БХК
Прэс-канферэнцыя па выніках маніторынгу выбараў у мясцовыя саветы удзельнікаў кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”.

9.20 Тры дэпутаты ад БХД абраныя ў мясцовыя саветы

Ад стваранай Партыі Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі ў мясцовыя саветы абраныя тры дэпутаты.

Дэпутатам Асіповіцкага райсавета стаў вэтэрынар Аляксей Цюлькоў.

Настаўніца Жанна Шчарбініна перамагла ў Аўсянкаўскай сельскай акрузе ў Горкаўскім раёне. Яна набрала 51%.

Дэпутатам па Сідрынскім сельсавеце ў Кобрынскім раёне стаў ваенны пэнсіянэр Віктар Бардзюг.

Поделиться: