Як заявіў Сапелка, гэта стала зразумела яму «з першых дзён пачатку працэсу». «На жаль, суд прыняў эстафету следства, і максімальна абмежаваў бок абароны ў пошуках доказаў невінаватасці сваіх падабаронных», — сказаў адвакат.

«Я мог бы напісаць пратэсты на дзеянні суда, але я не стаў гэтага рабіць, не стаў скардзіцца,
таму што рашэнне Вярхоўнага суда канчатковае і абскарджанню не падлягае. Скарга ў парадку нагляду звычайна заканчваецца адпіскамі», — дадаў ён.

***
Нагадаем, Вярхоўны суд разглядае крымінальную справу, па якой у якасці абвінавачваных праходзяць Аўтуховіч, Уладзімір Асіпенка, Аляксандр Ларын і Міхаіл Казлоў. Першых трох абвінавачваюць у падрыхтоўцы тэрарыстычнага акта ў дачыненні да намесніка міністра па падатках і зборах Васіля Камянко і былога старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Саўчанкі. Аўтуховіча і Асіпенку таксама абвінавачваюць у арганізацыі падпалу дома былога начальніка Ваўкавыскага РАУС Сяргея Кацубы ў 2004 годзе. Падпалкоўнік міліцыі Казлоў, былы кіраўнік УБАЗ па Гродзенскай вобласці, абвінавачваецца ў тым, што ведаў пра планы падрыхтоўкі тэрарыстычнага акта, але не прыняў мер па яго прадухіленні.

16 красавіка пракурор Эльдар Сафараў запатрабаваў прыгаварыць Аўтуховіча да 20 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.

Асіпенку і Ларына пракурор запатрабаваў прыгаварыць да 11 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Для Міхаіла Казлова ён запытаў тры гады калоніі агульнага рэжыму без права займаць кіруючыя пасады.

Адвакат Сапелка таксама заявіў, што пры расследаванні справы Аўтуховіча і Асіпенкі супрацоўнікі следчых органаў ажыццявілі шэраг дзеянняў, якія носяць прыкметы злачынства. Размова ідзе пра факты псіхалагічнага і маральнага ціску на сведак з мэтай агаварыць Аўтуховіча, патлумачыў Сапелка. «Гэтыя дзеянні носяць прыкметы складу злачынства», — заявіў адвакат.

Сяргей Пульша, БелаПАН

Поделиться ссылкой: