Пра гэта заявіў прэм’ер-міністр Казахстана Карым Масімаў у інтэрв’ю расійскай газеце “КоммерсантЪ”, апублікаваным 16 сакавіка.

Адказваючы на пытанне, у якой ступені стварэнне Мытнага саюза (МС) Беларусі, Расіі і Казахстана тармозіцца праблемамі ў адносінах Масквы і Мінска, Масімаў заўважыў: “Мы вольна ці міжволі з’яўляемся сведкамі развіцця расійска-беларускіх адносінаў, у якіх пакуль ёсць супярэчнасці. Але кіраўнікі двух бакоў — разумныя людзі, будзе знойдзены кампраміс”.

Паводле слоў Масімава, прынцып прыняцця рашэнняў у межах МС зафіксаваны ў пагадненнях саюза.

“Калі спрошчана, у межах Мытнага саюза Расія з Казахстанам могуць прыняць рашэнне, якому Беларусь будзе абавязана падпарадкавацца. Расія і Беларусь могуць прыняць рашэнне, якому падпарадкуецца Казахстан. Расія адна рашэнне, з якім не згодныя ні Казахстан, ні Беларусь, прыняць не можа. Гэтыя суадносіны былі выпрацаваны на аснове памераў ВУП трох краін”, — растлумачыў  казахстанскі прэм’ер.

Масімаў не адказаў на пытанне, “ці падтрымлівае Казахстан прэтэнзіі Беларусі да расійскіх экспартных пошлін на энерганосьбіты”.

Разам з тым ён заўважыў, што гэта не пытанне Мытнага саюза, гэта пытанне Адзінай эканамічнай прасторы.

“Пра гэта казалі з самага пачатку. Трубаправоды, якія праходзяць па тэрыторыі Расіі, — гэта аб’екты РФ адпаведна і ў Казахстане, і ў Беларусі. Але рэгуляванне і тарыфаўтварэнне ў трубаправодным транспарце — гэта ўжо будучы прадмет вядзення АЭП. Многія пытанні ў сферы энергетыкі будуць абмяркоўвацца не цяпер. Нас, зразумела, цікавіць нафтаперапрацоўка на тэрыторыі Беларусі, але толькі пасля вырашэння пытанняў АЭП, пра які мы зараз гаворым і будзем гаварыць”, — сказаў Масімаў.

Ён абверг меркаванне аб тым, што Мытны саюз з’яўляецца “праектам рэстаўрацыі СССР”.

“Абсалютна ўпэўнена вам заяўляю: пра гэта размова не ідзе, — падкрэсліў казахстанскі прэм’ер. — Размова ідзе толькі пра эканамічную інтэграцыю. Палітычна мы суверэнныя дзяржавы, кожная са сваёй унутранай і знешняй палітыкай, якая вызначаецца народам краіны”.

Пры гэтым Масімаў заўважыў, што асабіста ён быў прыхільнікам таго, каб адразу ствараць АЭП. “Але тады — калі я не памыляюся, гэта было ў снежні 2008 года на сустрэчы з Уладзімірам Пуціным — мы дамовіліся пачаць усё ж з Мытнага саюза”, — сказаў ён.

Паводле слоў Масімава, “ідэі МС і АЭП звязаны вельмі шчыльна паміж сабой”.

“У сферу дзейнасці МС уваходзяць агульная мытная тэрыторыя і знешнія межы, адзіная мытная, ці, будзем казаць так, гандлёвая палітыка, гэта значыць пошліны цяпер ужо па ўсім контуры МС. АЭП — гэта наступны крок. АЭП — гэта адзіная канкурэнтная палітыка, адзіная тарыфная палітыка па натуральных манаполіях і яшчэ шэраг палітык, якія ўрады суверэнных дзяржаў свядома аддаюць у кампетэнцыю наднацыянальных органаў”, — растлумачыў прэм’ер Казахстана.

Поделиться ссылкой: