Пра гэта charter97.org паведаміў бацька палітжаўнера Вінцук Вячорка.

«Франака прывезлі ў Ваенны шпіталь пад наглядам афіцэраў. Думаю, што яму збіраюцца зрабіць ультрагукавое абследаванне сэрца. Калі сын ляжаў у шпіталі ў Мазыры з грыпам, урачы выявілі, што ў яго хвароба сэрца, несумяшчальная са службай у арміі. Вось яны зараз і вымушаныя мітусіцца», – адзначыў Вячорка.

Нагадаем, што 19 лютага Мазырская раённая выбарчая камісія зарэгістравала ініцыятыўную групу па вылучэнні Франака Вячоркі кандыдатам у Мазырскі раённы Савет дэпутатаў па Станцыйнай выбарчай акрузе №25.

Заява на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы і спіс яе ўдзельнікаў былі пададзеныя ў выбаркам 15 лютага. А ўжо на наступны дзень, 16 лютага, распавёў Вінцук Вячорка, вынеслі загад аб гаўпвахце за нібыта правіннасць, якая мела месца. «Гэты загад у любы час можа ўступіць у сілу», – адзначыў Вінцук Вячорка.

Таксама Ф. Вячорка і В. Вячорка ўключаныя ў склад ініцыятыўнай групы сябра Партыі БНФ па Палескай выбарчай акрузе №43 у Гомельскі абласны Савет Уладзіміра Целепуна. Станцыйная выбарчая акруга №25 уваходзіць у межы Палескай выбарчай акругі №43, дзе размяшчаецца і вайсковая частка, дзе служыць Франака Вячорка. Але збіраць подпісы за У.Целепуна хлопец не мае магчымасці ні на тэрыторыі вайсковай часткі, ні па-за яе межамі. Нягледзячы на тое, што Уладзімір Целепун ужо меў гутарку на гэты конт з кіраўніцтвам часткі.

У ліпені 2008 года медкамісія ваенкамата Савецкага раёна Менска прызнала Франака Вячорку непрыдатным да ваеннай службы па стане здароўя. Абласная медкамісія паставіла гэтае рашэнне пад сумнеў. Пасля абследавання ў ваенным шпіталі маладому чалавеку была дадзеная адтэрміноўка ад службы да сакавіка 2009 года. Аднак 16 студзеня ваенкамат Савецкага раёна Менска прызнаў моладзевага актывіста прыдатным да ваеннай службы. Суд гэтага ж раёна, дзе было абскарджанае рашэнне ваенкамата, 23 студзеня пакінуў яго ў сіле. Рашэнне суда было прынята ў адсутнасць Франака Вячоркі і яго адваката.

У цяперашні час малады чалавек праходзіць службу ў ваеннай частцы 48694 у Мазыры (Гомельская вобласць).

Поделиться ссылкой: