Паводле яго слоў, падчас вечарыны прагучаць 12 невядомых вершаў Геніюш, знойдзеных у яе архіве, што зберагаецца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. «Падчас падрыхтоўкі юбілейнага збору твораў Ларысы Геніюш было выяўлена каля паўсотні яе невядомых вершаў. Частка з іх прагучыць падчас вечарыны, прычым вершы будуць чытаць вядомыя людзі, якія так ці іначай аказаліся ў сілавым полі геніюшаўскай паэзіі. Сваю згоду на ўдзел у вечарыне ўжо далі паэт Сяргей Законнікаў, гісторык Міхась Чарняўскі, мастак Мікола Купава. Адбудуцца таксама дзве прэм’еры песняў на словы Ларысы Геніюш», — распавеў Скобла.

Ён адзначыў, што 2010-ы — год Ларысы Геніюш, і «яе выдатная, праўдзівая, жыццялюбная паэзія павінна гучаць і ачышчаць беларускую прастору ад песімізму і зняверанасці».

Ларыса Геніюш (у дзявоцтве — Міклашэвіч) нарадзілася 9 жніўня 1910 года ў маёнтку Жлобаўцы на Ваўкавышчыне. У 1935 годзе выйшла замуж за студэнта Карлавага універсітэта Янку Геніюша і ў 1937 годзе выехала да яго на жыхарства ў Прагу. У 1947 годзе атрымала чэхаславацкае грамадзянства. У 1948 годзе паводле загада Масквы была разам з мужам арыштавана ў чэшскім горадзе Вімперку і дэпартавана ў СССР, дзе асуджана на 25 гадоў пазбаўлення волі. Пакаранне адбывала ў Комі АССР. У 1956 годзе Геніюшы былі вызвалены, вярнуліся на радзіму мужа ў Зэльву (Гродзенская вобласць), дзе паэтка памерла 7 красавіка 1983 года. Пры жыцці выйшлі яе кнігі «Невадам з Нёмана» (1967) і «На чабары настоена» (1982), пасмяротна — «Белы сон» (1990), «Споведзь» (1993), «Выбраныя творы» (2000) і «Каб вы ведалі» (2005). Паводле аповесці «Споведзь» на кінастудыі «Беларусьфільм» пастаўлены мастацкі фільм «Птушкі без гнёздаў» (рэжысёр Віталь Дудзін).