Паводле інфармацыі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, мэта акцыі — павялічыць узровень інфармаванасці насельніцтва аб пазітыўнай ролі прафілактычных прышчэпак. Падчас тыдня імунізацыі ўсе жадаючыя змогуць атрымаць кансультацыі аб прышчэпках ў абласных цэнтрах гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя і паліклініках. А 28 красавіка ў рэспубліканскім цэнтры будзе арганізавана гарачая тэлефонная лінія: усе жадаючыя змогуць задаць пытанні па імунапрафілактыцы інфекцыйных хвароб.

Тэлефон гарачай лініі: (8017) 2785929, па ім з 9.30 да 16.30 на ўсе пытанні адкажа загадчыца аддзялення імунапрафілактыкі Вераніка Шымановіч.

У медустановах таксама пройдуць выставы і круглыя сталы, прысвечаныя акцыі.

Медыкі падкрэсліваюць важнасць імунапрафілактыкі, сцвярджаючы, што вакцынацыя выратоўвае жыцці людзей ва ўсім свеце. Планавая імунізацыя супраць такіх хвароб, як поліяміэліт, слупняк, дыфтэрыя і коклюш штогод захоўвае жыцці прыкладна 3 млн. чалавек, пазбаўляе мільёны людзей ад пакут, звязаных з хваробамі і інваліднасцю.

У Беларусі за апошнія 50 гадоў пры дапамозе прышчэпкі папярэджана больш як 3 млн. выпадкаў адзёру; захворванне на краснуху за 10 гадоў знізілася больш чым у 20 тыс. разоў.

На сёння ў краіне прадугледжана планавая імунізацыя супраць дзевяці інфекцый: коклюшу, дыфтэрыі, слупняку, адзёру, краснухі, эпідэмічнага паратыту, туберкулёзу, поліяміэліту і віруснага гепатыту B. Па эпідэмічных паказаннях прадугледжана прышчэпка супраць 19 інфекцый, у тым ліку віруснага гепатыту А, шаленства, клешчавага энцэфаліту, бруцэлёзу, тулярэміі, сібірскай язвы, грыпу і іншых.