…На наступны дзень, пасля таго як Сяргей Новікаў стаў сярэбраным прызёрам Алімпіяды, Чавусы, што ў Магілёўскай вобласці, святкавалі перамогу земляка. Бацька спартсмена Валянцін Фёдаравіч да гэтага часу працуе ў мясцовай дзіцяча-спартыўнай школе, дзе і пачынаў займацца спортам сын. Маці Сяргея Ірына Іванаўна зараз на пенсіі.

— Ідуць журналісты і ідуць, — уздыхае Ірына Іванаўна. — Ды і, лічыце, цэлую ноч не спала. Тое, што сын заваяваў “серабро”, стала вядома, калі ўжо было каля гадзіны ночы па нашым часе, але ж віншаванні працягваліся.

— Да якога часу тэлефанавалі?

— Амаль да трох ночы. Тры гадзіны паспала — і зноў званкі.

— Дык вы і не паспалі?

— Усім бы маці такія бяссонныя ночы.

— З кім глядзелі біятлон?

— З мужам удваіх. Больш нікога не запрашалі.

— Калі зразумелі, што сын стане медалістам?

— Калі фінішаваў. Было такое прадчуванне, і яно мяне не падвяло.

— А ў Сяргея перад Алімпіядай не было такога прадчування?

— Можа, і было, але казаў толькі: “Як Бог дасць!”

— Сын веруючы?

— Як і ўсе. Перахрысціцца можа, але царкву пастаянна не наведвае.

— А вы не хрысціліся, калі сачылі за выступленнем?

— Фігу скруціла, калі Сяргей страляў. Мы ж з бацькам думалі, што за шчасце будзе, калі сын у дзесятку мацнейшых патрапіць, а тут ён — як рване! Малайчына.

— А хто больш эмацыйны балельшчык — вы ці Валянцін Фёдаравіч?

— Я, бо магу і закрычаць: “Ся-ро-жа!” Не стрымліваю эмоцыі.

— Уся спартыўная школа ў Чавусах таксама, напэўна, заходзілася ад радасці за земляка?

— Так, ён жа яе выхаванец. У 13 гадоў пачаў тут займацца, пасля пераехаў у Магілёў у вучылішча алімпійскага рэзерву. Прыязджаў на пятніцу, суботу, нядзелю дадому.

— Хто Сяргея накіраваў у біятлон?

— Бацька, а я ж вельмі не хацела. Маленькі сын зусім быў, худзенькі, шкадавала яго. Але ж муж сам біятлонам займаўся.

— Не галадаў у Магілёве?

— Казаў, што нармальна кармілі. Але я таксама давала яму з сабой у дарогу агурочкі, сала. Праўда, сын не асабліва хацеў усё гэта цягнуць з сабой.

— Хто яшчэ ў вашай сям’і, акрамя Сяргея?

— Дзве старэйшыя дачкі.

— Не крыўдзілі маленькага-худзенькага?

— Мірна жылі.

— Дадому збіраецца прыехаць пасля Алімпіяды?

— Так, абяцаў наведацца напрыканцы лютага.

— Чым частаваць будзеце?

— Дранікаў нараблю, галубцоў.

— Віншуюць вас у Чавусах?

— Усе да аднаго! Знаёмыя і незнаёмыя.

— Можа, які-небудзь невялікі помнік у Чавусах Сяргею паставяць?

— Ой, ды што вы! Абавязкова напішыце, што не трэба ніякага помніка. Мы простыя, сціплыя людзі.

Сяргей з жонкай Ганнай жывуць у Магілёве, але апошняя таксама прыехала ў Чавусы раздзяліць радасць з бацькамі.

— Уражанняў — мора, адны эмоцыі, — радасна кажа яна.

— Пагутарылі з мужам адразу пасля перамогі?

— Безумоўна. Гадзіны праз дзве яму нейкія рэпарцёры далі тэлефон, каб мог пагутарыць са мной.

— Даўно вы пажаніліся?

— Вясной мінулага года, хоць знаёмы пяць гадоў.

— Як рыхтуецеся да сустрэчы мужа?

— О, няхай гэта будзе маленькім сакрэтам! Галоўнае, каб хутчэй прыехаў. Так хочацца пацалаваць і прыціснуцца… Нават калі б і медаль не заваяваў.