У інтэрв’ю БелаПАН першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў (БСМ) Рыгор Сітніца адзначыў, што для яго Басалыга з’яўляецца прыкладам служэння нацыянальнаму мастацтву. Яго імя знаходзіцца ў шэрагу імёнаў такіх славутых дзеячаў айчыннага выяўленчага мастацтва, як Лявон Баразна, Яўген Кулік, Аляксей Марачкін, Васіль Шаранговіч і Міхась Басалыга. «Менавіта гэтыя людзі пачыналі нацыянальную адраджэнскую тэматыку ў беларускім мастацтве», — падкрэсліў Сітніца. Паводле яго слоў, пасля да гэтай кагорты мастакоў-адраджэнцаў далучыліся Мікола Купава, Уладзімір Савіч і Міхась Раманюк. «На іх досведзе нашаму пакаленню мастакоў было значна прасцей далучацца да адраджэнскага працэсу», — сказаў Сітніца.

Графічную серыю Басалыгі «Помнікі дойлідства Беларусі» намеснік старшыні БСМ назваў «велізарным» ўнёскам у нацыянальнае выяўленчае мастацтва. «Гэтыя творы з высокімі мастацкімі вартасцямі ўпершыню дазволілі многім беларусам шырока пазнаёміцца з айчыннай архітэктурнай спадчынай», — адзначыў Сітніца. Ён выказаў падзяку Уладзіміру Басалыгу за яго творчасць, а таксама за ўнёсак у развіццё творчага саюза, якім мастак кіраваў на працягу шасці гадоў.

У інтэрв’ю БелаПАН Уладзімір Басалыга паведаміў, што зараз працуе над графічнай гісторыка-архітэктурнай серыяй, у якой будуць адлюстраваны помнікі айчыннага дойлідства — ахвяры духоўнага Чарнобыля. Паводле яго слоў, гаворка ідзе пра архітэктурную спадчыну, якая загінула ад войнаў, недагляду, а таксама ў перыяд савецкага ваяўнічага атэізму. «Толькі на тэрыторыі Слуцкага раёна Мінскай вобласці да нашых часоў не дайшлі каля 30 цэркваў і касцёлаў. І я хачу аднавіць іх выгляд», — сказаў Басалыга.

Паводле яго слоў, зрабіць гэта цяжка, таму што пра гэтыя храмы не захаваліся выяўленчыя матэрыялы. «Так, з загінулай культавай спадчыны Случчыны да нас дайшлі толькі чарцяжы і дрэнныя фотаздымкі пяці цэркваў і аднаго касцёла. Выгляд астатніх храмаў давядзецца ўзнаўляць па сціплых пісьмовых звестках кшталту таго, што «на замчышчы стаяў сабор а пяці главах», — адзначыў мастак.

Выставу сваіх твораў ён плануе правесці ў Мінску прыканцы гэтага года.