Цяпер нацыя спакойная: тоўстая кішка, як і практычна ўсё астатняе, у Барака Абамы ў парадку. Разам з тым амерыканцы даведаліся, што ў прэзідэнта “падрос” халестэрын (трэба мяняць харчаванне!) ды з левым каленам дробныя непрыемнасці.

Такая ўжо ў гэтых праклятых імперыялістаў завядзёнка: хочаш не хочаш, але калі ты атабарыўся ў Белым доме, дык мусіш штогод паўставаць перад эскулапамі. І вынікі тваіх аналізаў становяцца вядомыя ўсёй Амерыцы.

Беларускія ж грамадзяне мусяць задавальняцца хіба што пагалоскамі пра стан здароўя сваіх кіраўнікоў. Наверсе не бачаць патрэбы і сэнсу трэсці перад шырокай публікай вынікамі аналізаў высокіх асоб. Як заявіла нядаўна адна высокапа-

стаўленая асоба з прэзідэнцкага атачэння, “у нас няма такой традыцыі”.

Вось вам і парадокс. Заходняе грамадства трапяткім чынам ставіцца да таямніцы асабістага жыцця. З іншага боку, публічныя асобы, палітыкі ды высокія чыноўнікі там — пад бязлітасным рэнтгенам галоснасці.

“Прынцыпу публічных фігур” прытрымліваецца і Еўрапейскі суд па правах чалавека. Сутнасць у тым, што такія дзеячы мусяць быць адкрытымі для грамадства ў большай ступені, чым звычайныя абывацелі. Гэта тычыцца як стану здароўя, так і іншага інтыму. Хоць і круціцца той самы Берлусконі, бы вуж на патэльні, але нічога не можа зрабіць з выкрывальніцкімі публікацыямі ў друку пра ягоныя амурныя забавы. Дэмакратыя, халера яе бяры: італьянцы маюць права ведаць пра “облико морале” свайго прэм’ера!

Днямі нямецкія хірургі аперыравалі егіпецкага прэзідэнта Мубарака. І ўсе егіпцяне ведалі, што лідэр нацыі выправіўся ў Германію не з туманным “працоўным візітам”, а менавіта выдаляць жоўцевы пузыр. Яшчэ болей: на гэты час Мубарак афіцыйна перадаў паўнамоцтвы прэм’еру. Вось вам і Афрыка: галоснасці (дый даверу да падначаленых, бадай) болей, чым у нашым “сэрцы Еўропы”.

Усе гэтыя паралелі асабліва актуальныя ў звязку з нядаўняй бомбай, укінутай праз нейкага брусельскага дыпламата ў інтэрнет-выданне EUobserver.com. Маўляў, беларускі афіцыйны лідэр лётаў у Швейцарыю рабіць аперацыю на прастаце.

Ва ўсякім разе той лютаўскі візіт выглядаў таямніча. Пастфактум афіцыйнай інфармацыі — нуль. Еўропа паласкала пікантную медыцынскую тэму, а Мінск маўчаў як рыба. Беларусу застаецца чухаць рэпу: ці праўда гэта, што Аляксандр Рыгоравіч лятаў у Швейцарыю рабіць аперацыю на прастаце, ці ворагі паклёпнічаюць? У нашай жа ўлады, якая так ганарыцца сваёй народнасцю, бач, “няма такой традыцыі” — інфармаваць народ пра стан здароўя кіраўнікоў, як гэта робяць на гнілым Захадзе.

Між тым усе амерыканцы ведалі, калі аперацыю на прастаце рабілі Рэйгану. Яшчэ і дыскутавалі: ці здолее надалей выконваць абавязкі? А тры гады таму тагачасны прэм’ер Ізраіля Ольмерт сам сабраў журналістаў, каб абвесціць, што будзе аперыравацца з нагоды раку прастаты (во ўжо сапраўды кара для мужчын!). Ольмерт супакоіў суайчыннікаў: не хвалюйцеся, драбяза, хутка буду як агурочак!

Заўважце: часам справа не ў тым нават, што нейкі закон прымушае. Кіраўнікі дэмакратычных краін лічаць такое інфармаванне правілам добрага тону, знакам павагі да электарату.

І не трэба казаць тут пра нездаровы інтарэс публікі. Якраз здаровы! Бо чалавек з сур’ёзнымі медыцынскімі праблемамі на чале дзяржавы можа быць элементарна небяспечны.

Напрыклад, некаторыя адмыслоўцы мяркуюць, што Сталін быў шызоідным псіхапатам. Існуе таксама версія, што акадэмік Бехцераў быў атручаны, бо паставіў “правадыру народаў” дыягназ: параноя. Так гэта ці не, мы наўрад ці калі даведаемся. У камуністычнай імперыі стан здароўя правадыроў быў ператвораны ў найвялікшы дзяржаўны сакрэт. Толькі тэлевізар выдаваў, што нямоглыя генсекі, якія нібыта мудра кіравалі звышдзяржавай, насамрэч не ў стане былі звязаць двух слоў. Ды і вадзілі іх падпаху.

Вось адкуль насамрэч — з традыцый саўка! — ідзе сакрэтнасць беларускіх вярхоў, калі справа тычыцца медыцынскіх (і не толькі) пытанняў. “Фігура змаўчання” ўжываецца, дарэчы, і ў тых выпадках, калі небяспека навісае над масай звычайных грамадзян. Згадайма, як праглынулі языкі чыноўнікі падчас леташняй эпідэміі свінога грыпу.

Усе недэмакратычныя рэжымы пакутуюць на хлуслівасць. Аўтарытарная сістэма заўжды “фільтруе базар”: вось гэта народу ведаць варта, а вось гэта — засакрэцім, каб не распальваць непатрэбныя жарсці.

Дарэчы, з 1999 года дзейнічае прэзідэнцкі ўказ №32, які абавязвае высокую наменклатуру пры атрыманні пасады і штогод праходзіць медыцынскае абследаванне ў так званай лечкамісіі. За ўхіленне прадугледжана дысцыплінарная адказнасць, па выніках агляду прэзідэнт прымае тое ці іншае кадравае рашэнне. Кіраўнік дзяржавы заяўляў журналістам, што і сам ён рэгулярна праходзіць такія абследаванні.

Канечне, не абавязкова інфармаваць шырокую публіку пра ўсе болькі персон з другога эшалону. Ды і што тычыцца першай асобы, варта памятаць пра пытанні этыкі і не даводзіць справу да абсурду. Але прынцыповыя рэчы пра стан здароўя лідэраў нацыі электарат мусіць ведаць.

І, дарэчы, найлепей пачынаць з этапу выбарчай кампаніі. Трэба зрабіць медыцынскае абследаванне з агалошваннем вынікаў абавязковым для ўсіх кандыдатаў у прэзідэнты.

“Гэта асабліва актуальна для прэзідэнцкіх рэспублік, дзе ў руках першай асобы канцэнтруюцца велізарныя паўнамоцтвы, — мяркуе эксперт у галіне выбарчага заканадаўства Сяргей Альфер. — Такое патрабаванне варта было б заканадаўча замацаваць і ў Беларусі”.

Карацей, калі, прабачце за натуралізм, тоўстая кішка ці нейкі іншы орган Васі Пупкіна — яго асабістая праблема, то ў выпадку кіраўніка дзяржавы ці прэтэндэнта на гэту пасаду — ужо праблема грамадская, пытанне нацыянальнага значэння. Зразумела, каму прыемна выстаўляць напаказ болькі!.. Але ж назваўся грыбам — лезь у гаршчок.

Поделиться: