Тым самым завершаная 4-гадовая зьдзелка, у выніку якой Беларусь атрымала за прададзеныя акцыі 2,5 мільярда даляраў, але, па сутнасьці, страціла магчымасьць самастойна вызначаць палітыку стратэгічнага прадпрыемства.
Апроч Голубева, у склад Назіральнай рады таксама ўвайшлі іншыя прадстаўнікі расейскага «Газпрому» — Мікалай Дубік, Мікалай Васільеў, Аляксандар Фралоў. Апошні, дарэчы, выціснуў з рады намесьніка міністра юстыцыі Беларусі Ігара Тушынскага. Першы віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка паніжаны да ўзроўню намесьніка старшыні Назіральнай рады. Ад Беларусі ў радзе таксама міністар энэргетыкі Аляксандар Азярэц і ягоны першы намесьнік Эдуард Таўпянец, прадстаўніца Дзяржаўнага камітэту па маёмасьці Натальля Жарнасек.
У справаздачы «Белтрансгазу» паведамляецца, што новая Назіральная рада абрала дырэкцыю газатранспартнага прадпрыемства. На пасадзе генэральнага дырэктара зацьверджаны цяперашні кіраўнік Уладзімер Маёраў. Прадстаўнік «Белтрансгазу» Ўладзімер Чэкаў пацьвердзіў, што захавалі свае пасады і ягоныя намесьнікі — Цьвітамір Сарахан і Дзьмітрый Анюк:
«Канечне, уся дырэкцыя засталася ў ранейшым складзе. Тут без аніякіх зьменаў».
Карэспандэнт: «Ёсьць меркаваньне, што цяпер „Газпром“ у любым выпадку атрымаў большыя рычагі ў прыняцьці рашэньняў…»
«Ніякіх камэнтароў. Сёньня раніцай я даў афіцыйнае паведамленьне ўсім нашым агенцтвам, і больш мне дадаць няма чаго».
Эканамічны аглядальнік, экспэрт у нафтагазавай галіне Тацяна Манёнак кажа, што вырашэньне самых вострых пытаньняў традыцыйна адбываецца за зачыненымі дзьвярыма, таму досыць складана прагназаваць, як кадравыя пэртурбацыі паўплываюць на працу «Белтрансгазу»:
«Генэральны дырэктар „Белтрансгазу“ камэнтаваў гэтыя зацьвярджэньні і казаў пра тое, што прынцыпова сытуацыя ня зьменіцца. Але ж мы ня ведаем, якія яшчэ разглядаліся пытаньні, ня ведаем, ці паўставалі пытаньні больш прынцыповыя. Прыкладам, зьвязаныя з тым, што існуюць адлічэньні „Белтрансгазу“ ў інавацыйны фонд — гэта каля 9%. Дык вось, расейская кампанія, гэты акцыянэр, заўсёды быў супраць, каб „Белтрансгаз“ рабіў такія адлічэньні, бо гэта пагаршае фінансавае становішча кампаніі. Ці скасаваны яны — невядома. Беларускі бок раней камэнтаваў, што калі Расея нейкім чынам пагодзіцца на зьмякчэньне ўмоваў паставак прыроднага газу ў Беларусь, то, магчыма, і Менск зробіць крок насустрач, скасаваўшы гэтыя адлічэньні».
І ўсё ж, паводле Тацяны Манёнак, на гэты момант «Газпром» ня мае прававых падставаў маніпуляваць «Белтрансгазам». Расейскі канцэрн атрымаў толькі 50% акцый беларускага газатранспартнага прадпрыемства, і Менск наўрад ці дасьць хоць акцыяй больш — у іншым выпадку сапраўды будзе страчаная магчымасьць уплываць на рашэньні акцыянэра:
«Прынцыпова сытуацыя для расейскага „Газпрому“ не зьмянілася. Істотнага ўплыву на прыняцьце сур’ёзных рашэньняў у кіраваньні газатранспартнай сыстэмай і сумесным прадпрыемствам у расейцаў няма. Бо для гэтага трэба мець кантрольны пакет. Гэта прынцыпова падкрэсьліў і прадстаўнік „Газпрому“: атрыманьне кантрольнага пакету ў СП дзеля кантролю беларускай газатранспартнай сыстэмы. Але атрымаць яго будзе вельмі складана, паколькі ў Беларусі гэты козыр застаўся апошнім. Калі Менск страціць кантроль, тады зьнікне і магчымасьць кантраляваць сытуацыю на ўнутраным рынку. А газатранспартная манаполія заўсёды імкнецца да таго, каб кантраляваць і ўнутраны рынак паставак газу — з мэтай атрымаць большы прыбытак. Беларускі бок, ведаючы зацікаўленасьць „Газпрому“ ў кантролі, фармальна будзе разглядаць пытаньне. Але ўмовы будуць даволі жорсткія: гарантыі паставак на прымальных умовах і паводле прымальнага кошту, як і гарантыі доўгатэрміновых паставак. Торг будзе вельмі складаны».
Паказальна, што па выніках сходу акцыянэраў «Белтрансгаз» так і не агучыў дадзеныя пра чысты прыбытак кампаніі за 2009 год і яго разьмеркаваньне,
уключна з дывідэндамі.
Поделиться ссылкой:
Падтрымаць «Народную Волю»
Добавляйте издание «Народная Воля» в избранное на Яндекс-Новости!