«З Румыніяй і Албаніяй мы ўжо гулялі, а з Францыяй і Босніяй і Герцагавінай давядзецца сустрэцца ўпершыню, — сказаў Штанге. — Я рады за нашых прыхільнікаў, якія ўбачаць гульцоў, што выступаюць за «Арсенал», «Баварыю» і іншыя моцныя клубы».

«Мы павінны быць упэўнены ў сваіх магчымасцях. У нас моцная каманда. Я настроены аптымістычна», — заявіў нямецкі спецыяліст.

Ён таксама паведаміў, што адносна таварыскіх матчаў зборнай «з’явіліся нейкія варыянты». «Пакуль казаць пра іх не буду, таму што трэба дачакацца афіцыйнага пацвярджэння», — растлумачыў Штанге.

На думку старшыні БФФ Генадзя Нявыгласа, беларускай зборнай «дасталіся няпростыя сапернікі». «Францыя, Боснія і Герцагавіна, Румынія — тры каманды, якія знаходзяцца вышэй за нас у рэйтынгу. Але я мяркую, што мы павінны з імі змагацца на роўных. Будзем гуляць і настройвацца на кожны матч. Узровень нашай зборнай значна ўзрос, і мы зможам дамагчыся станоўчага выніку. Боснія і Герцагавіна — вельмі няпростая для нас зборная. З албанцамі мы гулялі не адзін раз. На выездзе з імі, як з любымі балканцамі, гуляць няпроста, але статыстыка на нашым баку. Думаю, і гэтым разам зможам іх перамагчы», — заявіў Нявыглас.

Згодна з вынікамі лёсавання ў адборачнай групе D Беларусь сустрэнецца са зборнымі Францыі, Румыніі, Босніі і Герцагавіны, Албаніі і Люксембурга.

У фінальную частку Еўра-2012, якая пройдзе ў Польшчы і ва Украіне, выходзяць пераможцы дзевяці груп і лепшая сярод другіх каманд. Астатнія восем другіх зборных разыграюць апошнія чатыры пуцёўкі на Еўра-2012 у стыкавых матчах. Польшча і Украіна як гаспадары чэмпіянату вызвалены ад кваліфікацыйнага адбору.