За няпоўныя два тыдні пад адозвай у літоўскае Міністэрства навакольнага асяроддзя падпісалася звыш 3.000 чалавек.

У петыцыі, размешчанай па адрасе: http://www.e-peticija.lt/peticija/42/ne-baltarusijos-ae-statybai-vilniaus-pasoneje, зазначаецца, што праца будучай АЭС акажа “негатыўнае ўздзеянне на наваколле Літвы, бо паўплывае на гідралагічны рэжым ракі Віліі/Нярыс, можа прывесці да пераносу радыенуклідаў як па вадзе, так і па паветры”.

Аўтары адозвы падкрэсліваюць, што прыярытэтная пляцоўка пад Астраўцом (Гродзенская вобласць) знаходзіцца ўсяго за 23 кіламетры ад літоўскай мяжы і за 40 км ад сталіцы. “У выпадку аварыі Вільнюс трапіць у зону эвакуацыі”, — падкрэсліваюць арганізатары збору подпісаў. Яны прыгадваюць заявы прадстаўнікоў экалагічных арганізацый падчас грамадскіх слуханняў ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе АЭС у Вільнюсе, што расійскі рэактар, які мусіць быць размешчаны на беларускай АЭС, — эксперыментальны, таму нібыта не існуе ніякіх доказаў яго бяспечнасці.
Падчас слуханняў у Вільнюсе на пачатку сакавіка прадстаўнікі Беларусі даводзілі літоўскай грамадскасці, што падставы сумнявацца ў бяспечнасці АЭС няма, а яе ўздзеянне на навакольнае асяроддзе не будзе значнае. З гэтым не згодныя прадстаўнікі грамадскасці ў абедзвюх краінах.

Паводле нормаў міжнароднага права, Літва мае права выказаць сваю пазіцыю адносна планаў Беларусі будаваць АЭС, аднак блакаваць рашэнне не можа. Тым не менш, літоўскія грамадскія арганізацыі спрабуюць пераканаць улады сваёй краіны ў неабходнасці выказацца супраць пабудовы АЭС у Астраўцы.

Рашэнне аб пазіцыі Літвы будзе прымаць Міністэрства навакольнага асяроддзя, да 31 сакавіка выслухаўшы меркаванне грамадскасці. “Мы не можам заставацца ў баку і дазволіць зацягнуць Літву ў сетку неправеранай ядзернай энергетыкі, што нясе пагрозу здароўю людзей і прыродзе. Паспяшаймася. Подпісы трэба сабраць да 31 сакавіка”, — заклікаюць аўтары петыцыі.

Неафіцыйна ў Літве існуе меркаванне, што краіна не будзе пярэчыць атамным планам беларусаў, бо таксама плануе пабудову новай уласнай АЭС на месцы закрытых рэактараў пад Вісагінасам, у літоўска-беларуска-латвійскім памежжы.

Поделиться ссылкой: