Імпрэза была прысьвечаная творчасьці чэскіх пісьменьнікаў Карэла Шыктанца, Яхіма Топала і Францішка Галяса ў перакладзе Сяргея Сматрычэнкі.

Супрацоўніца «ПрайдзіСьвету» Юлія Цімафеева кажа, што ідэя правесьці перакладчыцкія чытаньні зьявілася даўно. Але ажыцьцявіць яе стала магчымым дзякуючы перакладчыку Сяргею Сматрычэнку, які падштурхоўваў «прайдзісьветаўцаў» і сам падахвоціўся стаць першым чытачом замежнай літаратуры для беларусаў. На першай такой сустрэчы пад назвай «Адам, Ева і брутальная лірыка» гучалі пераклады чэскай літаратуры.

Сяргей Сматрычэнка: «Давялося пакорпацца ў тым, што я адабраў для чытаньня непасрэдна, а для чытаньня адабраў у тым ліку паэму, ці большую частку паэмы, якая называецца «Адам і Ева» аўтара Карла Шыктанца, а таксама дыямэтральна іншыя вершы аўтарства Яхіма Топала, якія гучаць досыць брутальна, можа быць, для нашай аўдыторыі. Так вось і скампанавалася і хуценька за гадзінку прыдумалася назва.

Галоўная асаблівасьць сустрэчаў — чытаньне твораў у арыгінале. Творы чэскіх аўтараў выконвалі Сяргей Сматрычэнка, Марыя Пушкіна, Настасься Баярскіх. Сёньня ў кнігарні галерэі «Ў» чэскі арыгінал гучаў у выкананьні маладой перакладчыцы, студэнткі 4-га курсу філялягічнага факультэта БДУ Настасьсі Баярскіх:

«З чэскай мовай я пазнаёмілася тры гады таму ва ўнівэрсытэце. У нас была магчымасьць вывучаць адну зь якіх-небудзь славянскіх моваў. Я абрала чэскую, таму што мне хацелася паспрабаваць што-небудзь новае. Якраз мне пашчасьціла чытаць сёньня майго любімага чэскага пісьменьніка Яхіма Топала. Сёньня я чытаю яго вершы».

24 лютага ў дзень народзінаў Рыгора Барадуліна літаратар Андрэй Хадановіч пазнаёміў удзельнікаў з перакладамі на чэскую мову твораў дзядзькі Рыгора

Юлія Цімафеева кажа, што ў найбліжэйшых плянах «ПрайдзіСьвету» — «французская» ды «ангельская» вечарыны:

«Далей аматараў сусьветнай густоўнай літаратуры чакаюць творы Арцюра Рэмбо ў перакладах Андрэя Хадановіча. Хацелі б, каб была вечарына прысьвечаная гэтай тэматыцы. Таксама хацелі б зьвярнуцца да старажытнай літаратуры, да старажытнаангельскай літаратуры. Мы б, мабыць, хацелі пагаварыць з Антонам-Францішкам Брылем наконт яго пераклада «Бэавульфа», таксама пачытаць «Бэавульф».

А сёньня ўсе месцы ў кнігарні галерэі «Ў» былі занятыя. Хоць, паводле словаў спадарыні Цімафеевай, на вялікую папулярнасьць чэскіх перакладніцкіх чытаньняў арганізатары не разьлічвалі:

«Мы не плянуем гэтыя чытаньні як нешта масавае, гэта можа быць нешта хутчэй больш клубнае ці салённае. Нават калі прыйдзе няшмат людзей, але складзецца добрая сяброўская атмасфэра, будзе выдатна».

Поделиться: