Што Беларусі чакаць ад новага кіраўніка МЗС Літвы?

2

ЯКАЯ БЕЛАРУСІ СПРАВА ДО НОВАГА КІРАЎНІКА МЗС ЛІТВЫ?

Справа ў тым, што першы афіцыйны візіт у краіну ЕС за апошнія 15 гадоў Аляксандр Лукашэнка зрабіў менавіта ў Літву.

У тым, што Літва — наш стратэгічны партнёр па многіх эканамічных напрамках (напомнім толькі велізарны беларускі грузапаток праз Клайпедскі порт).

У тым, што дэ-факта Еўрасаюз “прызначыў” нашу суседку адказнай за наладжванне паўнавартаснага дыялога ЕС з нашай краінай.

Таму нам абсалютна не ўсё роўна, як можа змяніцца знешняя палітыка Літвы ў адносінах да Беларусі.

Сярод іншых “грахоў” ужо былога міністра замежных спраў Літвы Ушацкаса называецца і тое, што ён выступаў супраць запрашэння Аляксандра Лукашэнкі на 20-годдзе аднаўлення незалежнасці Літвы, у той час калі Грыбаўскайце афіцыйна высказвалася пра магчымасць запрасіць беларускага лідара на гэтыя ўрачыстасці.

А як новы міністр ставіцца да цяперашняга беларускага кіраўніцтва і яго апанентаў і ўвогуле да двухбаковых стасункаў з нашай краінай?

АДНОСІНЫ ДА ВЫКАНАЎЧАЙ УЛАДЫ РБ

Напярэдадні восеньскага візіту А.Лукашэнкі ў Вільнюс Ажубаліс меркаваў, што “гэты візіт у кантэксце афіцыйнай адлігі паміж ЕС і Беларуссю выглядае нармальнай з’явай” і “добра, што найперш ён (А.Лукашэнка. – В.А.) прыязджае ў Літву”.

Пасля візіту рэзка крытыкуе гэты форум. А ўвогуле нашым карэспандэнтам Ажубаліс прызнаваўся, што стараецца “выбудоўваць найбольш плённыя і перспектыўныя адносіны ў першую чаргу з урадам”. У Ажубаліса “наладжаны пэўныя кантакты і з Адміністрацыяй прэзідэнта”.

АДНОСІНЫ ДА ПРАДСТАЎНІЧАЙ УЛАДЫ РБ

Нам Ажубаліс заяўляў, што “ў зносінах з беларускім парламентам не бачыць вялікага сэнсу”. Калі ў наступных выбарах нашага парламента не будуць удзельнічаць кандыдаты ад апазіцыі, то ў такім парламенце, на думку, хутчэй за ўсё, новага міністра замежных спраў Літвы, наогул няма сэнсу.

АДНОСІНЫ ДА АПАЗІЦЫІ

Найбольш яркі прадстаўнік літоўскіх “правых” распавядаў ТіЦ, што па-ранейшаму актыўна стасуецца з прадстаўнікамі грамадзянскага грамадства Беларусі і з такімі палітыкамі, як Анатоль Лябедзька, Сяргей Калякін, Аляксандр Казулін і інш. На погляд Ажубаліса, “яны прадстаўляюць інтарэсы даволі значнай часткі беларускага грамадства, і мы проста абавязаны падтрымліваць з імі кантакт”.

АДНОСІНЫ ДА ЭКАНАМІЧНЫХ СТАСУНКАЎ

Яны, на думку Ажубаліса, не павінны развівацца ва ўрон абароне базавых правоў чалавека ў Беларусі.

АДНОСІНЫ ДА ТРАНСГРАНІЧНАГА СУПРАЦОЎНІЦТВА

Ажубаліс супраць пагаднення аб прыгранічнай зоне дзвюх краін, якое дазволіць жыхарам пэўных раёнаў Беларусі і Літвы ездзіць адно да аднаго ў госці па льготным візавым рэжыме і з таннымі візамі. Гэта, маўляў, дыскрымінацыя ў адносінах да астатніх жыхароў Літвы і Беларусі.

Ці ў стане пазіцыя А.Ажубаліса па гэтых пытаннях змяніць двухбаковыя адносіны нашых краін?

Палітолаг Віктар Чарноў абсалютна перакананы, што не. Вось што ён сказаў карэспандэнту нашага выдання: “Уся знешняя літоўская палітыка палягае ў сферы інтарэсаў Бруселя. А той на дадзены момант хоча развіцця стасункаў з Беларуссю. І кропка!”

Наша крыніца ў літоўскім істэблішменце верхняга эшалона не падзяляе гэтую пазіцыю: “Ажубаліс кансерватар з вельмі жорсткімі перакананнямі. У адносінах і да Расіі, і да Беларусі ён вельмі ўважліва ставіцца да пытанняў абароны правоў чалавека, захавання візавага рэжыму дый інш. Акрамя таго, калі былы міністр замежных спраў больш глядзеў у бок Еўрасаюза, то Ажубаліс больш азіраецца на ЗША, якія добра вядомы сваім стаўленнем да дэмакратычных каштоўнасцей.

Канечне, не варта чакаць рэзкіх змен у знешнепалітычным курсе Літвы ў адносінах да Беларусі, але пэўныя сюрпрызы тут могуць узнікнуць адназначна”.

На гэта, акрамя добра вядомага выразу “пажывём — пабачым”, заўважыць няма чаго.


Няма запісаў для адлюстравання