Апазыцыя вінаваціла яго ў аўтарытарызьме і карупцыі. На просьбу “Свабоды” беларускія палітыкі і палітолягі камэнтуюць падзеі ў Кіргістане і разважаюць, ці магчыма іх паўтарэньне ў Беларусі.
Менскі гісторык і палітоляг Аляксей Кароль пакуль не гатовы вызначыць, што адбываецца ў Кіргізстане — рэвалюцыя, бунт ці пераварот:
“Думаю, што гэта бліжэй да перавароту, у аснове якога ёсьць імпульсы незадавальненьня вялікіх масаў насельніцтва пагаршэньнем іх стану і адсутнасьцю дэмакратычных свабодаў. Сваю ролю выконвае і кланавая структура, якая захавалася ў краіне, ідзе ўнутраная барацьба кланаў за вышэйшую ўладу”.
Падзеі ў Бішкеку былі добра падрыхтаваныя,— перакананы лідэр ЛДПБ Сяргей Гайдукевіч:
“Вялікая арганізацыйная структура, цалкам вышкаленая, усё падрыхтавана і працуе, як гадзіньнік. Там нічога стыхійнага няма. Мала таго, трэцяя частка кіроўнай вярхушкі чакала гэтых падзей. А спэцслужбы былі дэзарыентаваныя”.
Станіслаў Шушкевіч у свой час меў кантакты зь вядомымі кіргіскімі палітыкамі, у тым ліку з экс-прэзыдэнтам Аскарам Акаевым:
“Я таксама вельмі часта сустракаўся з былым прэм’ерам Турсунбэкам Чынгышавым. Ён казаў мне простую рэч: “Была ў нас рэвалюцыя, а цяпер усё стала на тыя самыя рэйкі, што і да рэвалюцыі, наш новы прэзыдэнт пайшоў тым жа шляхам, што і стары”.
Падзеі ў Кіргізстане сьведчаць, што там пакуль няма такога ўзроўню палітычнай сьвядомасьці, каб ісьці стандартным шляхам дэмакратыі; як і ў іншых краінах Цэнтральнай Азіі, там адраджаецца аўтарытарызм, перакананы Станіслаў Шушкевіч:
“Я думаю, што ў пэўным сэнсе і ў нас тое самае адбываецца, толькі што ў нас больш талерантныя і цярплівыя людзі. Яны прызвычаіліся цярпець”.
Паўтарэньне нечага падобнага да кіргіскіх падзеяў у Беларусі малаверагоднае, — мяркуе гісторык і палітоляг Аляксей Кароль:
“Не, у бліжэйшай пэрспэктыве немагчыма, і думаю, што й на далейшую — таксама. Гістарычна Беларусь дэманструе мірныя, павольныя перамены. І нават калі ў мінулым былі рэвалюцыі, то ход падзей тут быў больш прыцішаны і спакойны. Мой прагноз для Беларусі — гэта больш паступовая, хваравітая трансфармацыя на працягу доўгага пэрыяду”.
Менскі палітоляг Юры Чавусаў мае падобную думку:
“Калі казаць па сутнасьці, то безумоўна — не, таму што структура ўладаў і разьмеркаваньне стасункаў паміж элітнымі групоўкамі ў Беларусі кардынальным чынам адрозьніваецца. Беларусь — гэта краіна, якая перажыла мадэрнізацыю савецкага пэрыяду, і гэта паўплывала на стасункі ўнутры грамадзтва больш, чым у Цэнтральнай Азіі. Там мы бачым вайну рэгіянальна-кланавых груповак”.
Што да формы кіргіскіх падзей, то Юры Чавусаў мяркуе, што ад бунту ці мяцяжу ніякая краіна не застрахаваная, у тым ліку і Беларусь:
“Калі б у Беларусі раптам перастала працаваць тая мадэль уладнай вэртыкалі, якая існуе, то магчыма, што і такая форма была б абраная, рэвалюцыйная, пэўнымі групамі ўнутры нашай краіны”.