Спадарыня Кабанчук паведаміла “Свабодзе”, што прычынай пераносу справы сталі недакладныя зьвесткі пра яе затрыманьне ў рапартах і пратаколе, якія міліцыянты перадалі ў суд. 

Таісу Кабанчук затрымалі 25 сакавіка на бабруйскім чыгуначным вакзале, калі яна зьбіралася сесьці ў цягнік на Менск, каб удзельнічаць у сьвяткаваньні Дня Волі. Жанчына паведаміла, што міліцыянты пашкодзілі ёй руку і зламалі акуляры. Яны тлумачылі, што нібыта маюць інфармацыю, паводле якой Таіса перавозіць наркотыкі.

У пастарунку міліцыі пасьля перагляду рэчаў на Таісу Кабанчук склалі пратакол за непадпарадкаваньне міліцыянтам. Яе хацелі судзіць у дзень затрыманьня, але жанчына запатрабавала адваката. Таіса заявіла, што яе затрымалі выключна з палітычных меркаваньняў.

Сёньня яна паведаміла: “Суду можа ня быць наагул, бо маё затрыманьне было незаконным. Калі ня будзе дакумэнтаў зь міліцыі, судзьдзя можа наагул не разглядаць справы”.

Поделиться ссылкой: