Як паведамляе прэс-служба арганізацыі, “Міжнародная амністыя” заклікала беларускія ўлады неадкладна і безумоўна вызваліць Міхайлава.

21-гадовы прыхаджанін абшчыны “Новы запавет” Іван Міхайлаў адмовіўся ад праходжання тэрміновай вайсковай службы, на якую быў прызваны ў снежні 2008 года. Ён інфармаваў прызыўную камісію Мінскага раёна, што служба ў арміі супярэчыць яго рэлігійным перакананням, і запытаў альтэрнатыўную службу ў адпаведнасці з арт. 57 Канстытуцыі Беларусі. У гэтым яму было адмоўлена з-за адсутнасці альтэрнатыўнай грамадзянскай службы. Яму таксама было адмоўлена ў службе ў рэзерве.

15 снежня 2009 года Міхайлаў быў арыштаваны ў Салігорску і з таго часу ўтрымліваецца ў СІЗА ў Жодзіне.

1 лютага Мінскі раённы суд прызнаў яго вінаватым ва ўчыненні крымінальнага злачынства за ўхіленне ад мерапрыемстваў прызыву на вайсковую службу. Сваякі Міхайлава маюць намер апратэставаць гэтае рашэнне.

“Міжнародная амністыя” аб’явіла акцыю салідарнасці з затрыманым, у ходзе якой заклікала накіроўваць лісты прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку, міністру абароны Юрыю Жадобіну і генеральнаму пракурору Рыгору Васілевічу з патрабаваннем вызваліць Міхайлава.
“Міжнародная амністыя” заклікала беларускія ўлады прыняць меры, каб Івана Міхайлава і іншых “свядомых адмоўнікаў” або поўнасцю вызваліць ад праходжання ваеннай службы, або даць ім адтэрміноўку да таго часу, пакуль у краіне не будзе прадугледжана альтэрнатыўная грамадзянская служба. Арганізацыя таксама заклікала ўлады краіны прыняць закон, які гарантуе альтэрнатыўную службу, як гэта прадугледжана Канстытуцыяй Беларусі.

Поделиться: