Такое меркаванне выказала Першая намесніца кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Пяткевіч 16 лютага на семінары «Роля СМІ ў забеспячэнні канстытуцыйных правоў грамадзян пры правядзенні выбарчых кампаній». Аднадзённую сустрэчу зладзіла ГА «Беларускі саюз журналістаў» пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі і Нацыянальнага прэс-цэнтра.

Да ўдзелу ў ёй арганізатары запрасілі шэраг вядомых беларускіх журналістаў з Мінска і рэгіёнаў, медыяэкспертаў, кіраўніка офіса АБСЕ ў Мінску Бендыкта Халера, дарадцу прадстаўніка АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Ганна Карлсрайтэр, кіраўнікоў ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў».

Большасць выступоўцаў ў сваіх прамовах выходзіла за межы заяўленай тэмы семінара. «Выбарчай» тэматыкі строга прытрымлівалася ў сваім выступе хіба што старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына. Яна выказала ўпэўненасць, што ў грамадскай свядомасці выбары звычайна выглядаюць так, як іх асвятляюць, а не так, як яны праходзяць на самой справе. Але ў нашай краіне гэтая тэндэнцыя не такая моцная «ў сілу дзяржаўнай манаполіі на электронныя СМІ». У той жа час, «дзяржаўным СМІ заўсёды складаней, паколькі афіцыйны пункт гледжання не можа вольна інтэрпрэтавацца, нават дзеля рэйтынгу і продажаў», — лічыць старшыня ЦВК.

Роля СМІ ў часе выбараў

Па словах Л. Ярмошынай, пад час выбараў часта паступаюць скаргі з нагоды негатыўнага асвятлення дзейнасці апазіцыйных кандыдатаў. «Дзяржаўныя СМІ маюць права на аўтарскі погляд, уласную пазіцыю, і яны не павінныя яе мяняць нават пад час выбараў», — упэўненая спн. Ярмошына.

Увогуле ж старшыня ЦВК параіла журналістам «адысці ад звыклай руціны пры асвятленні выбараў і зацікавіць выбаршчыкаў» — «не хадзіць да Ярмошынай і Лазавіка, а з’ездзіць на ферму, якая змагаецца за сваю кандыдатку Маню». Іншымі словамі, «наблізіць» выбары да чытача.

Па назіраннях Наталлі Пяткевіч, беларускія СМІ ў апошні час «ўдарыліся ў клубнічку і жаўцізну», залішне захапіліся пошукам «смажаных» фактаў і стракатых загалоўкаў, часам забываючыся на тое, што свабода журналіста часам можа пасягнуць на свабоду героя яго матэрыялаў і не лепшым чынам адбіцца на спажыўцах інфармацыі.

У якасці прыкладу спн. Пяткевіч прывяла асвятленне ў беларускіх СМІ эпідэміі «свінога грыпу». Разумеючы жаданне СМІ давесці да грамадскасці «нейкую нібыта праўдзівую інфармацыю», спн. Пяткевіч нагадала, што ў паўсядзённым жыцці ў дачыненнях з блізкімі мы звычайна дазуем негатыўную інфармацыю, «каб залішне не хваляваць, калі няма дастатковых для гэтага падставаў». Парада Н. Пяткевіч — пры асвятленні любой падзеі ставіць на шалі вагаў 2 складнікі: свабоду інфармацыі і яе наступствы.

Увогуле, тэма грыпу як «лакмусавая паперка» маралі беларускіх СМІ перыядычна фігуравала ў прамовах іншых удзельнікаў семінара і ў дыскусіях. Звярнулася да яе і намесніца галоўнага рэдактара газеты «Советская Белоруссия» Ганна Шадрына, тэма выступу якой была «Свабода і адказнасць. Маральны выбар і прафесійны абавязак журналіста». Адказны журналіст, закранаючы балючую для людзей тэму, павінен ведаць мэту яе апублікавання і быць гатовым адказваць за наступствы. Між тым, у часе эпідэміі грыпу большасць недзяржаўных СМІ «інфантыльна» тыражавалі чуткі і плёткі, пры гэтым не прапаноўваючы выхаду з сітуацыі, — лічыць Г. Шадрына.

Роля СМІ ў часе выбараў

Некаторыя тэзы выступоўцаў выклікалі дыскусію ці, прынамсі, пытанні. Гэтак, кіраўнік УП «Надзейныя праграмы» Юрый Зісер выказаў меркаванне, што ўсе домыслы ў СМІ ўзніклі «не проста так, а на фоне дэфіцыту інфармацыі, якую дзяржава не данесла да грамадства».

Вядомы беларускі журналіст, былы рэдактар «БДГ» Пётр Марцаў адзначыў пэўную супярэчнасць у прамове Лідзіі Ярмошынай, якая, з аднаго боку кажучы пра манаполію дзяржавы на электронныя СМІ, з іншага апраўдвае негатыўнае асвятленне дзейнасці апазіцыі на БТ правам тэлежурналістаў на «аўтарскую пазіцыю». «Калі „аўтарская пазіцыя“ журналіста дзяржаўнага тэлебачання ёсць, тады яна мусіць эфектыўна забяспечыць роўныя магчымасці для розных кандыдатаў», — лічыць сп. Марцаў.

Працягнуў дыскусію на тэму «аўтарскага погляду» дзяржаўных СМІ і намеснік старшыні БАЖ Андрэй Бастунец. У сваёй прамове ён нагадаў, што і АБСЕ, і Еўрапейскі суд па правах чалавека кажуць пра абавязак дзяржаўных альбо грамадскіх СМІ падаваць грамадству праўдзівую і ўзважаную інфармацыю. Між тым, у прыватных СМІ і Інтэрнет-медыях можна аддаваць перавагу пэўным кандыдатам. «Як бачым, існуюць розныя падыходы да ролі СМІ ў часе выбараў у залежнасці ад таго, з’яўляюцца яны прыватнымі альбо дзяржаўнымі. Гэта тым больш актуальна ў беларускіх рэаліях, дзе электронныя СМІ, як заўважыла Л. Ярмошына, манапалізаваныя дзаржавай», — адзначыў А. Бастунец.

Узнялі журналісты і пытанне прафесійнай недатыкальнасці сваіх калег пры асвятленні вулічных акцый, якое з набліжэннем выбараў непазбежна актуалізуецца. Лідзія Ярмошына спаслалася на заканадаўства, якое абавязвае мясцовыя органы ўлады забяспечыць парадак правядзення такіх мерапрыемстваў, накіраваўшы туды супрацоўнікаў міліцыі. «Асобнага сек’юрыці ў журналістаў не будзе», — падкрэсліла яна. Першая намесніца міністра інфармацыі Лілія Ананіч параіла ўсім журналістам мець пасведчанні ўстаноўленага Мінінфармацыі ўзору. А Наталля Пяткевіч зазначыла, што супрацоўнікі дзяржаўнага тэлебачання не менш заклапочаныя тым, каб ім не пабілі камеры ўдзельнікі вулічных апазіцыйных акцый.

Лілія Ананіч таксама паінфармавала пра вынікі перарэгістрацыі, якая вялася на працягу года пасля ўступлення ў сілу закона «Аб СМІ» і скончылася 8 лютага. Па словах спн. Ананіч, па не залежных ад міністэрства прычынах 250 СМІ не заявілі жадання працягваць працу на інфармацыйным полі. У той жа час, было зарэгістравана каля 150 новых, і сёння агульная колькасць зарэгістраваных у Беларусі СМІ складае 1209, сярод якіх 230 тэле- і радыёвяшчальных і 8 інфармацыйных агенцтваў. Паводле намесніцы міністра, па-ранейшаму каля дзвюх трацін зарэгістраваных СМІ складаюць недзяржаўныя.

Поделиться: