Пра гэта было заяўлена на прэс-канферэнцыі 18 сакавіка. 

Лідэр Партыі БНФ і кіраўнік аргкамітэту правядзення Дня Волі Аляксей Янукевіч паведаміў, што адказу на заяўку аб шэсці 25 сакавіка арганізатары свята з Мінгарвыканкама пакуль не атрымалі. Адказ чакаюць на наступным тыдні.

Нагадаем, што сябры аргкамітэту заявілі маршрут акцыі ад Акадэміі навук да скверу Янкі Купалы. Па словах Аляксея Янукевіча, арганізатары дапускаюць верагоднасць, што дазвол на шэсце да сквера Янкі Купалы ім не дадуць. Але адразу запэўніў, што на плошчу Бангалор людзей не павядуць.

– Нашы дзеянні будуць залежыць ад колькасці людзей, што прыйдуць на свята, і іх настрою. У нас ёсць некалькі варыянтаў дзеянняў, але раскрываць іх пакуль не буду, – сказаў лідэр Партыі БНФ.

Па словах Аляксея Янукевіча, акцыя 25 сакавіка будзе праводзіцца ў святочным фармаце – з музыкай, выступленнем бардаў і паэтаў, з кветкамі, сцягамі і балонікамі.

Кіраўнік Мінскай арганізацыі Партыі БНФ Віктар Івашкевіч заклікаў прыйсці на акцыю ўсіх, хто хоча свабоды і ўлады народу ў нашай краіне.

– Так, сёння у нас ёсць незалежнасць, але няма ні свабоды, ні дэмакратыі. А без іх не будзе дабрабыту, бо несвабодны чалавек, як раб, не можа ў прынцыпе стаць багатым, – адзначыў Івашкевіч. – Як можна дамагчыся свабоды? Толькі праз салідарнасць! Мы заклікаем выйсці 25 сакавіка на вуліцы Мінску і выказаць салідарнасць з палітычнымі вязнямі, з журналістамі, з беларускімі палякамі, з незалежнымі прафсаюзамі.

Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі заявіў, што распачынаецца збор подпісаў пад зваротам прызначыць 25 сакавіка (Дзень Волі) і 8 верасня (Дзень беларускай вайсковай славы) дзяржаўнымі святамі і вызначыць гэтыя дні непрацоўнымі. Па яго словах, подпісы будуць накіраваны ў дзяржаўныя органы.

Першымі свае подпісы пад зваротам паставілі Аляксандр Мілінкевіч, Аляксей Янукевіч і Віктар Івашкевіч. Збор подпісаў плануецца працягнуць падчас акцыі 25 сакавіка.

Поделиться: