Упершыню на канькі я стаў гадоў у пяць. А з сямі гадоў і па сёння (ужо амаль 30 год) з задавальненнем гуляю ў хакей. Гульня гэта хуткая і баявая. На свежым паветры нават у 15 — 20‑градусны мароз дае добрую нагрузку і загартоўку. У дадатак да гэтага вельмі добра здымае стрэсы, бо на вялікай хуткасці працуюць адны інстынкты і цяжар штодзённых праблем адступае.

З дзяцінства люблю сачыць за хакейнымі баталіямі і заўсёды радасна ўспрымаю поспехі, з разуменнем стаўлюся да паразаў. Узгадваю, як у савецкія часы захапляўся гульнёй Фяцісава, Харламава, Крутава. Яны былі для нас, падлеткаў, сапраўднымі героямі.

З той пары прайшло багата часу. Хакей цяпер у нас называюць спортам №1, бо гэта ўлюбёная гульня кіраўніцтва нашай дзяржавы апошнія 15 гадоў. Вось і
днямі адбылася нарада высокіх спартовых чыноўнікаў на чале з кіраўніком Беларусі па хакейным пытанні. Галоўнае, што абмяркоўвалася, — гэта «правал» (?!) нашай алімпійскай зборнай па хакеі на гульнях у Ванкуверы. Была зроблена выснова, што кепска працавалі ўсе: і трэнеры, і чыноўнікі, і хакеісты. Кіраўнік дзяржавы загадаў разабрацца і стварыць нейкую «хакейную вертыкаль», каб у будучыні на ўсіх турнірах Беларусь хакейная грымела.

Безумоўна, шмат на нарадзе было і плённых думак, але агульны фон (хакей — для перамог) быў нязменным. Дык у нас, у Беларусі, хакей для народа ці народ для хакея?

Для гульні ў хакей патрэбны хаця б тры рэчы: лёд, канькі і клюшка з шайбай.

Зімы ў нас бываюць розныя, але пры жаданні гуляць 1,5—2 месяцы на год можна. Канькі ў маім дзяцінстве каштавалі 20—30 рублёў за пару, клюшка — 5—6 рублёў. Гэта пры заробках у дарослых 100—200 рублёў. Таму набыць хакейныя прылады для дзяцей праблемай не было. Амаль на кожнай вуліцы ці раёне горада альбо вёскі была свая каманда, і гульні па выходных з удзелам 5—6 камандаў «на высадку» былі справай звычайнай.

А што цяпер?
Канькі каштуюць мінімум 150—300 тысяч, клюшка — 30—60 тысяч, пры сярэдніх заробках 400—500 тысяч. А клюшак тых трэба 3—4 на сезон.

Вось і выходзіць, што сёння ў Горках сабраць хоць дзясятак чалавек на гульню нерэальна.

Тым падлеткам, каму пашэнціла трапіць у хакейную секцыю (а такіх усяго 15—20 на ўсе Горкі), яшчэ канькі і клюшкі выдаюць. Ды часта гуляць тымі клюшкамі дзеці баяцца, бо трэнеры ім кажуць: калі зломіш, дык новую будзеш набываць сам. Таму і таўчэцца каля хакейнай пляцоўкі так багата моладзі з панурымі тварамі. На прапанову: «Гайда з намі шайбу ганяць», з сумам адказваюць: «І радыя б, ды няма за што набыць ні клюшак, ні канькоў».

А зараз няма ўжо і лёду. Пару тыдняў адлігі ў лютым пазбавілі апошняга энтузіязму нашых тутэйшых спартовых чыноўнікаў, і на пытанні моладзі: калі будзе лёд, маразы ж пякуць — чуем адзін адказ: сезон скончыўся!

Складаецца ўражанне, што нашым «спартыўным функцыянерам» было б лепей, каб той сезон і не распачынаўся. Хакей жа можна паглядзець і па тэлевізары.

Яшчэ разважаюць некаторыя пра лядовы палац у Горках. Маўляў, пабудуюць яго, во тады будзе хакей. Але ж ці праўда гэта? Ну, пабудаваць можа яшчэ грошы і дадуць з Мінска ці Магілёва, але ўтрымліваць той палац давядзецца з раённага бюджэту. Ці пацягнем? Калі мы ў такую зіму, як сёлета, не ў стане знайсці сродкі на чыстку снегу, ваду і канькі з клюшкамі, дык адкуль грошы возьмуцца на падтрыманне ў працоўным стане палаца?

Не болей чым 20—25 чалавек сёння ў Горках рэгулярна гуляюць у хакей, дык што, для іх будзем рабіць гэты палац? А мо лепей давайце спачатку давядзём колькасць хакеістаў у раёне хаця б да 250—300 чалавек, зацікавім людзей займацца масавымі зімовымі відамі спорту. Пачнём заліваць не адзін каток на раён на 50 000 насельніцтва (!), а хаця б 5—10 каткоў. Нават праблему цёплых зімаў можна вырашыць, як у Мінску: усталёўваецца на вуліцы дадатковае ахалоджванне лёду, і катацца можна ад лістапада да красавіка. І танней за палац у разы.

І апошняе.
Крыкі чыноўнікаў аб неабходнасці перамог над Канадай і ЗША выклікаюць смех. Бо там хакей — гэта бізнэс, які прыносіць мільярды. Але ён прыносіць іх таму, што там багата жыве народ і мае шмат грошай, каб плаціць за дарагія відовішчы.
Квіткі на хакей на Захадзе каштуюць 50—100$, і трыбуны заўсёды поўныя. Там у школах ёсць басейны, залы для спорту і зімовыя лядовыя пляцоўкі. У нас і за 5—10 тысяч ніхто амаль не ходзіць на матчы. А мара нашага кіраўніка аб перамогах у хакеі над «буржуямі» хіба што можа задаволіць яго няздзейсненыя амбіцыі аб п
абудове развітай дзяржавы. Маўляў, глядзіце! Мы хоць і голыя, а вас б’ём.

Таму і выходзіць, што перамогі на сусветных гульнях патрэбныя ў нас перш за ўсё першаму хакеісту краіны. Мне ж, простаму беларускаму хакеісту, патрэбна, каб я, мае дзеткі, суседзі, сябры — усе мы, паважаныя землякі, мелі сродкі і магчымасці займацца спортам, мацаваць здароўе, каб не пілі. А пасля гэтага з’явяцца і нашы сапраўдныя перамогі.

Поделиться ссылкой: