Але гэтую татэмную жывёлу нават не было думкі, каб будзіць, тым больш у пачатку лютага, – пра гэта распавяла Аксана Катовіч, магістр педагагічных навук, старэйшы выкладчык кафедры этналогіі і фальклора Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і навукі, адна з аўтарак манаграфіі “Залатыя правілы народнай культуры”, спецыяліст у народных традыцыях.

У прамым эфіры TUT.BY яна нагадала пра тое, як нашыя продкі бавілі зіму і сустракалі вясну, каб цэлы год для ўсяго роду быў плённым. Другога лютага амерыканцы будзяць сурка. Паводле некаторых крыніцаў, рымляне будзілі вожыкаў, немцы – барсукоў. Каму давяралі ў справе вызначэння вясновага надвор’я нашыя продкі-беларусы?

Беларуская зіма пратрывае яшчэ доўга

Пакуль што, калі ідзе самы люты месяц зімы, нікога не будзілі і нават не краналі, – ідзе зіма. Дзякуй Богу, у гэтым годзе мы адчулі, што такое сапраўдная зіма, нягледзячы на тое, што ўсе кажуць пра глабальнае пацяпленне.

Шостага лютага адзначаецца дзень, які завецца Аксіння-паўзіміца-паўхлебіца. Так што, калі глядзець на наш традыцыйны славянскі каляндар, можна сказаць, што шостага будзе толькі палова зімы. Таму будзіць каму-небудзь кагосьці нават не дазвалялася.

Калі паглядзець на жывёльны свет Беларусі, на першы план выходзіць мядзведзь: гэта быў той галоўны звер, татэмная жывёла, ад якой пайшлі беларусы, і таму на працягу года было шмат святаў, прымеркаваных да гэтай постаці, да яго зімовай спячкі і першых веснавых дзён.

Дзевятага сакавіка быў такі прысвятак, які зваўся Абяртас, або паўраценне. Лічылася, што менавіта ў гэты дзень мядзведзь пераварочваецца з боку на бок, ён яшчэ спіць і не збіраецца прачынацца. А свята, якое завецца “Камаедзіца”, старадаўняе язычніцкае свята, якое па сённяшні дзень фіксуецца ў беларускім календары, нягледзячы ні на якія хрысціянскія традыцыі, якраз прысвячалася мядзведзю: быццам бы ў гэты дзень мядзведзь прачынаўся ад свайго зімовага сну. А гэта будзе толькі шостага красавіка, так што да вясны яшчэ вельмі далёка, і калі паглядзець на нашае надвор’е, так і ёсць.

Першы раз узгадвалі вясну 15 лютага, на свята, якое завецца Грамніцы. У самой назве – Грамніцы – чуецца слова “гром”, і свята гэтае звязанае з зімой. Другая назва гэтага свята – Стрэчанне, у гэты дзень быццам бы зіма ўпершыню сустракалася з вясной.

У гэты дзень і па сёння ў вёсках вызначаюць, якой будзе вясна. У якія прыкметы, звязаныя з надвор’ем і жывёламі, верылі беларусы?

Калі ўзгадаць Грамніцы, то першая і самая галоўная прыказка, звязаная з надвор’ем, была наступная: калі ў гэты дзень будзе адліга і калі певень вады нап’ецца, то на Юр’я вол травіцы наесцца. Значыць, што ўжо ў маі будзе цёпла і многа травы. А калі певень вады не нап’ецца, наступныя тыдні будуць марозныя. Прыйдзе 15 лютага, і тады паглядзім.

Першыя веснавыя песні напрыканцы лютага маглі ўжо гучаць на Масленіцу. У гэтым годзе надвор’е вельмі зімовае, а Масленіцу мы павінны святкаваць з сёмага па чатырнаццатага лютага. Справа ў тым, што мы сталі закладнікамі хрысціянскай традыцыі, і за сем тыдняў да святкавання Вялікадня павінны адсвяткаваць Масленіцу. Калі б у нас не было такіх прывязак, я думаю, што пры такім надвор’і людзі не выходзілі б на вуліцу і не святкавалі б Масленіцу. Масленіца калісьці святкавалася з першымі сонечнымі промнямі, з добрым цёплым надвор’ем, каб хацелася выйсці на вуліцу.

Якія масленічныя традыцыі захоўваюцца сёння ў розных рэгіёнах Беларусі?

Заходняя, каталіцкая, частка Беларусі пра Масленіцу ніколі не ведала. Гэтае свята адзначала ўсходняя частка Беларусі, тая, якая была на мяжы з Расіяй. Таму што Масленіца – была рускім святам. Па рускай традыцыі Масленіца доўжылася цэлы тыдзень, а па беларускай традыцыі Масленіца пачыналася ў чацвер і заканчвалася ў Даравальную нядзелю.

Людзі чакалі вясну, хацелі яе наблізіць. У суботу пачыналі ладзіць вогнішчы, на якія знасілі ўсё старое, палілі саламянае пудзіла, і гэта былі першыя крокі да вясны. Хацелася гэтым вогнішчам растапіць зямлю, убачыць яе і абудзіць. Калі параўнаць гэта з амерыканскім сурком, да якога лезлі ў нару і будзілі, то масленічнае вогнішча і было той першай кропкай, калі будзілі маці-зямліцу.

З чым была звязаная зіма? Як яе пражывалі нашыя продкі, якія традыцыі былі звязаныя з зімой?

Калі паглядзець на каляндар, з 21 студзеня па Масленіцу быў самы адказны перыяд для бацькоў і моладзі: у гэты час праводзіліся мясаедныя вяселлі – самы спрыяльны час для таго, каб стварыць сваю сям’ю. Мяса, якое прызапашвалі з восені, добра ішло на стол. Пасля Масленіцы пачынаўся пост, калі ўжо забаранялася ўжываць такую ежу. Таму час мясаедных вяселляў быў і смачным, і весёлым. Гэта быў самы спрыяльны час для таго, каб стварыць сваю будучыню, выдаць замуж дачку, ажаніць сына, каб яны праз дзевяць месяцаў падарылі прадаўжальніка рода.

Больш распаўсюджаныя звесткі пра тое, што вяселлі спраўляліся ўвосень. Чым адрозніваліся зімовыя вяселлі ад восеньскіх?

Напрацягу года ёсць два самых спрыяльных перыяды для святкавання вяселляў. Прыблізна пасля таго, як сабралі ўраджай, калі прайшлі Пакровы 14 кастрычніка, і час ад Пакроваў да Піліпаўкі называўся Вялікай вясельніцай, таму што менавіта ў гэты час ладзілася самая вялікая колькасць вяселляў. Але з улікам таго, што беларусы былі людзі спакойныя, талерантныя, ураўнаважаныя, калі яны маглі спрагназаваць будучыню сваіх дзяцей, лічылася, што і мясаедныя вяселлі – той самы час, калі ўсё праходзіла спакойна, чынна.

У момант пераходу вясны ў лета ёсць яшчэ невялічкі перыяд, які зваўся “Траецкія вяселлі”, – два ці тры тыдні паміж Троіцай і наступным Пятроўскім пастом. Пра гэтыя вяселлі на Беларусі казалі так: “Як беднаму жаніцца, дык і ночы кароткія”. Не ад таго ён бедны быў беларус, што грошай ня меў, а ад таго, што сапраўды летнія ночы па працягласці карацейшыя за восеньскія ці зімовыя. Але гэта былі вымушаныя вяселлі, падчас якіх не засылалі сватоў, сур’ёзна не рыхтаваліся да падзеі.

Акрамя таго, што падбіралі спрыяльны час у календары, трэба было ўлічыць яшчэ шмат аспектаў. Адзін з самых галоўных – стан месяца, і абавязкова трэба было знайсці той час, калі пятніца, субота, нядзеля, самыя адказныя вясельныя дні, прыпадалі на той час, калі маладзік павінен расці.

Як рыхтаваліся да зімовых, мясаедных, вяселляў? Якія нюансы трэба было ўлічваць у гэты час?

Сама назва “мясаедныя вяселлі” гаворыць, што стол быў шчодрым, багатым і смачным. Усе астатнія ўмовы падрыхтоўкі да вяселляў былі такімі ж, як і заўжды: выбар сватоў, выбар дружкі і сябра жаніха. Мне вельмі падабаюцца назвы дружкі і сябра жаніха: напрыклад, на Гомельшчыне іх называлі “маршалак” і “маршалка”, на Палессі – “дружкі”, на Цэнтральнай Міншчыне – “шафер” і “шаферка”, у вёсцы пад Брэстам мы зафіксавалі такую назву – “дружбант” і “дружбантка”. А зараз такія каларытныя назвы ператварыліся ў вельмі незразумелых – “почетных свидетелей”.

Незалежна ад пары года, другі, трэці, чацверты дзень вяселля, у залежнасці ад мясцовых традыцый, быў звязаны з цыганамі. Вяселле заканчвалася тым, што гурт людзей сталага ўзросту павінен быў пераапранацца і весяліць усю вёску, абвяшчаць усім, што стварылася новая сям’я, што будуць нараджацца новыя дзеткі, што род працягнецца. Вяселле выходзіла за рамкі дзвюх сямей, і яго святкавала ўся абшчына.

На Масленіцу ўсё было па-іншаму: спачатку збіралася ўся абшчына, каб пабачыць адзін аднаго пасля зімы, парадавацца, што вось-вось прыйдзе доўгачаканая вясна. Потым, калі скончацца гулянні, будзе Даравальная нядзеля, сям’я сядзе за стол і адзін у аднаго папросіць прабачэння за тое, што магло быць у гэтым годзе. Тых, хто ажаніўся ў зімовы мясаед, частавалі больш за ўсіх, больш за ўсіх выказвалі ім падзякі за тое, шт
о хлопец і дзяўчына будуць працягваць род. Маладыя павінны былі прылюдна цалавацца, і гэта было часткай Масленіцы: трэба было паказаць, як яны кахаюць адзін аднаго. Тым хлопцам, якія не ажаніліся, але заляцаюцца да дзяўчат, прывязвалі калодкі на ногі: не хочаш жаніцца, будзеш пакараны ў Масленіцу.

На сённяшні дзень у нас склалася так, што вяселле – гэта свята для моладзі. А гэта зусім не так: вяселле – гэта вельмі адказная падзея ў жыцці бацькоў маладых. Яны адказвалі за прыданае, за тое, якія дзеці будуць працягваць іх род. І калі дзяўчына не жадала працягваць род, якімі маглі быць да яе адносіны з боку абшчыны?

У адной вёсцы на Каляды да пераборлівай дзеўкі хлопцы ўнеслі ў хату вялікае бервяно, клалі да печы і сыходзілі. Састарэлыя бацькі не маглі выцягнуць гэтае бервяно, і сядзелі ўсе Каляды, паджаўшы ногі, на печы, таму, што было холадна. І гэта зноў было пакараннем.

Які сэнс укладалі нашыя продкі ў зіму? Як з ёю развітваліся?

Зіму сустракалі, хацелі, каб яна прыйшла. Першае свята сустрэчы зімы – Пакровы, калі снег павінен быў пакрыць зямлю. Але, усё ж такі, яна надакучвала, “увесь хлебушак пераядала”, і таму хацелі яе неяк справадзіць. І тое саламянае пудзіла, якое палілі на Масленіцу, было постаццю зімы, якую трэба было спаліць, каб сустракаць прыгажуню-вясну.

У Беларусі ў адных вёсках святкавалі Масленіцу, у другіх не. Напрыклад, у вёсцы Тоніш Лельчыцкага раёна палілі саламянае пудзіла не на Масленіцу, а першага сакавіка. Абрад, які там выконваецца і па сённяшні дзень, завецца “Гуканне вясны”. Праводзіцца на прыгожым месцы, бліжэй да сонейка, на пагорку, дзе расце магутны дуб. Туды збіраецца ўся вёска для таго, каб справадзіць зіму і сустрэць вясну.

Як жа сустракалі вясну?

Перш за ўсё карагодамі, песнямі, вогнішчамі і традыцыйнай ежай – тым самым бліном, такім жа цёплым і смачным, як сонейка. Некаторыя фалькларысты лічаць, што блін – гэта тая самая ежа, якая была часцей за ўсё на памінальным стале. Таму перш чым пачынаць гукаць вясну, трэба было памянуць сваіх продкаў, і праз тое самы першы блін клалі ў чырвоны кут для тых, хто ў выраі. Любое свята пачыналася з таго, што быццам бы пыталіся, пагаджаліся, заручаліся нейкай падтрымкай продкаў.

Карагоды вадзіліся да той пары, калі не стане бачная родная зямелька. Людзі як бы казалі ёй, што час прачынацца, час абуждацца. Можа, пасля гэтага і будзе снег, але важна было ў той момант пратупаць снег і ўбачыць зямлю. Тады гэта было сапраўднае гуканне вясны. Накрываліся посцілкі, ставілася традыцыйная вясенняя ежа – жоўтыя крупы, яешні, бліны, тварог. Як закусвалі традыцыйнай ежы на зямлі, лічылі, што вясна прыйдзе.

Куды лепш паехаць у Беларусі, каб ва ўсёй прыгажосці зразумець і адчуць свята Масленіцы?

Трэба ехаць на ўсход Беларусі. На сённяшні дзень Масленіцу святкуюць у кожным раённым цэнтры, і таму, можа, і не трэба ехаць далёка, а ствараць гэтае свята вясны каля сябе.

Якія традыцыі не ўласцівыя сённяшнім беларускім Масленіцам у масавых святах? Што варта было б дадаць ці змяніць?

На Масленіцы абавязкова былі горкі, народныя гулянні, бліны, было віншаванне маладых, што пабраліся нядаўна, пакаранне хлопцаў, якія не ажаніліся, і самым сакральным у Масленіцы была тая гадзіна, калі ўся сям’я збіралася ў Даравальную нядзелю за сталом, і бацька ў паўголаса пачынаў прасіць прабачэння ў жонкі і дзяцей, жонка – у мужа і дзетак, кожнае дзіця таксама прасіла прабачэння за тое кепскае, што магло быць у гэтым годзе. У кожнай хаце запальвалі свечку, і неабходна было ў гэты агонь паслаць усё тое дрэннае, што было на працягу года. Вясну трэба было сустракаць ачысціўшыся.

На якія прыкметы ў надвор’і варта было звяртаць увагу да канца лютага, каб вызначыць, якой будзе вясна?

Першае, на што звярталі ўвагу, – гэта свята Грамніцы. У гэты дзень кожны гаспадар павінен быў прыйсці ў храм і асвяціць сваю свечку, якая звалася грамнічнай. Гэтая свечка станавілася галоўным абярогам у тыя часы, калі пачыналіся грымоты. Таму ў лютым гаспадар загадзя клапаціўся пра тое, каб у яго хаце была грамніца. Калі пачыналіся грымоты, навальніцы, дажджы, кожная гаспадыня з палічкі ў чырвоным куце даставала грамнічную свечку, запальвала яе і тым самым нібы казала: “Паважаны Пярун-грамаўнік! У маёй хаце ўжо гарыць частачка твойго агню, таму абыйдзі маю хату. Ты шукай і лясні туды, дзе няма гэтай свечкі”.

Грамнічнай свеч
цы прыпісваюць вялікія магічныя здольнасці. Калі чалавек цяжка паміраў, каб палегчыць яго пакуты, запальвалі грамнічную свечку. Калі хлопец ішоў у войска, абавязкова яго абносілі грамнічнай свечкай, калі дачка і яе абраннік ішлі да шлюбу, зноў запальвалі гэтую свечку. Цікавыя і абрады, якія былі на Грамніцы: калі гаспадар прыходзіў са свечкай з храма, ён павінен быў абыйсці ўсе куты хаты, каб свечкай выпаліць і быццам бы намаляваць крыж. Потым ён пасмачку валасоў прыпальваў сабе, жонцы, дзеткам, кароўцы, авечкам – гэты магічны абрад засцерагаў усіх хатніх ад таго, каб у іх трапіла маланка.

Поделиться ссылкой: