Аляксандр Лукашэнка вельмі агульна адказаў на ліст Леха Качыньскага, у якім польскі прэзідэнт прасіў беларускага калегу асабіста разабрацца з сітуацыяй вакол польскай саюза. Ніякіх пераломных заяў у лісце Лукашэнкі польскі прэзідэнт так і не знайшоў, адзначыў дзяржсакратар Канцылярыі Леха Качыньскага Павал Выпых.

Павал Выпых: “Гэты ліст не прыносіць ніякага пералому. Здаецца, што Аляксандр Лукашэнка лічыць усе дзеянні, якія ажыццяўляў беларускі бок апошнім часам, цалкам адпаведнымі і згоднымі са стандартамі дэмакратычнай дзяржавы”.

Не дачакаўшыся пажаданай рэакцыі ад беларускіх уладаў, Лех Качыньскі вырашыў напісаць лісты ў структуры Еўрасаюза – да старшыні Еўрапейскага Савета Германа ван Рампея і старшыні Еўрапарламента Ежы Бузэка. У гэтых лістах польскі прэзідэнт хоча пазнаёміць іх з тым, як бачыць усю сітуацыю Аляксандр Лукашэнка. А такое бачанне польскі бок не задавальняе, паведаміў журналістам шэф канцылярыі Леха Качыньскага Ўладыслаў Стасяк.

Уладыслаў Стасяк: “Можна ўпэўнена сказаць, што гэты адказ нас не задавальняе. Ён толькі пацвердзіў, што тыя перамовы, якія праводзіліся дагэтуль, не прынеслі эфектаў, не прывялі да задавальняючага рашэння”.


Сваю заклапочанасць сітуацыяй з польскай меншасцю ў Беларусі выказвала нават міністр замежных спраў Еўрасаюза Кэтрын Эштан, назваўшы затрыманні сябраў Саюза палякаў “выразным крокам назад” у дэмакратызацыі.
Аднак, нягледзячы на гэта, беларускі бок змяняць сваю пазіцыю не збіраецца. Пра гэта ў інтэрв’ю польскаму тэлеканалу TVN24 заявіў 23 лютага амбасадар Беларусі ў Польшчы Віктар Гайсёнак.
Віктар Гайсёнак: “Гэта меркаванне перадусім спадарыні Эштан. А вось Савет Еўропы фактычна не пайшоў на далейшую эскалацыю канфлікту. Таму, магчыма, гэта астудзіць некаторыя гарачыя галовы”.
Віктар Гайсёнак таксама адзначыў, што беларускі бок гатовы ісці на перамовы, аднак толькі ў тым выпадку, калі яго будуць успрымаць як роўнага партнёра. Размовы на прынцыпах ультыматумаў і пагрозаў у гэтай сітуацыі, на думку беларускага амбасадара, рэч непрымальная. 
Віктар Гайсёнак: “Мы перакананыя ў сваёй слушнасці пры разгляданні гэтага пытання. Мы і далей будзем паслядоўна ісці па шляху дзеянняў выключна на падставе заканадаўства нашай краіны ”.
Беларускі амбасадар таксама адзначыў, што ў Беларусі існуе толькі адзін Саюз палякаў. А напружаная сітуацыя вакол польскай меншасці вынікае з таго факту, што група сябраў гэтага Саюза палякаў на чале з Анжалікай Борыс выступіла з яго і не хоча дзейнічаць паводле беларускіх законаў. Згодна са словамі Віктара Гайсёнка, беларускія ўлады не хочуць лезці ў справы гэтых арганізацый. Свае праблемы яны павінны вырашыць самі за круглым сталом перамоваў такім чынам, каб усе засталіся задаволеныя.

Поделиться: