Планавалася, што ганаровая цырымонія пройдзе ў гатэлі «Краўн Плаза» 14 лютага, але адміністрацыя гасцініцы ў апошні момант скасавала дамову на памяшканне.

Першую прэмію ўручалі ў намінацыі «Змагар года». Яе заслужыў палітвязень Арцём Дубскі, а ўзнагароду атрымлівала ягоная маці Алена. Яна зазначыла, што для Арцёма гэта будзе вялікая падтрымка. Нагадаем, што 10 лютага Дубскага на 15 сутак змясцілі ў штрафны ізалятар магілёўскай калоніі.

Лаўрэат прэміі ў намінацыі «Pro-Belarus» пасол Швецыі Стэфан Эрыксан адразу пажартаваў:

«Я падазраваў, што люблю Беларусь, а цяпер ведаю гэта пэўна». Потым ён успомніў, што вечарам у рамках Алімпіяды ў Ванкуверы пройдзе хакейны матч паміж зборнымі Беларусі і Швецыі. «Я нават не ведаю за каго балець. Але ў любым выпадку перамогуць нашы», — зазначыў С.Эрыксан.

Рэжысёр «Свабоднага тэатра» Мікалай Халезін цяпер у французскім Ліёне, таму статуэтку замест яго атрымліваў Кірыл Ільніцкі.

«Палітыкам года» паводле версіі «Маладога фронту» стаў старшыня БНФ Аляксей Янукевіч. Лаўрэат зазначыў, што для яго гэта асабліва прыемна, бо ён сам выйшаў з гэтай арганізацыі.

А кампанія «Будзьма» атрымала не толькі статуэтку ад «МФ», але таксама карціну ад мастака Алеся Пушкіна. З карцінай, што называецца «Спячы дуб, што чакае вясны» Пушкін прыязджаў на вулічную акцыю 14 лютага, з ёй мастака і затрымлівалі.

Ініцыятар кампаніі «За альтэрнатыўную службу» Міхась Пашкевіч сваю ўзнагароду ўжо атрымаў. Прычым, як зазначыў Іван Шыла, двойчы. Першы раз на плошчы падчас Акцыі любові, а другі раз ад камандзіра ПМСП Аляксандра Лукомскага.

Фанаты мінскага футбольнага клуба «Тарпеда» на ўзнагароджванне не прыйшлі.

Поделиться ссылкой: