Актывіст вёз у заплечніку 150 экзэмпляраў газэты «Крыніца» і каля 100 асобнікаў «Народнай волі». У цягніку да яго падышлі амапаўцы, папрасілі паказаць, што ў заплечніку. Убачыўшы газэты, яны вывелі Кашэўскага зь цягніка і завялі ў Барысаўскае аддзяленьне транспартнай міліцыі. Там газэты канфіскавалі і склалі пратакол. 

Апрача таго, начальнік аддзяленьня ўзяў мабільны тэлефон Андруся і сьцёр там нумары шэрагу сяброў і паплечнікаў Кашэўскага. Таксама ён забраў з гаманца візытоўку сустаршыні БХД Віталя Рымашэўскага.

Спадар Рымашэўскі паведаміў «Свабодзе», што сёньня яму патэлефанаваў міліцыянт з Барысава Андрэй Паташонак і папрасіў сустрэчы ў зьвязку з затрыманьнем Кашэўскага.

«Нічога супрацьзаконнага Кашэўскі не рабіў. Таксама ён не парушыў закон, калі распаўсюджваў газэту «Крыніца», таму што яна не перавышала дазволеную колькасьць асобнікаў. А тое, што яны забралі ў яго маю візытоўку, то я вельмі рады таму, што супрацоўнікі міліцыі імкнуцца атрымаць мае візытоўкі. Я магу і сам ім з задавальненьнем іх даць, каб яны мне тэлефанавалі: можа, у выпадку неабходнасьці мы зможам іх абараніць ад бяспраўя, якое пануе ў Беларусі», — заявіў з гэтай нагоды «Свабодзе» Віталь Рымашэўскі.