Чаму распадаюцца шчаслівыя шлюбы? Чаму каханне было і раптам — няма?

Канадскі рэжысёр Атам Эгаян зняў кіно не для ўсіх, а толькі для людзей, якія не вераць казачным «і жылі яны доўга і шчасліва», ды якія ўжо здагадаліся, што пасля вясельнай эйфарыі змаганне за каханне толькі пачынаецца… «Хлоя» — аповед пра тое, што ў каханні няма ні кепскіх, ні добрых, і сяды-тады здрада нават ператвараецца ў збавенне, а дэман — у анёла. Так-так, самы час клікаць па помач Фройда і Юнга, экспертаў па іншаму боку маралі і перакладчыкаў старажытных міфаў на мову сучаснага чалавека.

Ён — заможны прафесар, Яна — паспяховая гінеколаг, Яно — загадкавая выляжанка Хлоя, якая пры пасяродку спакусы з утрапёнасцю тагасветнай істоты спрабуе знішчыць (захаваць?) сям’ю.

Да слова кажучы, «Дафніс і Хлоя» — адзін з першых любоўных раманаў чалавецтва, які ці не ўпершыню ў гісторыі нашай цывілізацыі апяяў людскую пачуццёвасць і эратызм, і зрабіў ягоных герояў сіномімамі полавага поцягу. І таму канадыйская Хлоя (Аманда Сэйфрыд, «Мама мія!»), закінутая па волі сцэнарыста з пракаветных часоў папрысутнічаць-паўдзельнічаць у сучасных любоўных суплётах, мае толькі адну зброю — не стрыманаю ніякімі рамкамі сэксуальнасць. Місія дэманічнай Хлоі амаль невыканальная: аднавіць сям’ю і даць рады крызісу сярэдняга ўзросту сваіх гадаванцаў, зацвердзіўшы, што ў жыцці заўсёды ёсць месца сэкс-подзвігу…

Каб канчаткова не занураць гледача ў задушлівую рэчаіснасць міфаў і архетыпаў, якія паводле псіхааналітыкаў па-ранейшаму пануюць над намі, рэжысёр патурбаваўся пра іронію, стварыўшы камічны вобраз сына-падлетка з поўным букетам тынэйджэрскіх комплексаў (яго сыграў Майкл Т’ерыёт), а таксама фразы, якія выдатна характарызуюць наш час. Чаго вартая рэпліка галоўнага героя Дэйвіда (Лаям Нісан, «Спіс Шындлера»): «Мне нельга канчаць — мне яшчэ на працу».

Паколькі гэта пастаральны раман, у якім усе любоўныя перажыванні павінны адбывацца на тле маляўнічай прыроды, яго дзеянні перанесеныя на фон стылёвых, дрэва і бетон, вілаў, а таксама дзівосных, калі не сказаць фантастычных, урбан-краявідаў Таронта.

Мёртвы ўхоп Галівуда ў выглядзе хэпі-энда дабраўся да фільма адно пры канцы. Усё роўна як у старагрэцкім рамане, дзе ўся праўда пра мінулае раскрываецца, а галоўны героі бяруцца шлюбам, так і ў стужцы супружнікі, нягледзячы на ўсё прыкрае, мірацца і наступае шчаслівая развязка. Амаль шчаслівая, трэба заўважыць (фільм жа старагрэцкі, выбачайце, канадыйскі).

У стужцы шмат сцэн з галізною, таму дзецям да 16 гадоў уваход на яго забаронены, а таксама не менш сцэнаў шматслойных любоўных пакут, так што дзецям да 25 таксама прагляд не варта — не зразумеюць.