У многіх нямецкіх рэстаранах няма гардэробаў, наведвальнікі вешаюць вопратку побач са сталамі на разгалінаваныя рожкі. Я, як маладзейшы за Барыса Уладзіміравіча на сорак гадоў, вырашыў дапамагчы яму зняць куртку. І трапіў у нялоўкую сітуацыю. “Дзякуй, дзякуй, я сам”, — пачуў ветлівы адказ векавога Кіта. А каб згладзіць маю разгубленасць, Барыс Уладзіміравіч пажартаваў: “Калі хочаце, я магу паказаць вам позу чаплі?”

Такога я не мог уявіць сабе нават ува сне. Чалавеку 100, а ён можа стаяць на адной назе, выцягнуўшыся ўсім целам наперад і шырока раскінуўшы рукі. “Штодзённая гімнастыка дапамагае, — заўважыўшы наша здзіўленне, удакладніў юбіляр. — Кожны дзень з Тамарай хвілін па трыццаць займаемся”.

Вядома ж, такое незвычайна цёплае знаёмства з Барысам Уладзіміравічам нібы рукой зняло тое хваляванне, якое адольвала падчас пералёту з Мінска ў Франкфурт-на-Майне. Выбраўшы ўтульнае месца ў галоўнай зале рэстарана, мы ўсе размясціліся за адным доўгім сталом. Пакуль рассаджваліся, спадар Кіт некалькі разоў паўтарыў: “Як я цешуся, як я цешуся…” Пагадзіцеся, якое прыгожае слова — цешуся. Сёння ў Беларусі яго не часта пачуеш. Звычайна кажуць: радуюся. А Барыс Уладзіміравіч Кіт, з якім мы бачыліся два дні, ледзь не праз кожныя дзесяць хвілін прамаўляў: “Як я цешуся…” Гаварыў ён на чысцюткай беларускай мове. Як быццам не шэсцьдзесят шэсць гадоў таму пакінуў Бацькаўшчыну, родную Беларусь, а толькі ўчора ці ў крайнім выпадку пазалетась.

З аповедаў, якія некалі тут, у Франкфурце-на-Майне, запісаў Васіль Быкаў і якія “Народная Воля” друкавала ў шэрагу папярэдніх нумароў, вы, шаноўныя чытачы, ведаеце, якое нялёгкае, поўнае драматызму і выпрабаванняў, жыццё пражыў Барыс Уладзіміравіч Кіт. Таму, мяркую, няма сэнсу паўтараць радкі яго біяграфіі, лепш вернемся ў той гасцінны рэстаран, дзе мы аднымі з першых беларусаў віншавалі стогадовага юбіляра-земляка, чалавека, якога ведаюць ва ўсім свеце за яго глыбокі розум, за яго велізарны ўклад у сусветную навуку, за яго гуманістычную грамадзянскую пазіцыю. Па ўсім было бачна: Барыс Уладзіміравіч цешыўся кожнаму прывітанню, кожнаму слову, перададзенаму з Бацькаўшчыны. Вось ён трымае ў руках амаль трохкілаграмовы духмяны каравай “Радзівілаўскі”, а ў вачах блішчаць, быццам ранішняя раса, слёзы. Слёзы радасці! Сувеніры з радзімы падрыхтавала не толькі наша кампанія. Арыгінальныя, з нацыянальным каларытам гасцінцы перадалі праз нас жонка Васіля Быкава — Ірына Міхайлаўна, літаратуразнаўца Лідзія Савік, прафесар Адам Мальдзіс.

Незабыўныя дні з Барысам Кітом

— З векавым юбілеем, Барыс Уладзіміравіч!

Пасля афіцыйнай цырымоніі наступае момант падняць тост за Барыса Уладзіміравіча, да ста гадоў якому на той дзень не хапала менш тыдня. Я глянуў спачатку на спадарыню Тамару, потым на самога Кіта, пытаючыся: “Што будзем піць?” Па выразе твараў зразумеў: “Усё, што і госці”. Заказалі чырвонае віно. Пад цікавую гутарку не заўважылі, як за першым келіхам апусцеў другі… Гэта ўжо назаўтра я спытаю ў Барыса Уладзіміравіча: “Як самаадчуванне?” І пачую: “Нармальнае”. Аказваецца, спадар Кіт, пражыўшы сто гадоў, у жыцці ад нічога не адмаўляўся. Але і нічым не злоўжываў. Моцнымі спіртнымі напоямі не захапляўся, а вось ад келіха віна ці куфля піва не адмаўляўся. Як кажуць, не перабіраў і з харчамі. І гэта, мабыць, таму, што ў дзяцінстве зведаў голад. Каб неяк выжыць пасля рэвалюцыі 1917 года, бацькі вымушаны былі вярнуцца з Піцера ў вёску Агароднікі Карэліцкага раёна, што на Гродзеншчыне.

За сталом — восем чалавек. Гутарка не спыняецца ні на хвіліну. Мы, землякі Барыса Кіта, з цікавасцю ловім кожнае яго слова, кожны рух яго рук, кожную усмешку. Баімся стаміць яго сваімі пытаннямі, а ён, здаецца, толькі цешыцца, ад таго, што мы іх безупынна задаём, іншы раз не звяртаючы ўвагу на этыкет. Вось нехта зноў пацікавіўся здароўем Барыса Уладзіміравіча, маўляў, ці часта наведвае дактароў. Дзякуй Богу, у гэтым асаблівай патрэбы няма. Хоць яго малодшы сын адзін з самых вядомых лекараў у ЗША, па дапамогу да яго і да іншых дактароў спадар Кіт звяртаецца ў рэдкіх-рэдкіх выпадках. Калі ён вельмі гучна засмяяўся, я заўважыў: якія прыгожыя зубы! Няўжо свае? Пытацца ў самога юбіляра неяк няёмка, а таму, выкарыстаўшы момант, вырашылі пацікавіцца ў Тамары. І пачулі: “Усе зубы ў Барыса Уладзіміравіча свае, толькі на некалькіх стаяць каронкі”. Во малайчына! Усім бы беларусам такія зубы!

І не толькі зубы. Моцнае ў спадара Кіта здароўе! Гляджу, пятая гадзіна пайшла, як мы сядзім за сталом. Я і мае малодшыя сябры ўжо не супраць таго, каб збегаць, прабачце, у туалет, а стогадовы Кіт бесперапынна працягвае расказваць пра жыццё-быццё, як быццам яго нішто не турбуе. І толькі спадарыня Тамара, прыкладна праз паўгадзіны, намёкам дае зразумець: можа, на сёння хопіць, заўтра ж зноў сустракаемся?

Дамаўляемся: інтэрв’ю, якое мы яшчэ ў Мінску вырашылі ўзяць у Барыса Уладзіміравіча не зусім звычайна, пераносім на наступны дзень. Я, праўда, пакуль не кажу, што пытанні будуць не толькі ад мяне, але і ад іншых журналістаў “Народнай Волі”. Але што да гэтага Барысу Уладзіміравічу? Ён, мне падалося, настолькі рады прызямленню ў Франкфурце-на-Майне “беларускага дэсанта”, што гатовы задаволіць любую нашу просьбу.

…У нядзелю сустракаемся ў тым жа рэстаране, што ў самым цэнтры нямецкай фінансавай сталіцы. Каб ніхто не перашкаджаў браць інтэрв’ю, я знайшоў ціхі куточак у другой зале. Вядома ж, першыя пытанні задаваў свае, прадуманыя яшчэ ў самалёце.

— Барыс Уладзіміравіч, на вашым жыццёвым шляху было столькі выпрабаванняў, столькі розных цяжкасцяў, што далёка не кожны вытрымаў бы. Вы не проста вытрымалі ўсе экзамены жыцця, але, як кажуць, узялі лёс у свае рукі. Як вам гэта ўдалося?

— Я лічу, усё залежыць ад людзей. Адны — рашучыя, другія — менш рашучыя, адны больш разумеюць, як ім дзейнічаць у той ці іншай складанай сітуацыі, другія менш. Ну я, можа, больш рашуча дзейнічаў, а калі казаць канкрэтна, заўсёды імкнуўся да лепшага, цікавейшага. Думаеце, лёгка было пакідаць Радзіму, падавацца на Захад? Але я прааналізаваў усе акалічнасці і прыйшоў да высновы: мне ў чарговы раз пагражае небяспека, а калі так, то я павінен ратавацца…

— Далейшы ваш лёс залежаў ад таго, якое рашэнне вы прымеце…

— Так. Некаторыя мае сябры казалі: што ты робіш, Барыс, куды

едзеш, што цябе чакае? Ці варта зрушвацца з месца… Я цвёрда вырашыў: варта!

— Час паказаў, што вы тады прынялі адзіна правільнае рашэнне. А можаце, ужо з вышыні сённяшніх дзён, назваць некалькі сапраўды лёсавызначальных эпізодаў са свайго жыцця?

— Усе маладыя гады я прысвяціў асветніцтву. Нават падчас вайны вучыў дзяцей. Дык вось, калі ў Паставах узначальваў семінарыю, быў такі жудасны выпадак. Немцы правялі карную аперацыю, усеялі горад трупамі. Прыходзіць палкоўнік-германец і кажа: арганізуй семінарыстаў на ачыстку горада ад забітых. Я разумеў, чым гэта можа адгукнуцца ў будучым для мяне, а таму адмовіўся ад выканання такога даручэння. Тады немец выхоплівае пісталет і цэліцца ў мяне. Добра, што побач стаяў бургамістр, які схапіў яго за руку і папрасіў не пазбаўляць настаўніка жыцця, маўляў, пытанне будзе вырашана і без яго ўдзелу. Калі б бургамістр прамарудзіў нейкую секунду — мяне ў жывых не было б. У той жа час я не меў права запляміць сябе супрацоўніцтвам з немцамі.

— Падчас вайны яшчэ былі выпадкі, калі жыццё вісела на валаску?

— Калі б я не пакінуў Беларусь і не падаўся на Захад, са мною было б тое, што сталася з мільёнамі бязвінных савецкіх людзей. Хоць я, акрамя вучыцельства, нічым іншым не займаўся.

— А на Захад як прабіраліся?

— З прыгодамі. Даводзілася прымаць рызыкоўныя дзеянні. Калі я знаходзіўся ў Зальцбургу, Чырвоная Армія брала ўжо Вену, у якой засталіся мае рэчы. Я вырашыў падскочыць за імі. Прыехаў, а там ужо цягнікі не ходзяць. Трэба як-небудзь шмыгануць на Захад. Толькі мясцовы цягнік ішоў у Сант-Пэйтэн, гэта такая мясцовасць. Думаю, пад’еду хоць кіламетраў пятнаццаць, а там пайду пешшу.

— Змаглі усё ж такі вырвацца?

— Лёс спрыяў мне. Прыехаў я ў Сант-Пэйтэн, бачу, стаіць санітарны цягнік. У “гармоніку”, які злучае вагоны, сядзяць людзі. Я заскочыў, праз нейкіх пару хвілін цягнік крануўся…

— За плячыма сто гадоў, поўны век. Што лічыце галоўным дасягненнем жыцця?

— Галоўнае дасягненне, лічу, звязана з тым перыядам, калі я працаваў у ракетнай галіне ЗША. Напачатку ў амерыканскай касманаўтыцы выкарыстоўваліся маламоцныя палівы, якія не дазвалялі значна прасунуцца наперад. Нарэшце навукоўцы звярнулі ўвагу на плыўкі вадарод. Аднойчы падыходзіць да мяне начальнік: “Барыс, падрыхтуй абагульняючы даклад па плыўкім вадародзе”. Далі мне некалькі тыдняў, і я пачаў актыўна працаваць. У выніку напісаў вялікую працу, і гэта быў прарыў у маёй кар’еры. Плыўкі вадарод стаў асноўным ракетным палівам, дзякуючы яму амерыканцы змаглі паслаць карабель на Месяц, рэалізаваць праграму “Шатл” і многае іншае.

Я напісаў першы падручнік па ракетным паліве, якім дагэтуль карыстаюцца ў сусветных ракетных цэнтрах.

— Барыс Уладзіміравіч, а што засталося ў жыцці нерэалізаваным?

— У дзяцінстве я захапляўся ігрой на скрыпцы, маляваннем. Любіў гісторыю. Ледзь не паступіў на гістарычны факультэт Віленскага універсітэта, але ж у той год быў вялікі наплыў, і я пайшоў на матэматыку, што і вызначыла маё далейшае жыццё.

— Раскажыце, калі ласка, пра тое, як склаўся лёс вашых дзяцей?

— Скажу шчыра, я вельмі хачу, каб на Радзіме ведалі, што мой старэйшы сын Валодзя, які нарадзіўся ў 1941 годзе ў Лебедзеве пад Маладзечнам, быў адданым беларускім патрыётам. Ён цудоўна валодаў беларускай мовай, цікавіўся ўсім, што адбывалася на нашай Бацькаўшчыне. Займаў вялікую пасаду ў амерыканскім аэракасмічным агенцтве (NАSA). На жаль, у мінулым годзе памёр. 4 лістапада нарадзіўся і 4 лістапада памёр. Я ўсім кажу: з ягонай смерцю напалову памёр і я.

Малодшы сын Віктар скончыў тры універсітэты, знакаміты ў Амерыцы хірург. Маю дзвюх унучак і двух праўнукаў. Старэйшая ўнучка Марына скончыла балетную школу ў Вашынгтоне. Выступала на адной сцэне з сусветна вядомым Рудольфам Нурыевым.

— Што вы ў людзях найбольш цэніце, найбольш паважаеце?

— Дабрыню. Добрыя, шчырыя сяброўскія адносіны. Не такія, што пагаварыў — і ўсё. Калі паміж людзьмі сапраўдная дружба, тады лягчэй жыць на свеце.

— Які, на ваш погляд, уклад жыцця найбольш спрыяльны для чалавека: заходні, ці, як мы кажам, наш, усходні, з адбіткам савецкай сістэмы?

— Дэмакратычны, сапраўды дэмакратычны, а не імітацыя пад дэмакратыю. Той, калі чалавек можа жыць так, як марыць, як хоча жыць. Я лічу, што ў Амерыцы найлепшая ў свеце сістэма дэмакратыі.

— Падсумоўваючы стогадовы жыццёвы шлях, вам можна толькі радавацца. Усявышні апекаваў вас, і таму вы прыйшлі да векавога юбілею ў добрым здароўі і радасным настроі…

— Дзякуй Усявышняму, дзякуй лёсу, што кіраваў мною і даваў магчымасць вытрываць усе выпрабаванні!

— Наступнае пытанне, магчыма, не зусім карэктнае. Вы, Барыс Уладзіміравіч, самі вырашайце, адказваць на яго ці не. Можна і не адказваць, і наогул парайце мне, уключаць яго ў інтэрв’ю ці не ўключаць. Але я, як ваш суайчыннік, як чалавек, які блізкі вам па духу, хацеў бы высветліць вось такое пытанне. Бессмяротных людзей не бывае, наступіць такі час, калі трэба будзе і вам, Барыс Уладзіміравіч, павітацца за ручку з Богам, а ён вам, я ўпэўнены, дазволіць гэта зрабіць. Але ж да нас, вашых землякоў, дайшла інфармацыя, што вы ўжо купілі месца тут, у Нямеччыне, для свайго пахавання. А не думалі наконт таго, каб вярнуцца на Бацькаўшчыну?

— Я, безумоўна, думаў. Але для вас гэта такая цяжкасць будзе… Я не рашыўся на вашы плечы накладваць такія абавязкі. Тут ёсць Вісбадэн, там ужо ляжаць беларусы, архіепіскап Філафей…

— Вы будзеце сярод супляменнікаў, родзічаў?

— Так. Гэта першае. Там цудоўныя могілкі, на якіх пахавана нямала выдатных людзей, не толькі многіх расійцаў, але і прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў. Ну і самае важнае: тут, у Нямеччыне, на іншых могілках 20—30 гадоў хаваюць, а потым наверх кладуць другіх, трэціх… Знікае чалавек. А вось гэтыя могілкі застаюцца назаўсёды…

— Ну тады зусім шчыра… Я толькі баюся, каб вас не пакрыўдзіць. Але, скажыце, калі беларуская гісторыя захоча, можа, праз 50 гадоў, можа, праз 100, вярнуць вас на Радзіму, вы не супраць даць згоду на гэта сёння?

— Згода. Добра.

Я звяртаюся да сябра, які запісваў гэтыя словы на лічбавую відэакамеру:

— Гэта гістарычны момант. Запішы: калі Беларусь захоча вярнуць свайго знакамітага сына дахаты, на Радзіму, ён сёння, адзначаючы сваё 100-годдзе, гаворыць, што дае на гэта згоду.

Барыс Уладзіміравіч працягвае роздум:

— Добра. Тое, што вы мне гаворыце, я чую ўпершыню. Але гэта робяць усе народы.

— Так. Значыць, я не пакрыўдзіў вас гэтым пытаннем?

— Барані Божа. Беларусь — заўсёды мая Бацькаўшчына.

— А зараз, Барыс Уладзіміравіч, дазвольце перайсці да пытанняў, якія я прывёз для вас ад журналістаў “Народнай Волі”. Святлана Калінкіна, напрыклад, просіць, каб вы адказалі на такое пытанне. У Беларусі вы працавалі дырэктарам гімназіі, настаўнікам, школьным інспектарам, а каб сёння вярнуцца ў тыя гады, ад якіх памылак вы ў першую чаргу перасцераглі б сваіх вучняў? Які галоўны ўрок дало вам жыццё?

— Шчыра кажучы, ёсць вучні якія радуюць і сваіх настаўнікаў, і сваіх бацькоў, а ёсць такія, якія, на жаль, не хочуць вучыцца. А ў жыцці самае галоўнае — гэта веды. Як кажуць, трэба вучыцца, вучыцца і яшчэ раз вучыцца! Нельга марнаваць час на ўсялякія гулянкі-п’янкі, іншыя ганебныя рэчы. Адным словам, мая парада: самае дарагое — гэта час, не губляйце яго дарэмна.

— А які галоўны ўрок усё ж такі дало вам жыццё?

— Быць добрым чалавекам. Нікому шкоды не рабіць. Мець чыстае сумленне. Я ніколі нікому не стараўся зрабіць дрэнна, толькі наадварот. Адным словам, трэба быць добрым для ўсіх…

— Барыс Уладзіміравіч, вось пытанне ад Марыі Эйсмант. За часы праўлення Лукашэнкі шмат маладых перспектыўных людзей пакінулі Беларусь. Як вы ставіцеся да іх рашэння будаваць сваё будучае па-за межамі Радзімы? Ці можна іх асуджаць, папракаць тым, што нельга будаваць дэмакратыю на сваёй радзіме, знаходзячыся за тысячы кіламетраў ад яе?

— Вандруючы па свеце, я пазнаёміўся з мноствам вялікіх людзей, якія дапамагалі сваёй Бацькаўшчыне лепш, чым некаторыя з тых, хто пражываў на месцы.

Вось і я. З’ехаў у Амерыку, але ні на адзін дзень не забываў і не забываю пра Радзіму.

— Што б вы маглі параіць маладым беларусам, якія ўсё ж такі ў сённяшніх умовах пакідаюць Беларусь…

— Пакідаць, калі ўзнікае такая неабходнасць, часова, а не назаўсёды. І дапамагаць Бацькаўшчыне ўсім, чым толькі можна.

— І яшчэ пытанне ад Марыі Эйсмант. Ці цікава, Барыс Уладзіміравіч, жыць у такім узросце, якога дасягнулі вы?

— Як для каго. Праўда, трэба прызнаць, што калі чалавек старэе, з’яўляецца нейкая апатыя, але гэта залежыць ад таго, як хто ставіцца да жыцця. Я яшчэ вельмі за ўсё перажываю, усім цікаўлюся, таму не згубіў прагу да жыцця.

— Зараз я зачытаю пытанні Марыны Коктыш. Першае — як вы спраўляецеся са стрэсамі?

— Стараюся пераключацца на нейкую іншую тэму, не ўзгадваць тое, што сапсавала настрой. Не трэба забіваць сябе дрэннымі думкамі… Больш увагі звяртаць на галоўнае і менш — на другаснае.

— Тая ж Марына Коктыш прасіла мяне задаць такое далікатнае пытанне: для вас тэма любові, кахання заўжды была актуальна?

— Як тут адказаць… Калі мець на ўвазе чыста фізіялагічны бок, то з узростам актуальнасць гэтай тэмы, безумоўна, зніжаецца, але набывае большае значэнне фактар маральнасці, прыгажосці ў адносінах паміж мужчынам і жанчынай.

— Ці былі ў вас учынкі ў адносінах да жанчын, за якія потым было сорамна?

— Не было. Я заўсёды шкадаваў сваіх прыхільніц і стараўся да апошняга быць з імі.

— Малады журналіст Віталь Гарбузаў пытаецца, што, на вашу думку, павінны зрабіць беларусы, каб стаць сапраўды свабоднымі людзьмі на сваёй зямлі?

— Пабудаваць сапраўды дэмакратычную дзяржаву. Улады не павінны кідаць людзей у турмы за іх погляды. І яны, улады, павінны разумець, што яны не вечныя…

— Пытанне Івана Макаловіча: чаму Беларусі так рэдка шанцавала на лідэраў?

— Я так не казаў бы. Лічу, што за сваю гісторыю Беларусь мела нямала выдатнейшых лідэраў. Я добра ведаў, напрыклад, Браніслава Тарашкевіча. Ён быў вялікім чалавекам!

— Алена Малочка прасіла спытаць у вас, ці даводзілася вам сустракацца з публіцыстам, гісторыкам, дзеячам старой рускай міграцыі Глебам Рарам?

— Не даводзілася.

— Яшчэ адно яе пытанне. Як вы думаеце, ці хутка наша грамадства пазбавіцца ад жорсткіх ідэалагем, ад вечнага падзелу людзей на “сваіх” і “чужых”?

— Мяркую, што не хутка. Трэба спачатку змяніць сістэму, у якой жыве грамадства, надаць ёй сапраўды дэмакратычную аснову.

— Вашы пажаданні беларусам, сваім суайчыннікам — тым, якія жывуць на Бацькаўшчыне, і тым, якія жывуць за яе межамі: Што б вы сёння маглі ўсім нам пажадаць?

— Каб усе былі шчаслівыя. Свабода, дэмакратыя — лепшы лад жыцця. Каб усё гэта было ў беларусаў, якія жывуць на Бацькаўшчыне.

…Два дні доўжылася наша сустрэча ў Франкфурце-на-Майне са слынным сынам Беларусі Барысам Уладзіміравічам Кітом. Час праляцеў, як адна хвіліна. Ужо ў самалёце я міжволі падумаў: добра было б, каб ён у такім веснавым настроі сустракаў і наступныя свае юбілеі — у 105, 110 і нават у 120 гадоў.

Доўгіх і радасных дзён вам, Барыс Уладзіміравіч!

Мінск—Франкфурт-на-Майне—Мінск.

Поделиться ссылкой: