Электронныя грошы

Цяпер праз інтэрнэт можна аплаціць камунальныя паслугі, тэлефон, крэдыт, сігналізацыю… Нават сам інтэрнэт можна аплаціць праз інтэрнэт! Як?

Напрыклад, з дапамогай сістэмы Easypay.

Каб ёй карыстацца, трэба зарэгістравацца на сайце easypay.by, а пасля папаўняць рахунак у паштовых аддзяленнях альбо праз банкаматы. Сфера онлайн‑плацяжоў у Беларусі пакуль развітая слаба, але на Захадзе яна ўжо здабыла папулярнасць. Той, хто мае электронныя грошы, валодае светам.

Віртуальная чарга

Прыйшоў час забывацца на чэргі ў паліклініку. Запісацца да доктара можна на сайце info.minsk.by. Усе мінскія паліклінікі працуюць з паслугай. Праўда, спіс дактароў пакуль невялікі — пяць‑шэсць спецыяльнасцяў, але ўчастковыя тэрапеўты ёсць усе без выключэння.

У ЗАГСы таксама часам трэба запісвацца за паўгода да вяселля. Навошта псаваць перадшлюбны настрой у чарзе? Дастаткова зайсці ў спецыяльны раздзел на сайце Мінгарвыканкама і зарэзерваваць час. Праўда, каб падаць заяву і непасрэдна ажаніцца (выйсці замуж), адарвацца ад манітора прыйдзецца…

Накруткі ад чыгункі

Ва ўсім свеце білеты на транспарт праз інтэрнэт прадаюцца з агромністай зніжкай. Беларускія рэаліі больш жорсткія. Каб замовіць білет на цягнік на сайце rw.by, трэба даплаціць 1300 рублёў за браніраванне кожнага месца. Яшчэ за 15 тысяч вам могуць прывезці білет дамоў.

Купіць білет на самалёт «Белавія» можна з дапамогай электронных грошай альбо забраняваць і пасля прыехаць у офіс кампаніі.

«Мінсктранс» дадатковых грошай не просіць, але і паслугу прапануе абмежаваную. Забраняваць білет можна толькі на шэсць аўтобусных кірункаў — у Польшчу і Чэхію. Каб замовіць месца, прыйдзецца тэлефанаваць на вакзал.

Замена тэлефону і тэлевізару

Але патэлефанаваць — не значыць выйсці з інтэрнэта. Праграма Skype, якой карыстаюцца дзясяткі мільёнаў людзей па ўсім свеце, дазваляе бясплатна тэлефанаваць іншаму карыстальніку. Каб званіць праз скайп на гарадскі ці мабільны нумар, трэба, зноў жа, мець электронныя грошы. І слухаўкі з мікрафонам. Званіць праз інтэрнэт намнога танней. Так, званок на мабільнік у ЗША будзе каштаваць 100 рублёў за хвіліну.

Інтэрнэт заменіць не толькі тэлефон, але і тэлевізар. Дзясяткі сайтаў прапануюць бясплатную трансляцыю любога канала — ад «Аль‑Джазіры» і «Белсата» да «Палявання і рыбалкі». Галоўнае, каб хапала хуткасці інтэрнэта.

У рэстаран праз інтэрнэт

Задаволіўшы інтэлектуальныя патрэбы, рана ці позна ўзгадаеш пра фізічныя. На жаль — ці на шчасце? — мыцца і чысціць зубы праз інтэрнэт немагчыма, а вось замовіць чаго‑небудзь пад’есці ўжо можна.

Онлайн‑піцэрыі і кавярні адчыніліся ўжо і ў абласных цэнтрах. У Мінску іх больш за дзясятак. Меню там — як у звычайных рэстаранах. Ежу прывязуць праз паўгадзіны, максімум праз гадзіну. Калі замовілі на вялікую суму, за дастаўку грошай не возьмуць.

Жыць, не адрываючыся ад манітора, робіцца ўсё прасцей. Але варта, каб не мець праблемаў са здароўем, даваць свайму целу неабходную фізічную нагрузку. І галоўнае — бачыцца з блізкімі людзьмі. Гэтага ніякія камунікатары не заменяць.

Поделиться ссылкой: