Меркаванне Рады Еўропы не будзе вызначальным для прыняцця рашэння аб увядзенні мараторыя на смяротнае пакаранне ў Беларусі, заявіў сёння старшыня сталай камісіі «палаты прадстаўнікоў» па заканадаўстве і судова-прававых пытаннях, кіраўнік «парламенцкай» працоўнай групы па абмеркаванні праблематыкі смяротнага пакарання Мікалай Самасейка.

«Патрабаванне Рады Еўропы (аб адмене смяротнага пакарання ў Беларусі для аднаўлення статусу спецзапрошанага ў ПАРЕ) будзе ўлічвацца, але не стане вызначальным для прыняцця рашэння аб увядзенні мараторыя на смяротнае пакаранне. Нам трэба ўлічваць усе фактары: і палітычную волю, і міжнародную сітуацыю, і грамадскую думку», – перадае БелТА словы Мікалая Самасейкі.

На яго думку, пытанне аб механізме адмены смяротнага пакарання – другаснае. Галоўная мэта створанай працоўнай групы – вывучыць перадумовы, якія даюць падставу вырашыць, ці трэба адмяняць смяротнае пакаранне ў Беларусі. Толькі пасля гэтага, як заявіў Самасейка, варта абмяркоўваць, якім менавіта чынам яно можа быць адмененае: альбо праз ратыфікацыю міжнародных пратаколаў, альбо праз унясенне змяненняў у Крымінальны кодэкс, альбо увядзенне мараторыя.

«Палатачнік» не выключае, што ў Беларусі магчыма правядзенне рэферэндуму адносна поўнай адмены смяротнага пакарання, бо для гэтага спатрэбіцца ўнясенне змяненняў у Канстытуцыю. Аднак, паводле словаў Самасейкі, на першапачатковым этапе варта разглядаць пытанне аб увядзенні мараторыя, а не аб поўнай адмене смяротнага пакарання.

Яшчэ адзін удзельнік працоўнай групы, намеснік старшыні сталай камісіі «палаты прадстаўнікоў» па міжнародных справах і сувязях з СНД Ігар Карпенка падкрэсліў, што калі «дэпутатам» трэба будзе прымаць рашэнне аб увядзенні мараторыя, то гэта будзе «не ва ўгоду Радзе Еўропы ці яшчэ камусьці, а ў кантэксце інтарэсаў беларускага грамадства і дзяржавы».

Плануецца, што дзейнасць працоўнай групы працягнецца да лета гэтага года.

Нагадаем, што ў чэрвені 2009 года Парламенцкая Асамблея Рады Еўропы ў сваёй рэзалюцыі звязала вяртанне Беларусі гасцявога статусу ў асамблеі з мараторыем на смяротнае пакаранне.

Беларусь – адзіная краіна Еўропы, якая не толькі не ўваходзіць у Раду Еўропы, а нават не мае гасцявога статусу. 47 еўрапейскіх краін, разам з усімі нашымі суседзямі, уваходзяць у Раду Еўропы. А адпаведна, іх грамадзяне могуць падаваць заяўкі ў Еўрапейскі суд па правах чалавека супраць парушэння сваіх правоў дзяржаўнымі органамі.

Поделиться: