— Адразу пасля перамог нашых біятланістаў давялося пагутарыць толькі з трэнерамі, — кажа Аляксандр Міхайлавіч. — Настрой добры, думаю, што спартсмены заслужылі добрых слоў, і мы гэтыя словы сказалі. Ганарымся поспехамі!

— Сярэбраны медаль Сяргея — больш выпадковасць?

— У некаторай ступені поспех Сяргея можна назваць сенсацыйным, але для спецыялістаў не сакрэт, што індывідуальная гонка — каронны від праграмы Новікава. На спаборніцтвах ён ужо дэманстраваў цудоўную стральбу, але раней не хапала хуткасці на трасе. Сёння Сяргей выйшаў на пік формы ў фізічным плане і не трэба хаваць, што цудоўна «працавалі» лыжы. Усё гэта разам — работа трэнераў, сервісменаў, спартсмена — і дало плён.

— А самі вы, калі шчыра, верылі ў “серабро” Новікава?

— Мы ведалі, што калі Сяргей адстраляе “пад нуль”, то ён прэтэндуе на месца ў тройцы. Але ж гэта яшчэ ні разу трэба не прамахнуцца і бегчы на максімуме сваіх магчымасцяў. На шчасце, усё так і атрымалася. Да таго ж у мяне ёсць распіска асабістага трэнера Сяргея — Анатоля Іванавіча Перапечкіна, дзе апошні гарантуе, што на Алімпіядзе ў Ванкуверы Новікаў заваюе медаль. Натуральна, што распіска была напісана яшчэ перад Гульнямі.

— Трэнер па асабістай ініцыятыве даваў такую распіску?

— Не, гэта я яму прапанаваў. Ён сказаў, што трэнерскі штаб правёў добрую работу, на Алімпіядзе выйдуць на пік формы і могуць заваяваць медаль. Я яму кажу: “Ты можаш гэта гарантаваць?” — “Так, гарантую”. — “Тады пішы”. Як у ваду глядзеў Перапечкін…