На думку Міхалевіча, на будучых выбарах большая частка грамадства не будзе падтрымліваць дзейнага прэзідэнта. З’яўляецца «унікальны шанс», паколькі «любы актыўны палітык, які валодае цэласным бачаннем будучыні Беларусі, можа рэальна прэтэндаваць на перамогу, і для гэтага ёсць усе шансы», сказаў ён.

Міхалевіч лічыць, што Беларусь стаіць на парозе буржуазнай рэвалюцыі, і найболей вострыя пратэстныя настроі праяўляцца ў рэгіёнах. Палітык упэўнены, што яго «вельмі добрая каманда лёгка і без усякіх сур’ёзных перашкод» збярэ сто тысяч подпісаў выбаршчыкаў. Міхалевіч заявіў, што сваю апору бачыць у айчынным прыватным бізнесе і грамадскіх арганізацыях. «Я выступаю за незалежную Беларусь, свабодны рынак, правы чалавека і вяршэнства закона», — адзначыў ён. Сваю перадвыбарную праграму палітык збіраецца абнародаваць у верасні.

Паводле меркавання Міхалевіча, апазіцыя не зможа выставіць адзінага кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах. Разам з тым ён выказаў жаданне ўдзельнічаць у працэдуры вылучэння адзінага і заявіў, што «можа разглядаць магчымасць» зняцца на карысць кандыдата, які выступіць з аналагічнай праграмай і прадэманструе наяўнасць каманды і іншых рэсурсаў. Пакуль Міхалевіч не бачыць кандыдата з «пераможным праектам не крамлёўскага паходжання, які можа змяніць сітуацыю ў краіне».

Поделиться: