24 сакавіка ў судзе Цэнтральнага раёну павінна была разглядацца справа ў дачыненні да фотакарэспандэнта газеты «Наша Ніва» Юліі Дарашкевіч. Яе вінавацяць у збіцці міліцыянта і непадпарадкаванні супрацоўнікам праваахоўных органаў. 19 сакавіка журналістцы патэлефанавалі з суда і паведамілі, што судовае паседжанне пераносіцца. Прычына — матэрыялы справы накіравалі на дапрацоўку, паведаміла Юлія Дарашкевіч.

Нагадаем, што 16 лютага 2010 г. фотакора НН затрымалі, калі яна здымала акцыю салідарнасці з палітвязнямі на Кастрычніцкай плошчы. Пры гэтым у Юліі адабралі журналісцкае пасведчанне і звінавацілі яе ў збіцці міліцыянта. У той вечар журналістку пратрымалі тры гадзіны ў пастарунку і адпусцілі без складання пратаколу. Роўна праз месяц, 16 сакавіка, яе азнаёмілі з двума адміністрацыйнымі пратаколамі. Згодна з першым, журналістку вінавацяць у непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі пры спробе адвесці яе ў службовы аўтобус для таго, каб даставіць у РУУС Цэнтральнага раёну (арт. 23.4 КаА РБ). Паводле другога пратакола Юліі закідаюць наўмыснае нанясенне лёгкіх цялесных пашкоджанняў супрацоўніку міліцыі Восіпаву В.В.

Паводле гэтых абвінавачанняў журналістцы пагражае штраф або адміністрацыйны арышт.

Поделиться: